Logo Polskiego Radia
Print

«Беларусы, як і грузіны, гатовыя да таго, каб інтэгравацца з ЭЗ»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.06.2017 14:06
  • «Беларусы, як і грузіны, гатовыя да таго, каб інтэгравацца з ЭЗ».mp3
Пра польска-грузінскія дачыненьні і эўрапейскія пэрспэктывы Беларусі расказвае амбасадар Польшчы ў Грузіі Марыюш Машкевіч.
Амбасадар Марыюш Машкевіч. Фота: Tomasz BladyniecАмбасадар Марыюш Машкевіч. Фота: Tomasz Bladyniecwikimedia commons/Bladyniec (Own work) /CC BY-SA 3.0

Прэзыдэнт Анджэй Дуда ў сераду завяршыў свой візыт у Грузію. Вынікі візыту мы папрасілі пракамэнтаваць амбасадара Польшчы ў Грузіі Марыюша Машкевіча. Спадар амбасадар добра вядомы ў Беларусі. У сярэдзіне 90-х ён быў генэральным консулам Польшчы ў Беларусі, а з 1998 па 2002 год ён узначальваў дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Менску. На беларускай мове амбасадар Машкевіч расказвае пра пляны супрацоўніцтва Польшчы й Грузіі, пэрспэктывы далучэньня Грузіі да Эўразьвязу і NATO, а таксама пра тое, як на фоне Грузіі выглядае Беларусь. З дыпляматам размаўляў Аляксандар Папко.

Галоўнай мэтай візыту прэзыдэнта Польшчы ў Грузію было абмеркаваць, якія крокі можна зрабіць, каб паскорыць інтэграцыю Грузіі з NATO і Эўрапейскім зьвязам. Грузія – гэта краіна, якая даўно і плённа супрацоўнічае з Паўночнаатлянтычным альянсам, і таму заслугоўвае стаць паўнапраўным удзельнікам NATO – падкрэсьліў амбасадар Марыюш Машкевіч.

Марыюш Машкевіч: NATO супрацоўнічае з Грузіяй ня толькі ў рамках праграмы «Партнэрства дзеля міру», але таксама і ў міратворчых місіях. Некалькі тысячаў грузінскіх жаўнераў служаць у Афганістане ды іншы месцах, дзе NATO запэўнівае мір. Грузія – вельмі паважаны і сур’ёзны партнэр Альянсу. Таму, з польскага пункту гледжаньня, Грузія зьяўляецца найлепшым кандыдатам на ўступленьне ў NATO.

Далучэньне Грузіі да NATO вітаюць ня ўсе заходнія краіны, аднак у гэтым пытаньні Польшча мае ўплывовых саюзьнікаў. Па словах амбасадара Марыюша Машкевіча, уступленьне Грузіі ў Паўночнаатлянтычны альянс падтрымлівае адміністрацыя Злучаных Штатаў.

Грузія зьяўляецца самым актыўным удзельнікам Ўсходняга партнэрства. Яна падпісала Дамову аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам, і ўкараняе ў сваім заканадаўстве шматлікія эўрапейскія нормы. З 28 сакавіка грузіны маюць магчымасьць езьдзіць у Эўрапейскі зьвяз бязь візаў. Адмена візаў была вельмі пазытыўна сустрэтая грузінскім грамадзтвам. Грузія гатовая ісьці далей – кажа амбасадар. У Тбілісі Анджэй Дуда абмяркоўваў, якім чынам можна дапамагчы інтэграцыі Грузіі ў Эўразьвяз і мадэрнізацыі грузінскай інфраструктуры – паведаміў Марыюш Машкевіч.

Марыюш Машкевіч: Грузія гатовая перайсьці на новы ўзровень кантактаў з Эўразьвязам. Цяпер мы размаўляем пра тое, як дапамагчы Грузіі атрымаць ад Эўракамісіі больш канкрэтную, магчыма нават фінансавую дапамогу для рэалізацыі праектаў па разьвіцьці яе інфраструктуры.

Грузія не спыняе працэсу эканамічных рэформаў, хоць яны ў апошнія часы праходзяць больш павольна – зазначыў Марыюш Машкевіч. Пры гэтым як грузінскі народ, так і ўлады Грузіі зьяўляюцца гарачымі прыхільнікамі эўрапейскай інтэграцыі – заяўляе амбасадар.

«Грузіі патрэбная моцная фінансавая дапамога з боку Эўрапейскага зьвязу, і польскі прэзыдэнт заявіў, што будзе выступаць за тое, каб Эўразьвяз такую дапамогу аказваў», – падкрэсьліў Марыюш Машкевіч.

Падчас візыту таксама абмяркоўваліся пытаньні польска-грузінскага эканамічнага супрацоўніцтва. Варшава зацікаўлена ў тым, каб адчыніць Грузію для польскага малога й сярэдняга бізнэсу.

Марыюш Машкевіч: Больш за ўсё польскі прэзыдэнт размаўляў пра магчымасьці актывізацыі польскага бізнэсу ў Грузіі, польскіх інвэстыцыяў у гэтай краіне. За аднаго боку, Грузія ўвяла ў эканамічнай сфэры эўрапейскія стандарты. Зь іншага – яна мае доступ да рынку Каўказа, Ірану, Турцыі. Польскіх прадпрымальнікаў гэта вельмі цікавіць. Гаворка ідзе перш за ўсё не пра буйны, а пра сярэдні й малы бізнэс, які можа працаваць з грузінскімі партнэрамі. Такую пэрспэктыву супрацоўніцтва прадставіў польскі прэзыдэнт.

Грузія больш за ўсё зацікаўленая ў тым, каб прыцягнуць польскіх турыстаў на свае пляжы й горныя курорты.

Акрамя палітычнай і эканамічнай, праграма візыту мела й культурную частку. Прэзыдэнт Польшчы адчыніў у Тбілісі праспэкт імя Юзэфа Пілсудскага, а таксама наведаў паседжаньне сумеснай польска-грузінскай гістарычнай камісіі. Праз год Грузія й Польшча будуць адзначаць стогадовы юбілей усталяваньня дыпляматычных адносінаў. Адна з тэмаў, якой зоймуцца гісторыкі – гэта супрацоўніцтва паміж Польшчай і Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікай, якая існавала ў 1918-1921 гадах і была зьнішчаная бальшавікамі.

Марыюш Машкевіч: Мы адкрылі пасяджэньне супольнай камісіі гісторыкаў з Грузіі й Польшчы. Прэзыдэнт сустрэўся з польскімі археолягамі, якія працуюць непадалёк ад Батумі. Там адкрываюцца сьляды прысутнасьці рымскай цывілізацыі. Гэта вельмі цікава польскай навуцы.

Марыюш Машкевіч неаднаразова заяўляў, што Беларусь, у выпадку дэмакратычных пераменаў і пры наяўнасьці палітычнай волі, магла бы пасьпяхова далучыцца да Эўрапейскага зьвязу. Грузія і Ўкраіна ўжо ўключыліся ў працэс інтэграцыі. Яны скасоўваюць візы й мытныя бар’еры, уводзяць эўрапейскія нормы ў сваё заканадаўства. Эўрапейскія пэрспэктывы не зачыненыя і для Беларусі – перакананы амбасадар.

Марыюш Машкевіч: На гэтую тэму я напісаў не адзін артыкул і не адзін раз размаўляў зь беларускімі палітолягамі. Мне падаецца вельмі ясным, што Беларусь хоць зараз магла бы пачаць актыўна інтэгравацца з эўрапейскімі структурамі. Гэта магчыма, таму, што людзі да гэтага падрыхтаваныя, яны адчуваюць сябе эўрапейцамі. Праблема толькі на самым высокім палітычным узроўні. Рымскі папа Ян Павел ІІ казаў, што Эўропа павінна дыхаць двума лёгкімі – і ўсходнім, бізантыйска-праваслаўным, і заходнім – каталіцка-пратэстанцкім. Толькі аб’яднаная Эўропа будзе завершанай і свабоднай.

На разьвітаньне амбасадар Марыюш Машкевіч запрасіў беларускіх слухачоў на Польскага радыё прыяжджаць на адпачынак у Грузію й выразіў шкадаваньне, што службовыя абавязкі не даюць яму магчымасьці часьцей наведваць Беларусь. Цяпер амбасадар Машкевіч інтэнсіўна вучыць грузінскую мову – у дадатак да ангельскай, летувіскай, нямецкай, расейскай і беларускай, якімі ён добра валодае.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт