Logo Polskiego Radia
Print

Ня ўсе жадаючыя змогуць выступіць на Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.05.2017 15:37
  • Кангрэс-А.Казакевіч.mp3
Да арганізатараў паступіла на столькі шмат заявак, што прыйдзецца правесьці адбор.
icbs.palityka.org

Больш за 600 заявак ад выступоўцаў атрымалі арганізатары Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі, які сёлета адбудзецца ў сталіцы Польшчы. Па словах аднаго з арганізатараў мерапрыемства, зацікаўленьне кангрэсам такое вялікае, што ня будзе магчымасьці прадставіць голас усім жадаючым.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў закончылася 10 траўня. Ці можна ўжо падвесьці вынікі гэтага працэсу і сказаць, хто будзе ўдзельнічаць у мерапрыемстве? Гаворыць адзін з арганізатараў кангрэсу, дырэктар Інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

А. Казакевіч: Да 10 траўня была рэгістрацыя толькі выступоўцаў, якія прыедуць з дакладамі. А зараз абвешчаная і будзе працягвацца да 1 ліпеня рэгістрацыя проста гасьцей. Так што поўнай карціны яшчэ няма. Мы атрымалі каля 650 заявак ад выступоўцаў, гэта больш, чым у мінулым годзе. Цікавасьць да кангрэсу павышаецца. Але такую колькасьць людзей мы ня зможам прыняць, будзе адбор. Думаю, каля 400 чалавек зможа зрабіць даклад на кангрэсе.

Нагадаем, кангрэс сёлета адбываецца ў Польшчы, у Варшаве. Скажыце, чаму мерапрыемства было перанесенае ў Варшаву, і ці яно будзе неяк адрозьнівацца ад таго летувіскага?

А. Казакевіч: Кангрэс быў перанесены, каб пашырыць кола ўдзельнікаў, каб прыцягнуць новых партнэраў. Агулам ёсьць ідэя праводзіць кангрэс у розных краінах, гэта лепш, чым заставацца на адным месцы. Цікавасьць да беларускай праблематыкі вельмі высокая, тут вялікая акадэмічная супольнасьць, зьвязаная з дасьледаваньнем Беларусі. Шмат гэтых дасьледчыкаў прыяжджала ў Коўна. Мы вырашылі пашырыць магчымасьць удзелу дасьледчыкаў з Польшчы, з Заходняй Эўропы ў кангрэсе.

Беларуская праблематыка шырока прадстаўляецца ў Варшаве, ці тут зацікаўленьне Беларусяй большае, чым у Летуве?

А. Казакевіч: Значна большае. Польшча – у 10 разоў большая краіна, польская дзяржава мае свае інтарэсы ў Беларусі, выступаючы і як самастойны суб’ект, і як пасярэднік паміж Беларусяй і ЭЗ. Таму супольнасьць людзей, якія цікавяцца беларускай праблематыкай, вялікая. Ня толькі ва ўнівэрсытэтах, але і ў мэдыях, у розных аналітычных цэнтрах.

Ці вы ўжо пазнаёміліся з заяўкамі, якія былі прысланыя на кангрэс? Ці можна ўжо сказаць, якая тэматыка дамінуе ў гэтых заяўках, што цікавіць выступоўцаў?

А. Казакевіч: Тэматыка вельмі розная. Традыцыйна мы ня робім кангрэс пад адну тэму, таму што вельмі складана знайсьці агульную тэму для гісторыкаў, філёлягаў, палітолягаў, сацыёлягаў. У кожнай сэкцыі свая дынаміка. Я магу сказаць за паліталягічную сэкцыю. Асноўнае – зьнешняя палітыка і пытаньні бясьпекі. Зьнешняя палітыка Беларусі ў дачыненьні да суседніх краін, ЗША, Расеі.

Апошнім разам, калі мы размаўлялі, вы казалі, што ідуць перамовы зь беларускімі ўладамі, што, магчыма, калісьці ўдасца зладзіць кангрэс у Беларусі. Ці нешта атрымалася з гэтых перамоваў?

А. Казакевіч: Ідэя, так бы мовіць, вітала, пры канцы мінулага году, пачатку гэтага. Але падзеі 25 сакавіка значна зьмянілі сытуацыю. На дадзены момант гэтая тэма не абмяркоўваецца.

Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі пройдзе ў Варшаве 15-17 верасьня. Рэгістрацыя выступоўцаў ужо закончылася, але можна яшчэ прадставіць жаданьне быць госьцем кангрэсу. Дзеля гэтага неабходна запоўніць анлайн форму тут

Размаўляла Н. Грышкевіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт