Logo Polskiego Radia
Print

Не згубіцца ў сьвеце: як запусьціць унутраны GPS?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.07.2017 11:31
  • унутраны GPS.mp3
Лічыцца, што чалавек інтуітыўна арыентуецца на мясцовасьці, што гэта ў яго ў генах.
Foto: pixabay.com/CC0

Пры гэтым ёсьць асобы, які вельмі хутка знаходзяць дарогу ў новым месцы і беспамылкова вяртаюцца назад, а ёсьць такія асобы, хто ў адзін бок едзе адной трасай, а ў другі іншай, і лёгка губляецца. Адкуль бяруцца гэтыя адрозьненьні?

Наяўнасьць здольнасьці арыентацыі ў прасторы залежыць ад шэрагу фактараў, сярод якіх гены, досьвед і пол.

За арыентацыю ў прасторы адказвае сыстэма нэйронаў, якая ўключае ў сябе клеткі «месца», што месьцяцца ў гіпакампе, «клеткі сеткі», што ўтвараюцца ў энтарынальнай кары падчас назіраньня за навакольным асяродзьдзем, і «клеткі сьценкі» і «напрамку галавы».

Гіпакамп зьяўляецца невялікай часткай скроневай кары мозгу і адыгрывае важную ролю ў перадачы інфармацыі з кароткачасовай памяці ў доўгатэрміновую памяць ды прасторавую арыентацыю. Людзі ды іншыя сысуны маюць два гіпакампа: па адным у кожным паўшар'і.

Гэтая сыстэма рэцэптараў і ёсьць нашым унутраным GPSам, а ня наш зрок. Зрок толькі дапамагае чалавеку вызначыць свае становішча ў прасторы, ён не павінен быць самым важным органам арыентацыі, – кажа прафэсар Ганна Бэднарэк з варшаўскай Вышэйшай школы сацыяльнай псыхалёгіі.

Ганна Бэднарэк: Арыентацыя – гэта наш унутраны GPS, - можна скарыстацца такой мэтафарай. Арыентацыя для чалавека – гэта абсалютная неабходнасьць. Пачуцьцё арыентацыі, здольнасьць арыентацыі мае ўнівэрсальны характар. Гэта тычыцца ня толькі людзей, але і жывёл. Навык арыентацыі – гэта здольнасьць вызначыць, дзе знаходзішся.

Штучны GPS сёньня даступны ў тэлефонах ды навігацыйных прыладах. Дзе месьціцца ўнутраны GPS, ці можна яго лякалізаваць у чалавеку?

Ганна Бэднарэк: Надзвычай важную ролю адыгрывае позірк, пачуцьцё зроку. Калі мы дзесьці знаходзімся ўпершыню, мы не зьвяртаем увагу на інфармацыю з нашага ўнутранага вуха - гэта частка вуха, куды паступае вельмі важная інфармацыя ў мозг адносна нашага атачэньня праз паўкругавыя каналы. Адсюль ідзе інфармацыя пра нахіленьне, схіленьне галавы, пра тэмп і рытм нашага руху.

Наколькі гэта важны орган сьведчыць вынікі вывучэньня авіякатастроф, кажа экспэртка.

Ганна Бэднарэк: Ідзецца пра справу страты арыентацыі ў прасторы. У выніку расьсьледаваньняў авіякатастроф высьветлілася, што пілёты нават пры наяўнасьці даступнай інфармацыі з прыладаў самалёта ды датчыкаў канцэнтруюцца на зрокавай інфармацыі, спрабуюць зрокам сабраць дадзеныя. Лепш тут зьвярнуцца па інфармацыю пра стан вашага цела да ўнутранага пачуцьця, што завецца прыяпэрцэпцыяй. Гэта дадзеныя, якія паступаюць са скуры, з цягліц, сухажыльляў ды костак. Яны кажуць нам, у якім стане знаходзіцца цела: выпраставанае ці схіленае. Аднак для чалавека дамінуючае значэньне мае позірк.

Ці кожны можа арыентавацца ў прасторы? Могуць быць людзі без гэтага ўнутранага GPSу?

Ганна Бэднарэк: У чалавека няма так як і прылады, якую можна ўключыць ды выключыць. У чалавека няма стану нулявога, то бок цалкам выключыць нельга. Можна горш ці лепш арыентавацца, але пачуцьцё арыентацыі ёсьць заўсёды. Дасьледаваньні нэўрапсыхолягаў, праведзены на лёнданскіх таксістах, паказалі, што гэтыя асобы павінны мець вельмі разбудаваны гіпакамп, ён ім патрэбны для іх працы. Таксама пілёты павінны мець выдатную арыентацыю ў прасторы, таксама спартоўцы. Не забывайма, што арыентацыя патрэбна ня толькі на зямлі ці паветры - таксама пад вадой, калі спускаецца аквалянгіст, у яго павінна быць працуючая арыентацыя ў прасторы. Такім чынам гэтае пачуцьцё ў чалавека заўсёды актыўнае. Можа толькі горш працаваць, і тады мы кажам пра людзей з горшай здольнасьцю арыентацыі.

Ці можна актуалізаваць наш унутраны GPS?

Ганна Бэднарэк: Адказ толькі адзін: так. Дзеля гэтага трэба трэніравацца, каб мапы прасторы запісваліся ў нашым гіпакампе, у нашай прасторавай сетцы ў мазгах. У выніку такіх практыкаваньняў чалавек можа абыходзіцца без таго «сапраўднага» GPSу.

Пры гэтым экспэрты кажыць, што наш унутраны GPS можна і пашкодзіць. Напрыклад, моцны стрэс ўплывае на тое, што ў арганізьме выдзяляецца гармон картызол. Гэты гармон мае шкоднае ўзьдзеяньне на гіпакамп. Пры вялікім узроўні гармону гіпакамп можа пашкодзіцца. Так што беражыце сябе і свой гіпакамп ды пазьбягайце стрэсаў!

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт