Польскі ўрад возьме Uber пад кантроль
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
21.09.2017 16:55
Будучыя зьмены ў заканадаўстве – сьледзтва нядаўняй хвалі пратэстаў з боку службаў таксі.
pixabay.com/Public Domain CC0
Польскі ўрад возьме Uber пад кантроль. Будучыя зьмены ў заканадаўстве – сьледзтва нядаўняй хвалі пратэстаў з боку службаў таксі, паведамляе сёньня газэта Puls Biznesu. Улады краіны атрымалі шмат скаргаў на амэрыканскі сэрвіс і патрабаваньняў накласьці на фірму такія ж абавязкі, якія існуюць для традыцыйных перавозчыкаў. У выніку Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва падрыхтавала праект закону, які мусіць рэгуляваць дзейнасьць кампаніяў накшталт Uber.
Калі ініцыятыву падтрымаюць, падобных пасярэднікаў абавяжуць атрымліваць ліцэнзію. Парушальнікаў гэтай нормы чакае штраф – 40 тысячаў злотых (гэта больш за 9 тысячаў эўра). Такое ж пакараньне прадугледжана для тых перавозчыкаў, якія ня будуць весьці спэцыяльную базу аказаных паслугаў, а таксама рэестар працаўнікоў. Прычым, паводле аўтараў дакумэнту, уся гэтая інфармацыя мусіць захоўвацца цягам пяці гадоў. Прадугледжаныя таксама іншыя штрафы.
Удзельнікаў рынку хочуць абавязаць правяраць у кожнага з кіроўцаў наяўнасьць тэхнічнага агляду аўтамабіля, а таксама страхоўкі ад наступстваў няшчасных выпадкаў. Парушэньне будзе каштаваць тысячу злотых (ці 230 эўра). Удвая больш заплаціць кіроўца за тарыфы, якія не адпавядаюць стаўкам, вызначаным на ўзроўні гмінаў. Кантраляваць кошты мае Інспэкцыя дарожнага транспарту, адзначае выданьне.
Усе фірмы, якія займаюцца пасярэдніцтвам у перавозках, маюць прадʼяўляць неабходныя дакумэнты падатковым органам. Перад прыняцьцем праект мусіць быць узгоднены міжведамаснай камісіяй. Акрамя таго, яго вынесуць на грамадзкае абмеркаваньне.
св