Logo Polskiego Radia
Print

Хакасія: «Уваход дазволены толькі рускім»

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 25.07.2018 12:55
Жыхары Сібіры могуць трапіць у турму за тое, што ня хочуць станавіцца расейцамі.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/Public Domain CC0

Лідзія Баінава, 29-гадовая жыхарка Абакана — сталіцы Рэспублікі Хакасія, што ў расейскай Сібіры, займаецца папулярызацыяй нацыянальнай культуры. Яна арганізавала мясцовы музычны фэстываль, дбае пра захаваньне хакаскай мовы і традыцый. І штодня сутыкаецца з праявамі расейскага нацыяналізму.

У сацыяльных сетках яна пісала пра тое, як расейцы абвінавачваюць хакасаў у тым, што тыя атрымліваюць кватэры ў цэнтры Абакана, расказвае пра выпадкі, калі расейцы культывуюць стэрэатып аб тым, што хакасы ня могуць добра апранацца. Адна з апошніх апісаных ёю сытуацый здарылася на дзіцячай пляцоўцы, куды расейцы не пусьцілі хакасаў, кажучы, што “ўваход дазволены толькі рускім”.

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі абвінаваціла Лідзію Баінаву ў экстрэмізьме. Ёй пагражае да пяці гадоў турмы. Яе абвінавачваюць у тым, што яна “заклікала да нянавісьці ў адносінах да расейцаў, якія жывуць на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі”.

Расейскія праабаронцы змагаюцца за правы хакаскі. Яны дапускаюць, што жанчына мае рацыю, кажучы пра дыскрымінацыю.

Баінава сьцьвярджае, што яе хочуць пасадзіць за дзейнасьць у абарону карэнных жыхароў Хакасіі. Цяпер хакасы складаюць толькі 12% насельніцтва сваёй рэспублікі. Большасьць тут расейцы. А, напрыклад, у 1926 годзе аўтахтонныя насельнікі складалі больш за палову жыхароў Хакасіі. Аднак савецкая індустрыялізацыя і масавыя дэпартацыі з заходніх рэгіёнаў СССР у Сібір выклікалі зрухі ў дэмаграфічнай сытуацыі на шкоду тутэйшым людзям.

Гэткая ж сытуацыя склалася ў большасьці з 22 нацыянальных рэспублік Расейскай Фэдэрацыі. Паводле канстытуцыі, яны маюць аўтаномію. Закон нібы забясьпечвае вывучэньне 270 моў аўтахтонных народаў Расеі. Але на практыцы аўтахтоны паўсюль адчуваюць дыскрымінацыю. Найлепшая сытуацыя цяпер у Чачні, дзе расейцы складаюць толькі 2% жыхароў гэтай рэспублікі.

Rzeczpospolita/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт