Logo Polskiego Radia
Print

У Горадні на сустрэчу з важнымі польскімі чыноўнікамі прыбылі мясцовыя ўлады

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.07.2018 14:02
Гэта азначае поўны, дэманстрацыйны байкот урачыстасьці беларускім бокам.
Візыт С. Карчэўскага ў БеларусьВізыт С. Карчэўскага ў БеларусьPAP/Leszek Szymański

Старшыня Цэнтра стратэгічных аналізаў Вітальд Юраш (Witold Jurasz) на старонках выданьня «Dziennik Gazeta Prawna» камэнтуе візыт сьпікера Сэнату Станіслава Карчэўскага і польскай дэлегацыі ў Беларусь, зьвязаны з адзначэньнем 30-годзьдзя Саюзу палякаў у Беларусі. У склад польскай дэлегацыі ўваходзілі высокапастаўленыя чыноўнікі – дэпутаты, міністры, кіраўнік Канцылярыі Рады міністраў. У сваю чаргу беларускі бок прадстаўлялі мясцовыя чыноўнікі і дэпутатка Алена Анісім. Не было нават віцэ-міністра, што азначае поўны, дэманстрацыйны байкот урачыстасьці беларускім бокам.

Такім чынам надзея на вырашэньне справы СПБ, пра якую пісаў у сваім лісьце прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі, застанецца толькі надзеяй. Трэба спадзявацца, што сярод прадстаўнікоў мясцовых уладаў, адпраўленых на сустрэчу з палякамі, не было асоб, унесеных у чорны сьпіс людзей, ахопленых забаронай уезду ў Польшчу. Сьвяткаваньне павінна было закончыцца канцэртам гурту Lady Pank, які быў аднак адменены беларускімі ўладамі з-за «адсутнасьці сцэны».

Дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўска мяркуе, што на дадзены момант у польска-беларускіх адносінах ёсьць дзьве важныя справы: СПБ і Белсат. Рамашэўска здаўна адыгрывае важную ролю ў польскай замежнай палітыцы на беларускім напрамку. Калі яна так мяркуе, то, відаць, іншыя справы ўжо няважныя. А гэта такія пытаньні, як навучаньне польскай мове, пашырэньне магчымасьці для беларусаў вучыцца ў польскіх ВНУ, праблема эксгумацыі ў Курапатах і г.зв. беларускі катынскі сьпіс, гандаль ды інвэстыцыі, энэргетыка, адносіны Беларусі да вайны ва Ўкраіне і ўрэшце ўдзел (або не) Польшчы ў дыялёгу паміж Эўрапейскім Зьвязам ды Беларусяй.

Польшча або ня бачыць ніякіх магчымасьцяў дасягненьня гэтых амбітных мэтаў, або чакае, калі ў Менску зьменяцца ўлады. Праблема заключаецца ў тым, што ў першым выпадку гэта капітуляцыя, а ў другім – надзея на свайго роду цуд. Многія здаўна чакаюць канца Лукашэнкі, забываючы, што замест яго Беларусяй пачне кіраваць Масква, нельга лічыць, што дзяржава возьме курс на захад.

Палякі ўжо чвэрць стагодзьдзя імкнуцца насадзіць у Беларусі дэмакратыю, а калі гэта не ўдаецца, то апускаюць рукі і кажуць, што нічога немагчыма зрабіць. У выніку, калі ў Беларусі паяўляецца чыноўнік, які зьяўляецца трэцяй важнейшай дзяржаўнай асобай Польшчы (сьпікер Сэнату), то на сустрэчу з ім высылаюць прадстаўніка мясцовых уладаў. У сваю чаргу польскія палітыкі кажуць пра посьпех польска-беларускай «перазагрузкі». Калі гэта посьпех, то чым была б параза?

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт