Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь-Малдова: супрацоўніцтва нягледзячы на геапалітыку

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.07.2017 14:48
  • Беларусь-Малдова.mp3
Нягледзячы на нядаўнія няўдачы ў гандлі, Малдова застаецца важным эканамічным партнэрам на постсавецкай прасторы.
Павал Філіп і Андрэй КабякоўПавал Філіп і Андрэй Кабякоўphoto: government.by

Нягледзячы на нядаўнія няўдачы ў двухбаковым гандлі, Малдова застаецца для Беларусі важным эканамічным партнэрам на постсавецкай прасторы. У адрозьненьні ад Расеі, Беларусь не пярэчыць геапалітычнай арыентацыі Малдовы на Эўропу. Наадварот, Менск стараецца выкарыстаць гэты фактар у сваіх інтарэсах.

Апошнім часам палітычныя адносіны паміж краінамі актывізаваліся. Нягледзячы на тое, што абедзьве краіны ўваходзілі ў склад Савецкага саюза, пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці ў іх адносінах была амаль дзесяцігадовая паўза.

Сытуацыя памянялася ў 2014 годзе – гаворыць старэйшы аналітык Цэнтра Астрагорскага Ігар Губарэвіч.

І. Губарэвіч: У верасьні 2014 года Аляксандар Лукашэнка зьезьдзіў у Кішынёў, у 2016 годзе Малдову наведаў беларускі прэм’ер. Былы малдаўскі прэзыдэнт таксама прыяжджаў у Беларусь. Цяпер амаль кожны год адбываюцца сустрэчы на ўзроўні ці то кіраўнікоў дзяржаваў, ці то ўрадаў. У траўні гэтага года адбыўся візыт прэм’ер-міністра Малдовы Паўла Філіпа ў Менск.

На актывізацыю гэтых адносін найперш паўплывала геапалітычная і эканамічная каньюнктура. Расея пачала актыўна ўводзіць гандлёвыя санкцыі супраць Украіны, Малдовы і Грузіі за іх спробы падпісаць пагадненьні аб асацыяцыі з ЭЗ.

І. Губарэвіч: Расея моцна настроеная супраць эўрапеізацыі гэтых краін, а Беларусь гэта выкарыстоўвае вельмі прагматычна. Ніколі не было заяваў супраць кірунку, які абралі гэтыя краіны. Беларусь выкарыстала расейскія санкцыі і прапанавала Малдове свой рынак. Прапанавала таксама пэўныя шляхі пранікненьня малдаўскіх прадуктаў на расейскі рынак.

Прарасейскія погляды новаабранага прэзыдэнта Малдовы Ігара Дадона не паўплываюць на палітычныя і эканамічныя сувязі паміж краінамі.
Малдаўскі рынак зьяўляецца для Беларусі важным, як кожны іншы.

І. Губарэвіч: Малдаўскі – гэта адзін з рынкаў, на які Беларусь пастаўляла сваю прадукцыю і ў савецкія часы, на якім беларуская прадукцыя вядомая. Найперш беларуская сельгастэхніка, тралейбусы, аўтобусы. Для Беларусі важны любы рынак, а гэта рынак, дзе няма таксама моўных бар’ераў. Беларусь, канешне, хацела б туды пастаўляць прадукцыю. Да 2014 году гандлёва-эканамічныя дачыненьні нядрэнна разьвіваліся. Апошнія гады яны пайшлі на спад. Гэта найперш было зьвязана са зьмяншэньнем паставак вытворчасьці з нафта-пераапрацоўчых заводаў. Гандаль істотна скараціўся. Але Беларусь шукае магчымасьці. Краіна хоча на малдаўскім рынку разьвіваць зборачную вытворчасьць. Там ужо зьбіраюць беларускія трактары і тралейбусы. Хутка будуць зьбіраць аўтобусы. Таму важны любы рынак.

Таксама важна, што ўрад Малдовы атрымлівае ад ЭЗ мэтавую дапамогу на многія праграмы разьвіцьця. Беларусь таксама хоча мець доступ да гэтых грошай – падводзіць вынік старэйшы аналітык Цэнтра Астрагорскага Ігар Губарэвіч.



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт