Logo Polskiego Radia
Print

«Менск уцягваецца ў Эўропу, а Захад яму падыгрывае»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.07.2017 14:25
  • «Менск уцягваецца ў Эўропу, а Захад яму падыгрывае».mp3
Заходнія дыпляматы лічаць, што дыялёг – найлепшы спосаб уплываць на рэжым Лукашэнкі й весьці ўлады Беларусі да цывілізаванага сьвету – экспэрт.
Сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску, 9 ліпеня 2017 г. Фота: Радыё "Свабода"Сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску, 9 ліпеня 2017 г. Фота: Радыё "Свабода"svaboda.org

У мінулыя 7 дзён адбылася адна з галоўных дыпляматычных падзеяў года – сэсія Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе. Ці ўдалося Менску заваяваць сымпатыі заходніх дзяржаваў? Ці адправяцца беларускія вайскоўцы ў замежныя міратворчыя місіі? Ці дапамагаюць арышты топ-чыноўнікаў і бізнэсмэнаў выправіць эканамічную сытуацыю ў Беларусі. На гэтыя тэмы ў сёньняшнім «палітычным люстэрку» Аляксандар Папко размаўляе з аналітыкам Цэнтру Астрагорскага Рыгорам Астапенем.

Захад заахвочвае Лукашэнку весьці Беларусь у Эўропу

Галоўнай палітычнай падзеяй мінулага тыдня ў Беларусі стала сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая прайшла ў Менску з 5 па 9 ліпеня. Дэпутаты з 57 краінаў абмяркоўвалі праблемы палітычнага супрацоўніцтва, вайсковай бясьпекі, правоў чалавека, навуковага супрацоўніцтва й экалёгіі. Яны адхілілі праект рэзалюцыі, якая асуджала будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі. У выніковую дэклярацыю Менскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі не патрапіла й рэзалюцыя, у якой асуджаліся парушэньні правоў чалавека ў Расеі, Беларусі і Азэрбайджане. Ці можна назваць гэта безумоўнай перамогай беларускага ўраду? Якімі, на вашую думку, былі галоўныя вынікі менскай сэсіі?

Рыгор Астапеня: Я думаю, сам факт таго, што Парлямэнцкая асамблея АБСЭ сабралася ў Менску, зьяўляецца безумоўнай перамогай беларускага ўраду. То бок, Беларусь ужо не ўспрымаецца выродлівай плямай на мапе Эўропы і, нягледзячы на ўсе свае недахопы, зьяўляецца часткай агульнаэўрапейскіх палітычных працэсаў.

А адхіленьне рэзалюцыі па будаўніцтве АЭС ці адсутнасьць рэзалюцыі па правах чалавека ў выніковай дэклярацыі толькі падмацоўваюць жаданьне ўладаў Беларусі быць часткай Эўропы. На гэтым накірунку яшчэ не ўсё прайграна.

Беларускія міратворцы паедуць за мяжу, але не ў Сірыю

5 ліпеня Расея запрапанавала краінам СНД, у тым ліку і Беларусі, накіраваць міратворцаў у Сірыю. А 6 ліпеня на канфэрэнцыі начальнікаў генштабоў краінаў ААН у Нью-Ёрку абмяркоўвалі ўдзел Беларусі ў міратворчых апэрацыях пад эгідай ААН. Ці паедуць беларускія вайскоўцы ў Сірыю? Ці варта высылаць беларускіх жаўнераў за мяжу і пад чыім камандаваньнем?

Рыгор Астапеня: Не паедуць, і гэтаму ёсьць дзьве прычыны. Па-першае, гэта чарговы раз бы паставіла ўлады Беларусі ў нязручную пазыцыю перад Захадам і многімі партнэрамі Беларусі на Блізкім Усходзе. Па-другое, ідэя высылаць жаўнераў за мяжу вельмі непапулярная сярод беларусаў.

Хоць мне падаецца, што ў будучыні ўлады пачнуць часьцей высылаць беларускіх вайскоўцаў, чым яны робяцца гэта цяпер. Толькі канешне ў не такія палітызаваныя месцы, як і Сірыя, і з адпаведным мандатам ААН. Але ў прынцыпе, удзел у міратворчых місіях добра ўпісваецца ў сёньняшнія трэнды беларускай вонкавай палітыкі. Менск вельмі часта заяўляе, што Беларусь спрыяе ўсталяваньню міра ва ўсім сьвеце.

Улады пачнуць дыялёг з апазыцыяй?

6 ліпеня ў Менску адбылася ўнікальная сустрэча прадстаўнікоў уладаў, апазыцыі й грамадзянскай супольнасьці. Сэмінар па правах чалавека быў зладжаны ў рамках сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Удзельнічалі ў ім спэцдакладчык ААН па Беларусі Мікалаш Харасці, кіраўнік камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валеры Варанецкі, прадстаўнікі МЗС Беларусі, лідары апазыцыйных партыяў, беларускія праваабаронцы. Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі магчымасьці дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй, пытаньні свабоды слова й свабоды сходаў, дэмакратызацыю выбараў. Ці будуць такія сустрэчы мець працяг?

Рыгор Астапеня: Так, безумоўна будуць, бо здаецца, што гэта ў інтарэсе амаль усіх бакоў, каб дыялёг, у такой ці іншай форме, быў. Для ўладаў гэта спосаб паказаць Захаду, што ён гатовы зьмяняцца й нешта рабіць – парлямэнцкія выбары летась таму пацьверджаньне. Для Захаду гэта пакуль што найлепшы спосаб неяк пазытыўна ўплываць на рэжым Лукашэнкі і, няхай з адскокамі, як у гэтую пратэстную вясну зь яе рэпрэсіямі, але ўсё ж-такі весьці ўлады Беларусі да цывілізаванага сьвету.

Для апазыцыі ж гэта азначае пашырэньне яе магчымасьцяў і абарону ад рэпрэсіяў – у рэшце ж рэшт, людзі, якія ходзяць на падобныя сэмінары, прысьвечаныя «справе патрыётаў», у «Амэрыканцы» цяпер не сядзелі. Гэткія сустрэчы могуць быць не да канца зручныя больш радыкальнай частцы апазыцыі, але пра яе пачуцьці ўжо мала хто думае.

Карупцыю зьмяншаюць – але толькі на час крызысу

7 ліпеня беларуская міліцыя затрымала намесьніка гендырэктара БелАЗа за хабар у памеры 1,2 тысячаў даляраў і махінацыі пры набыцьці мэталу для прадпрыемства. Чаму антыкарупцыйныя кампаніі пачынаюцца менавіта ў часы крызысу? Наколькі арышты топ-чыноўнікаў і бізнэсмэнаў дапамагаюць выправіць эканамічную сытуацыю ў Беларусі?

Рыгор Астапеня: Прычына тут даволі відавочная – стала менш фінансавых рэсурсаў, таму за іх ідзе больш жорсткая барацьба. І вось такімі арыштамі ўлады спрабуюць нейкім чынам адваяваць той кавалак бюджэту, які раней трапляў карупцыянерам.

Я б не недаацэньваў той уплыў, які могуць мець такія пасадкі – у рэшце рэшт многія людзі баяцца турмы і таму гэта можа прынесьці неблагія фінансавыя вынікі. Напрыклад, былы кираўник камітэту Дзяржкантролю Аляксандар Якабсон некалькі гадоў таму казаў, што ў беларускім ЖКГ кожны дзесяты рубель – карупцыйны. Вось такім чынам, калі перамагчы карупцыю ў адным сэктары, то можна палепшыць яго фінансавы стан на 10 адсоткаў.

Праблема хутчэй у тым, што ўлады насамрэч спрабуюць зьмяніць сыстэму, нічога не зьмяняючы. То бок, калі б улады зрабілі больш празрыстымі бюджэт і кіраваньне – як на БелАЗе, гэтак ва ўсёй краіне – то карупцыя была зьнішчаная куды хутчэй. А пакуль што выглядае, што ўлады хочуць крыху паваяваць з карупцыяй у часы крызысу, а калі ён нарэшце скончыцца, вярнуцца да спакойнага жыцьця з высокім узроўнем карупцыі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт