Logo Polskiego Radia
Print

Е. Таргальскі: Вышаградзкая група можа стаць інструмэнтам расейскага ўплыву

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.10.2017 15:53
Нямеччына ды Аўстрыя імкнуцца супрацоўнічаць з Расеяй, таму Польшча павінна ўзмацняць сувязі з Украінай.
Jerzy Targalski Jerzy Targalski Photo: Wojciech Kusiński/Polskie Radio

Нядаўна ў Аўстрыі адбыліся парлямэнцкія выбары, на якіх перамогу заваявала Аўстрыйская народная партыя, групоўка кансэрватыўнай арыентацыі. На думку публіцыста, кіраўніка Цэнтру дасьледаваньняў постсавецкай прасторы пры польскай Акадэміі вайсковых навук, палітоляга Ежы Таргальскага, вынікі выбараў пакуль што нельга назваць цалкам станоўчымі з польскага пункту гледжаньня.

У сваім камэнтары на сайце выданьня «Gazeta Polska», Ежы Таргальскі разглядае розныя варыянты разьвіцьця падзей у Аўстрыі пасьля перамогі хрысьціянскіх дэмакратаў. На думку палітоляга, для Польшчы гэтая падзея можа мець як пазытыўныя, так і нэгатыўныя наступствы.

Е. Таргальскі: Перамога партыі Курца – гэта станоўчая зьява, паколькі яна ўзмацніць наш супраціў наконт разьмеркаваньня мусульманскіх імігрантаў. У гэтым пытаньні ў нас паявіўся патэнцыйны хаўрусьнік, які дапаможа змагацца з палітыкай Ангелы Мэркель. Але пакуль што невядома, з якой партыяй будзе створана ўрадавая кааліцыя. Справа ў тым, што Аўстрыя традыцыйна ўтрымлівае блізкія сувязі з Расеяй, асабліва ўльтраправая групоўка Хайнца Штрахэ, якая можа стаць адным з кааліцыйных партнэраў. Летась Штрахэ падпісаў партнэрскую дамову з «Адзінай Расеяй» – партыяй пуціна. Групоўка Хайнца Штрахэ ўваходзіць таксама ў групу Эўрапарлямэнту, якая прадстаўляе ў ЭЗ інтарэсы Расеі.

У Расеі блізка да вышэйшых прыступкаў улады дзейнічае група гэтак званых эўраазіятаў на чале з галоўным ідэолягам Аляксандрам Дугіным, – працягвае Ежы Таргальскі. Галоўная мэта іх дзейнасьці – адбудова расейскай імпэрыі і супрацоўніцтва зь немцамі. А польская дзяржава зьяўляецца перашкодай, – кажа палітоляг.

Е. Таргальскі: Паводле іх, палякі агулам не павінны існаваць. Яны б жадалі, каб палякі перайшлі на праваслаўе, сталі расейцамі, і ўсё будзе нармальна. За гэтай уплывовай групай расейскіх гэтак званых «праваслаўных чэкістаў» стаіць Дугін. І калі б аказалася, што ў Аўстрыі будзе створана кааліцыя з групоўкай Хайнца Штрахэ, то ў дзяржаве ўзмоцніцца ўплыў расейскай ідэалёгіі. А калі б Аўстрыя з такімі поглядамі ўвайшла ў Вышаградзкую групу, то адпаведна і ўнутры гэтай структуры пашырыўся б расейскі ўплыў. Дарэчы, іншы ўдзельнік Вышаградзкай групы – Вугоршчына – таксама блізка супрацоўнічае з Расеяй. Блізкія сувязі з Расеяй утрымліваюць улады Чэхіі ды Славаччыны. Так што Вышаградзкая групы стала б амаль цалкам інструмэнтам расейскіх уплываў.

Такім чынам, падсумоўвае палітоляг Ежы Таргальскі, трэба вельмі асьцярожна падыходзіць да перамогі прадстаўнікоў правых сілаў на выбарах у краінах Эўрапейскага Зьвязу, у прыватнасьці, у Аўстрыі. Многія палякі з правага боку палітычнай сцэны дзяржавы ўсьцешыліся перамогай Аўстрыйскай народнай партыі. Але вынік выбараў можа ўзмацніць супрацоўніцтва Захаду Эўропы з расейскімі імпэрскімі сіламі, у залежнасьці ад выбару кааліцыйнага партнэра. Неабходна вельмі скептычна падыходзіць да правых сілаў, асабліва калі ўнутры гэтых заходніх сілаў мы бачым уплывы КДБ і Пуціна.

У сваім камэнтары на сайце «Gazeta Polska» Ежы Таргальскі адказвае таксама на пытаньне чытача, як вырваць Украіну са сфэры расейскага ўплыву? На думку палітоляга, неабходна стварыць такую сыстэму польска-украінскіх адносін, якая была б узаемавыгаднай для абодвух бакоў. Аўтар называе некалькі элемэнтаў.

Е. Таргальскі: Першы – стварэньне сумеснай сыстэмы набываньня энэргетычнай сыравіны. Польшча павінна далей будаваць газаправод, па якім паступае газ з Нарвэгіі, і яго можа набываць таксама Ўкраіна. У сваю чаргу Ўкраіна магла б дапамагчы Польшчы купляць нафту з краін Цэнтральнай Азіі. Другі – вайсковае супрацоўніцтва, галоўным чынам ваенна-прамысловага комплексу дзьвюх краін. Наступнае: Польшча павінна падтрымліваць Украіну ў яе імкненьні захаваць тэрытарыяльную цэласнасьць. І апошні элемэнт – супрацоўніцтва з Украінай у рамках супрацоўніцтва Ўкраіны з ЗША. Неабходна ўзмацняць гэты трохкутнік: Польшча – Амэрыка – Украіна ў супрацьвагу Расеі з аднаго боку і Нямеччыне з другога.

У сытуацыі, калі заходнія краіны Эўропы, асабліва Нямеччына ды Аўстрыя, імкнуцца да блізкага супрацоўніцтва з Расеяй, Польшча павінна ўзмацняць свае сувязі з Украінай, – падсумоўвае кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў постсавецкай прасторы пры польскай Акадэміі вайсковых навук, палітоляг Ежы Таргальскі.

пераклад Н. Грышкевіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт