Logo Polskiego Radia
Print

Ад Варшаўскага гета засталося 40 камяніц

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 23.08.2018 10:00
  • 0823 М. Дзедзіц - Варшаўскае паўстаньне.mp3
Журналіст і фатограф Марцін Дзедзіц шукае сьляды Другой сусьветнай вайны на вуліцах сталіцы Польшчы.
Варшава ў 1944 г. і сёньняВаршава ў 1944 г. і сёньняФота: Marcin Dziedzic/Teraz44.pl

1 жніўня 1944 года жыхары Варшавы паднялі паўстаньне супраць нямецкіх акупантаў. Баі доўжыліся да 3 кастрычніка. Якія наступствы мела паўстаньне для Варшавы і як успрымаюць тыя падзеі сёньняшнія жыхары сталіцы Польшчы?

Марцін Дзедзіц — вядомы ў Польшчы журналіст, фатограф. Ён зьяўляецца сааўтарам кніг „Teraz ’43” і „Teraz ’44” — пра варшаўскія паўстаньні 1943 і 1944 гадоў, падчас якіх нацысты зьнішчылі значную частку жыхароў Варшавы, а затым і вялікую колькасьць будынкаў горада.

Скажыце, калі ласка, ці сапраўды пасьля паўстаньня 1944 года Варшава была сьцёрта гітлераўцамі з твару зямлі?

Марцін Дзедзіц: Варшава была моцна разбурана. Але не ператварылася ў голую зямлю. Ёсьць анклявы, асабліва ў цэнтры горада, дзе захаваліся старыя камяніцы, якія амаль не пацярпелі.

Дагэтуль на многіх камяніцах захаваліся сьляды ад куль, надпісы з часоў вайны. Некаторыя ўладальнікі такіх камяніц не затынкоўваюць гэтыя сьляды, а прыкрываюць шыбамі, якія ахоўваюць сьведчаньні гісторыі ад дажджу, сонца.

Такой забудовы шмат у раёнах Макотуў, Жалібаж, — таму нельга сказаць, што Варшава стала пустыняй. Але калі ідзеш па Варшаве, то бачыш месцы, дзе захавалася некалькі старых камяніц, а за імі стаіць панэльны дом 1960-х гг., далей — будынак 1980-х і побач будуюць нешта новае.

Большасьць Варшавы нібы зьлеплена з будынкаў розных пэрыядаў.

Марцін
Марцін Дзедзіц Фота: Marcin Dziedzic/Teraz44.pl

Наколькі ў параўнаньні зь іншымі раёнамі горада пацярпела яшчэ раней, у 1943 годзе, тэрыторыя гета, лёсу якога Вы прысьвяцілі кнігу „Teraz ’43”?

Марцін Дзедзіц: Перад вайной габрэйскі раён Варшавы займаў 1/5 частку горада, а на яе тэрыторыі жыла 1/3 усяго насельніцтва Варшавы. Мы, сучасныя варшавяне, не ўсьведамляем, што да 1939 г. кожны трэці варшавянін быў габрэем.

У 1943 годзе, пасьля задушэньня паўстаньня ў гета, гэты раён быў зьнішчаны. Ад яго не засталося каменя на камені. Немцы мелі час, каб разбурыць габрэйскі раён — яны мэтанакіравана займаліся гэтым з 1943 года. Ёсьць нават здымак, на якім відаць друз ад зьнішчаных камяніц і на даляглядзе — касьцёл.

Захавалася толькі каля 40 камяніц, якія былі ўзьведзены яшчэ ў даваенныя часы. Будынкі, якія ўцалелі, стаялі на ўскраінах гета.

Габрэйскі раён быў вялікі — паміж сучаснымі гандлёвымі цэнтрамі Złote Tarasy і Arkadia.

Кніга
Кніга Марціна Дзедзіца і Міхала Вуйціка "Teraz'44. Historie" Фота: Marcin Dziedzic/Teraz44.pl

У Беларусі прапагандуецца вобраз Другой сусьветнай вайны як Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа, дзе вораг немцы, а сябры расейцы. А як падзеі варшаўскіх паўстаньняў паўплывалі на вобраз вайны ў Польшчы?

Марцін Дзедзіц: Да 1989 года ў Польшчы было так жа, як і ў Беларусі цяпер. Прапаганда, гістарычная палітыка паказвалі вайну як выйграную Савецкім Саюзам, і толькі дзесьці збоку ішла польская армія, якая вызваляла Польшчу.

Не гаварылася пра армію Андэрса, якая таксама выйшла з Расеі, але праз Блізкі Ўсход далучылася да саюзьнікаў, пра ўзяцьце палякамі нямецкай цытадэлі на Монтэ-Касына. Замоўчвалася Армія Краёва.

У Варшаве жылі ўдзельнікі паўстаньня 1944 года, якія ўсё памяталі. Але толькі з 1950-х гг. можна было адзначаць гадавіну паўстаньня.

Была праблема з помнікам гэтай падзеі. Зьявіўся помнік “Варшаўская Ніка”, які павінен быў сымбалізаваць паўстаньне, але яго прысьвяцілі ўсім “героям Варшавы 1939-1945 гадоў”.

Потым зьявіўся помнік на пляцы Варшаўскага Паўстаньня, якога не відаць, бо ён складаецца з квадратных пліт, ён плоскі, зусім трохі выступае над паверхняй зямлі і нібы “невідочны”, — каб ня быць бяльмом на воку камуністычных улад.

Пасьля 1989 года ўсё зьмянілася. 1 жніўня а 17-й гадзіне, у гадзіну W, выюць сырэны, затрымліваецца рух машын, людзі выходзяць з аўтамабіляў, спыняюцца на тратуарах і захоўваюць на працягу хвіліны маўчаньне.

Варшава
Варшава ў 1944 г. і сёньня Фота: Marcin Dziedzic/Teraz44.pl

Як сёньня палякі ўспрымаюць Варшаўскае паўстаньне 1944 года?

Марцін Дзедзіц: Варшаўскае паўстаньне на працягу доўгага часу было памятнай падзеяй. Але да яго не было вялікай цікавасьці. Гадавіну паўстаньня адзначалі, але сама падзея не выклікала дыскусій.

Потым дасьледчыкі і публіцысты пачалі задумвацца, які быў сэнс паўстаньня. Але дагэтуль адназначнага адказу няма, дый ён ніколі ня будзе знойдзены.

Ёсьць “фракцыя”, якая сьцьвярджае, што паўстаньне было памылкай, што гэта былі палітычныя дзеяньні накіраваныя на тое, каб паказаць сябе на міжнароднай арэне, што паўстаньне было несвоечасовым, што яно не было падрыхтавана, і ў выніку аказалася крывавым, цывільнае насельніцтва панесла вялікія страты і горад вельмі пацярпеў. Я з гэтым ня згодзен.

Не люблю гістарычных спрэчак постфактум. На мой погляд, паўстаньне павінна было выбухнуць. І адзіным доказам гэтага зьяўляецца тое, што паўстаньне выбухнула. Бо такія панавалі настроі ў грамадзтве.

Дваццацігадовыя і маладзейшыя варшавяне знаходзіліся пад акупацыяй, а да вайны жылі ў свабоднай краіне, яны ня памяталі пэрыяду падзелу Польшчы. Яны не маглі пагадзіцца са стратай незалежнасьці.

А старэйшае пакаленьне яшчэ памятала часы падзелу, калі Польшчы не было на карце, і жыцьцё іх многаму навучыла.

Таму, калі мы разважаем пра паўстаньне, то мала быць знаўцам гісторыі і палітыкі, трэба адчуць настроі, якія тады панавалі. Таму, на маю думку, гэта паўстаньне павінна было выбухнуць.

Віктар Корбут

Фота: Marcin Dziedzic/Teraz44.pl

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт