Logo Polskiego Radia
Print

Маладыя палякі не баяцца браць бальнічны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.09.2018 15:35
Прычына ў тым, што сытуацыя на рынку працы пастаянна паляпшаецца.
www.pixabay.com

Маладыя людзі ў Польшчы ахвотна ідуць на бюлетэнь па хваробе. Згодна статыстычным зьвесткам, у мінулым годзе 30-гадовыя жыхары краіны правялі на бюлетэні звыш 70 млн. дзён. На 15 млн. больш, чым дзесяцьцю гадамі раней – піша «Dziennik Gazeta Prawna».

Прычынай адсутнасьці на працы часьцей за ўсё зьяўляецца мацярынскі або бацькоўскі адпачынак, але расьце таксама колькасьць кароткіх бальнічных лістоў, да 10 дзён. Чаму так адбываецца? Галоўная прычына ў тым, што маладыя супрацоўнікі не баяцца браць бальнічныя лісткі, паколькі сытуацыя на рынку працы пастаянна паляпшаецца. У сваю чаргу для дзяржавы рост колькасьці бальнічных – гэта галаўны боль. Трывожыцца старшыня Кампаніі сацыяльнага страхаваньня (якая плаціць за прабываньне на бюлетэні ў залежнасьці ад яго тэрміну – нг). Гэртруда Усьціньска (Gertruda Uścińska) адзначае, што асабліва непакоіць тое, што рэзка вырас адсотак кароткатэрміновых бюлетэняў.

У сувязі з ростам колькасьці бальнічных расьце дэфіцыт у фондах Кампаніі сацыяльнага страхаваньня – у гэтым годзе ён складае ўжо рэкордныя 8,5 млрд. злотых. Кампанія спадзяецца, што колькасьць прапісаных бюлетэняў панізіцца, калі пачне дзейнічаць сыстэма электронных бальнічных. Ведамства рыхтуе таксама прапанову законапраекту, які дазволіць кантралёрам больш дакладна правяраць, ці людзі на бальнічным на самой справе хворыя.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт