Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія ўлады баяцца эканамічнага шоку

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.09.2018 16:23
  • ўлады баяцца.mp3
Так беларускі ўрад патлумачыў адмову ад крэдыту Міжнароднага валютнага фонду.
Bloomberg

Сродкі на пераўтварэньні Менск спадзяецца атрымаць у Азіі, замест Захаду.

У нядзелю 9 верасьня міністар фінансаў Беларусі заявіў, што ўрад адмовіўся ад крэдытнай праграмы Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Прычынай адмовы стаў «шокавы характар» праграмы МВФ. Такое тлумачэньне агучыў чыноўнік, спаслаўшыся на меркаваньне Аляксандра Лукашэнкі. Беларускага кіраўніка не задаволілі хуткія тэмпы рэформаў, які прапанаваў МВФ. Ён убачыў у гэтым вялікі шок для грамадзтва.

Незалежныя экспэрты лічаць, што насамрэч «шок» ад рэформаў можа зазнаць не грамадзтва, а Лукашэнка. Адмова ад праграмы МВФ – палітычная рашэньне перакананы аналітык Цэнтра новых ідэй Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня: Палітыка – самы важны чыньнік, які тут існуе. Ніякіх эканамічных аргумэнтаў не засталося па тым баку, які раней быў супраць рэформаў. Ужо нават на ўзроўні ўрада выразна бачна, што яны выступаюць за рэформы. Крытыкі сёньня ў меншасьці. Нават сам Лукашэнка ўсё больш і больш адыходзіць ад кіраваньня ў ручным рэжыме, усё больш паўнамоцтваў перадаецца іншым людзям. Адсюль ягоная злосьць, як у Оршы, што ён перадаў, а ўсё развалілася. Разам з тым, пануе стаўленьне, каб без яго не праводзіць ніякіх хуткіх рэформаў. Маўляў пачакайце маёй сьмерці.

У сваю чаргу вядомы менскі эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што Менск ад рэформаў не адмовіцца. Яны будуць праводзіцца толькі за іншыя грошы. Пры гэтым нежаданьне дамовіцца з МВФ экспэрт лічыць памылкай.

Сяргей Чалы: На маю думку, гэта няправільныя заявы. У іх няма ніякай навіны. Яны тычыцца падзей вясны мінулага года, калі былі дамоўленасьці з МВФ адносна ўмоваў ды ўсяго. Патрэбны быў толькі подпіс Аляксандра Лукашэнкі пад лістом аб намерах зьвярнуцца ў МВФ па дапамогу. Гэтага не адбылося. Я лічу, што цяпер сытуацыя зьмянілася, і міністру трэба было зноў паспрабаваць прыйсьці ды Лукашэнкі й зноў сказаць пра праграму МВФ. На маю думку, прагучалі няправільныя заявы. Тады мы зачынілі пытаньні перамовамі з Расеяй па нафце ды газе і мытным мэханізму. Масква цяпер перакрывае гэты канал. Зьявілася патрэба зьвярнуцца ў МВФ. Замест гэтага беларускі ўрад будзе спрабаваць выходзіць на азіяцкія рынкі капіталу. Нядаўна краіна атрымала сувэрэнны рэйтынг у Кітаі. Сродкі патрэбныя на вырашэньні старой праблемы з 2015-га года: рэструктурызацыя стратных прадпрыемстваў, кепскіх даўгоў.

Беларусь карысталася сродкамі МВФ у 2009-2010 гадах. У 2015 Менск вёў перамовы пра новы крэдыт 3 мільярды даляраў ад фонду. Аднак тады Лукашэнка назваў умовы крэдытаваньня «прыніжальнымі ды непад’ёмнымі» і Менск адмовіўся ад дапамогі. Цяпер сытуацыя паўтараецца.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт