Logo Polskiego Radia
Print

Палякі падпісалі дамову аб супрацоўніцтве зь беларусамі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.07.2018 15:36
Гаворка ідзе пра абмен інфармацыяй паміж Кантрольнай палатай Польшчы і камітэтам дзяржкантролю Беларусі.
PR/IAR/Krystian Dobuszyński

Вышэйшая (вярхоўная) кантрольная палата Польшчы падпісала зь беларускім Камітэтам дзяржкантролю пагадненьне пра абмен інфармацыяй. Дамова прадбачвае курсы, а таксама сумесныя праверкі – піша «Dziennik Gazeta Prawna».

Вышэйшая кантрольная палата Польшчы зацікаўленая ў тым, каб супрацоўнічаць зь Беларусяй. Прыкладам могуць быць польскія інвэстыцыі зь бюджэту на ахову навакольнага асяродзьдзя на памежжы дзьвюх краін. Скажам, на мадэрнізацыю станцыі ачысткі сьцёкаў у Берасьці былі выдзеленыя грошы з польскага Нацыянальнага фонду аховы асяродзьдзя. Менавіта сумесныя кантролі польскіх і беларускіх кантралёраў могуць паказаць, на колькі згодна пляну адбылася мадэрнізацыя, і ці ўдалося дасягнуць вызначаныя мэты па ахове асяродзьдзя. Кантроль плянуецца трохбаковы – польска-беларуска-украінскі. Без міжнароднага пагадненьня такую праверку немагчыма правесьці. Пра гэта гаворыць прэс-сакратар палаты Ксэнія Матчак.

З другога боку, Камітэт дзяржкантролю – гэта ўстанова, якой улады Беларусі карыстаюцца дзеля рэпрэсій супраць апазыцыйных структур. Гэта адбываецца пад выглядам падатковых праверак. У аўтарытарных краінах, як Беларусь, Расея ці Азэрбайджан, заўсёды трэба браць пад увагу палітычны фактар. Дзяржава карыстаецца кожным інструмэнтам, каб перасьледаваць дэмакратычную апазыцыю. Неабходна быць вельмі асьцярожным, асабліва пры перадачы нейкіх дадзеных, – адзначае старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Крыніца інфармацыі выданьня ў Вышэйшай кантрольнай палаце завярае, што пагадненьне зь Беларусяй ніколі ня будзе выкарыстана ў такіх мэтах, паколькі абмен інфармацыяй не датычыць індывідуальных спраў. Таму нельга яе параўноўваць з гісторыяй Бяляцкага (калі праз інфармацыю, прадстаўленую Польшчай, праваабаронца трапіў у беларускую турму). У сваю чаргу МЗС Польшчы адмовілася даваць камэнтар, спасылаючыся на тое, што яно не прымала ўдзелу ў падрыхтоўцы дамовы.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт