Logo Polskiego Radia
Print

За хабар будзе пагражаць нават 20 г. турмы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.10.2018 13:51
Міністэрства юстыцыі падрыхтавала дапаўненьні і папраўкі ў Крымінальны кодэкс.
pixabay.com/Public Domain CC0

За ўзяцьце хабару ў памеры звыш мільёна злотых будзе пагражаць нават 20 гадоў турэмнага зьняволеньня – інфармуе «Dziennik Gazeta Prawna». Міністэрства юстыцыі падрыхтавала дапаўненьні і папраўкі ў Крымінальны кодэкс, згодна якім хабарніцтва ў асабліва вялікіх памерах будзе злачынствам, а не правапарушэньнем.

Па словах міністра юстыцыі, генэральнага пракурора Зьбігнева Зёбры, дагэтуль пакараньне за хабарніцтва было надта мяккім, яно не адпужвала афэрыстаў. На дадзены момант за хабарніцтва ў буйных памерах (звыш 200 тыс. злотых) пагражае ад 2 да 12 гадоў турмы. Раней за гэта давалі часьцей за ўсё ўмоўнае пакараньне.

У 2016 годзе сярод 338 чалавек, асуджаных за хабарніцтва, толькі 20 асоб трапіла за краты, 290 атрымалі прысуд з адтэрміноўкай альбо больш мяккія пакараньні.

«Цяпер многія мяркуюць, што аплачваецца рызыкаваць, узяць шматмільённы хабар, прыхаваць грошы і пачуць прысуд з адтэрміноўкай. Мы хочам, каб махляры зьмянілі сваё стаўленьне да гэтага пытаньня», – кажа Зьбігнеў Зёбра.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт