Logo Polskiego Radia
Print

Тэрактаў у Лёндане можна было спадзявацца - экспэрт

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 05.06.2017 19:30
  • London.mp3
«Напагатове павінна быць ня толькі Вялікабрытанія, але й іншыя эўрапейскія дзяржавы».
PAP/EPA/WILL OLIVER

Чарговы тэракт у Вялікабрытаніі. Позна ўвечары ў суботу, калі жыхары Лёндану адпачывалі пасьля працоўнага тыдня, тэрарысты нанесьлі ўдар па мірных жыхарах. Загінулі 7 чалавек, каля 50-і атрымалі раненьні. Ці магчыма выйграць вайну з тэрарызмам? І ці можна прадбачыць, калі й дзе злачынцы нанясуць чарговы ўдар?

Нагадаем, у суботу ўвечары мікрааўтобус на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў натоўп пешаходаў на Лёнданскім мосьце. Неўзабаве пасьля наезду на людзей трое тэрарыстаў з нажамі выскачылі зь іншага фургона й пачалі наносіць нажавыя ўдары па наведвальніках.
Усіх траіх застрэліла паліцыя. Адзін з налётчыкаў, паводле кампаніі BBC, якая спасылаецца на сьведкаў, крычаў «гэта за Алаха».

Некалькі дзён таму прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй панізіла ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі ў краіне з крытычнага, уведзенага пасьля тэракту ў Манчэстэры, да сурʼёзнага. Нагадаем, у Манчэстэры некалькі тыдняў таму падчас канцэрту ісламіст-сьмяротнік прывёў у дзеяньне бомбу, якая забіла 23 чалавек.

У сваю чаргу ў канцы сакавіка тэрарыст на грузавіку пратараніў натоўп на лёнданскім Вэстмінстэрскім мосьце. У выніку тэракту загінулі 5 чалавек.

Словы спачуваньня Тэрэзе Мэй і брытанскаму народу выказалі прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда й прэмʼер-міністар Бэата Шыдла.

Прэмʼеру Вялікабрытаніі таксама патэлефанаваў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які асудзіў тэракт і запэўніў Лёндан у падтрымцы Злучаных Штатаў у барацьбе з тэрарызмам.

Адказ за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя „Ісламская дзяржава”. Пра гэта паведаміла ў інтэрнэце агенцтва «Амак», якое падтрымлівае фанатыкаў з «Ісламскай дзяржавы». У мінулым такія паведамленьні згаданага агенцтва не заўсёды аказваліся сапраўднымі. Аднак на гэты раз інфармацыю пацьвердзіла таксама амэрыканская арганізацыя SITE, якая адсочвае дзейнасьць экстрэмісцкіх арганізацыяў.

Тэрактаў можна было спадзявацца, лічыць экспэрт па пытаньнях бясьпекі доктар Войцех Шэўка.

В.Шэўка: Нагадаю, што па розных каналах «Ісламскай дзяржавы» праходзіла інфармацыя з заклікамі да тэрактаў пры дапамозе грузавікоў, нажоў і іншымі мэтадамі ў пэрыяд Рамадану.

У сваю чаргу іншы экспэрт па пытаньнях бясьпекі доктар Мацей Мільчаноўскі зазначае, што напагатове павінна быць ня толькі Вялікабрытанія, але й іншыя эўрапейскія дзяржавы.

М.Мільчасноўскі: Мы назіраем за хваляй тэрактаў: у Нямеччыне тэракты былі адзін за другім, пазьней – Францыя, цяпер – Вялікабрытанія, і таксама тэракты адзін за другім. Такім чынам, нельга выключыць, што бомбы зноў будуць выбухаць.

Больш за тое, брытанская паліцыя паведамляла, што нельга выключыць тэрактаў, кажа спэцыяліст па пытаньнях бясьпекі Кшыштаф Лідэль.

Кшыштаф Лідэль: Брытанцы чакалі такога разьвіцьця падзей. А чаму Вялікабрытанія? Сёньня тэрарыстычныя арганізацыі, згуртаваныя вакол «Ісламскай дзяржавы» альбо «Аль-Каіды», накіравалі свае злачынныя дзеяньні ў такія краіны, як Вялікабрытанія, Францыя й Нямеччына, выкарыстоўваючы пры гэтым элемэнты радыкалізацыі, сацыятэхнікі, маніпуляцыі.

Лёнданская паліцыя паведаміла, што высьветліла асобы трох тэрарыстаў. Пакуль аднак не вядома, ці яны былі ў прамым кантакце з фанатыкамі на Блізкім Усходзе ці былі завэрбаваныя праз інтэрнэт, як гэта часта здаралася ў выпадку папярэдніх тэрактаў у Эўропе.

вс

слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт