Logo Polskiego Radia
Print

Віцэ-сьпікер Сэнату Польшчы наведала Горадню

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 04.08.2017 18:11
  • візыт.mp3
Марыя Коц прыехала ў Беларусь, каб перадаць гуманітарную дапамогу, а таксама сустрэцца з этнічнымі палякамі, што жывуць у краіне.
PR24/MR

Пытаньні адукацыі і дабрачыннасьці сталі галоўнымі падчас візыту ў Горадню віцэ-сьпікера Сэнату Польшчы. Марыя Коц прыехала ў Беларусь у пятніцу, каб перадаць гуманітарную дапамогу, а таксама сустрэцца з этнічнымі палякамі, што жывуць у краіне. Наведваючы захад Беларусі прадстаўнік вышэйшай палаты парлямэнту пагадзілася даць інтэрвію Польскаму Радыё.

Спадарыня сэнатар, раскажыце, калі ласка, падрабязьней пра мэты цяперашняга візыту. Наколькі нам вядома, вы прывезьлі дапамогу для мясцовага аддзяленьня дабрачыннай арганізацыі Caritas.

Марыя Коц: Так, я сюды прыехала з сэнатарам Маргарытай Буднэр і з дырэктарам Бюро па супрацоўніцтве з палякамі замежжа Гжэгажам Сэрачынскім. Мы прывезьлі лекі, крыху патрэбных рэчаў для арганізацыі Caritas і для сясьцёр-сэрафітак, якія жывуць у Сапоцкіне і клапоцяцца пра самотных пажылых людзей. То бок, гэта тое, што дазволіць вырашаць нейкія канкрэтныя праблемы ды несьці гэтую дапамогу тым, хто яе патрабуе. Я была раней у Сапоцкіне і больш-менш ведала, чаго тут патрабуюць. Думаю, што яшчэ неаднаразова сюды вярнуся.

Людзей сталага ўзросту тут досыць багата, і многія зь іх маюць польскія карані.

Марыя Коц: Так, сёстры даглядаюць каля трохсот асобаў. Большасьць сярод іх – этнічныя палякі. Многія – людзі самотныя, якія, калі й маюць дзяцей, дык яны не цікавяцца сваімі бацькамі. Сёстры прыязджаюць да іх, часам пераадольваючы вялікія адлегласьці, каб даць лекі, каб распаліць у печы, сагрэць ежу ці прынесьці нешта з крамы. Часам людзі патрабуюць духоўнай падтрымкі. Нават простая размова тут – надзвычай істотная рэч. Сёстры-сэрафіткі ў Сапоцкіне праяўляюць сапраўдны гераізм. Я вельмі ўражаная тым, як шмат працуюць і колькі сэрца ў гэта ўкладаюць. Два месяцы таму адбыўся дабрачынны футбольны матч, сродкі ад якога мы прызначылі на закуп патрэбных рэчаў. У спаборніцтве ўдзельнічалі сэнатары ды футбалісты клюбу Czarni Węgrów з гораду, у якім я жыву. Гэтая падзея выклікала вялікую зацікаўленасьць.

Вы таксама цікавіліся жыцьцём польскіх арганізацыяў, а таксама, што важна напярэдадні новага навучальнага году, дзейнасьцю польскіх школаў.

Марыя Коц: Як віцэ-сьпікера Сэнату мяне вельмі цікавяць справы польскага асяродзьдзя ў сьвеце. Асабліва тых палякаў, што жывуць за ўсходняй мяжой. І адзін з прыярытэтаў для нас - польская мова. Апошнім часам у Беларусі, Украіне, Летуве ды Латвіі назіраецца сапраўдны рэнэсанс польскай мовы. Этнічныя палякі хочуць яе вучыць. Для нас вельмі важна, ці забясьпечваюць ўлады пэўнай краіны неабходныя ўмовы. Наведваючы Горадню, мы спаткаліся з кіраўніцтвам польскай школы ды прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі. Размаўлялі, у тым ліку, пра набор вучняў. Акрамя школаў, людзі наведваюць таксама факультатыўныя заняткі на іншых пляцоўках. Больш за 13 тысячаў дзяцей у Беларусі вывучаюць польскую мову, і толькі каля трох тысячаў гэта робіць у межах афіцыйнай сыстэмы адукацыі. То бок, у дзяржаўных школах. Вядома, што ў дзевяностыя гады польскую мову ў школах вывучалі 20 тысячаў дзяцей. Зараз дзейнічаюць толькі дзьве дзяржаўныя школы (у Горадні й Ваўкавыску), дзе выкладаюць па-польску. Гэтага мала. Асабліва з улікам рэнэсансу і запатрабаванасьці польскай мовы.

Дзякуй вялікі, спадарыня сэнатар. Я нагадаю, на нашыя пытаньні адказвала віцэ-сьпікер Сэнату Польшчы Марыя Коц, якая ў пятніцу наведала Беларусь.

уп/св

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт