Logo Polskiego Radia
Print

С. Богдан: Беларуская армія ня здольная ўдзельнічаць у нападзеньні

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.08.2017 15:58
  • войска.mp3
У беларускай арміі няма ні рэсурсаў, ні жаданьня падтрымлвіаць расейскае войска ў наступальных апэрацыях.
pixabay.com/Public Domain CC0

Некаторыя суседнія зь Беларусяй краіны час ад часу выказваюць боязі, што калі Расея захоча ўвесьці свае войскі ў краіны Балтыі або Ўкраіну, то яна можа выкарыстаць дзеля гэтага беларускую армію або тэрыторыю Беларусі. Ці такая магчымасьць сапраўды існуе?

Аб гэтым мы спыталі экспэрта Цэнтра Астрагорскага Сяргея Богдана. На ягоную думку, нават кароткі аналіз магутнасьці беларускага войска выклікае сумненьні наконт яго здольнасьці ўдзельнічаць у якіх-колечы наступальных апэрацыях. Многія віды тэхнікі даўно састарэлі, а новыя не набываюцца.

Расея мадэрнізуе сваю армію, тое ж самае робяць іншыя суседзі Беларусі. А тэхнічныя парамэтры беларускага і расейскага войска ўсё больш разыходзяцца – не ў карысьць беларусаў. Таксама шмат гаворыцца пра разьмяшчэньне ваеннай базы Расеі на тэрыторыі Беларусі, але няма нават папярэдняга рашэньня па гэтым пытаньні. Ёсьць прыклады, што беларуская і расейская армія моцна адрозьніваюцца па тэхнічных стандартах, напрыклад, у красавіку падчас сумесных вучэньняў у Віцебскай вобласьці аказалася, што ў Беларусі ёсьць толькі старыя парашуты Д-6, у той час, калі Расея даўно замяніла іх новымі сыстэмамі.

Карацей кажучы, у беларусаў няма грошай нават на парашуты. Сяргей Богдан падкрэсьлівае, што ў беларускага войска іншыя прыярытэты. На дадзены момант асаблівая ўвага надаецца двум ваенным кампанэнтам: супрацьпаветранай абароне і спэцназу.

Такім чынам, паводле словаў аналітыка Цэнтру Астрагорскага Сяргея Богдана, у беларускай арміі няма ні рэсурсаў, ні жаданьня падтрымлвіаць расейскае войска ў якіх-колечы наступальных апэрацыях.

Слухайце падрабязна разважаньні Сяргея Богдана ў далучаным гукавым файле і чытайце артыкул на Ostro.by

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт