Logo Polskiego Radia
Print

"Польская зона" - новы трэнд у турызьме

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 01.07.2017 14:08
Гэта выкупленыя гатэлі, куды прыяжджаюць адпачываць толькі палякі, з польскімі працаўнікамі і мэню.
photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0.

Polityka: Выданьне апісвае новы трэнд у польскім турызьме. Польскае турбюро Rainbow сёлета пачало прапаноўваць палякам адпачынкі ў цёплых краінах у гэтак званых «польскіх зонах». Гэта выкупленыя гатэлі, куды прыяжджаюць адпачываць толькі палякі. Працаўнікі гатэляў і рэстаранаў – гэта таксама палякі. Мэню ў рэстаранах і забаўляльныя праграмы таксама польскія.

Турбюро запэўнівае, што ідэя «польскіх зон» нарадзілася з жыцьця. Калі бюро Rainbow дасьледавала, чаму толькі 6% палякаў на вакацыі едзе за мяжу, то аказалася, што справа не ў цэнах, а ў боязі. Першая прычына – гэта моўны бар’ер. Па-другое, большасьць палякаў любіць праводзіць час са знаёмымі. Чарговая прычына – палякі баяцца, што яны ня справяцца. «Польскія зоны» маюць дапамагчы перабароць гэтыя боязі. Многія працаўнікі бюро, якія працуюць на месцах адпачынку, падтрымліваюць ідэю. Яны кажуць, што палякі даўно дамагаюцца польскіх напісаў, афіцыянтаў, бармэнаў і г.д. «Ня кожны едзе, каб знаёміцца з іншымі культурамі. Некаторыя едуць, каб паесьць, паляжаць каля басэйну і адчуваць сябе як дома. Для іх, чым больш польскасьці, тым лепш», – гаворыць адзін з працаўнікоў турбюро.

Сацыёляг, прафэсар Кшыштаф Падэмскі з прыкрасьцю тлумачыць, што польскія зоны для многіх зьяўляюцца ідэальным выхадам. «Многія турысты, ня толькі з Польшчы, любяць сваё. Яны не выходзяць за тэрыторыю гатэля. Людзей, якія прыехалі пазнаёміцца з іншай культурай, значна менш», – адзначае сацыёляг.

Супраць такіх зон выступаюць менавіта сацыёлягі і псыхолягі. Прычыны папулярнасьці такога віду адпачынку яны бачаць у недаверы палякаў да іншаземцаў. Экспэрты баяцца, што «польскія зоны» яшчэ больш паглыбяць такое стаўленьне.

Сацыяёляг Дамініка Бляхніцка-Цацэк зьвяртае ўвагу, што польскія зоны ўпісваюцца ў шматгадовую традыцыю пілігрымак у Сьвятую Зямлю, падчас якіх турыстам прадаюць стэрыльны вобраз замежжа без яго ключавога элемэнту. Праграмы паездак у Ерусалім гадамі будуюцца так, каб горад выглядаў як беспраблемнае месца, натуральная сталіца Ізраіля, а прысутнасьць палестынцаў і канфлікту не зазначаецца.

Журналіст і фатограф Пётр Трыбальскі выказвае здагадкі, што бізнэс-стратэгія такога віду адпачынкаў заключаецца ў тым, каб выкарыстоўваць боязі палякаў. Прапанова «польскіх зон» паявілася праз некалькі месяцаў пасьля таго, як у апытаньнях быў заўважаны 30% рост непрыязьні да іншаземцаў.

Ці іншыя польскія бюро таксама плянуюць увесьці падобныя віды адпачынку? Іншы турапэратар Itaka пераконвае, што не. «Нашым лёзунгам зьяўляюцца словы: «Ітака адчыняе вочы на сьвет. Мы такія, а таму ў нас польскіх зон ня будзе».

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт