Logo Polskiego Radia
Print

Польская сям’я выдаткуе на падрыхтоўку да Раства $310

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.12.2018 15:12
Цікава, што ў Польшчы як раз мужчыны падвяргаюцца спакусе расходаваць больш.
www.pixabay.com/Monika/CC0 Creative Commons

Польская сям’я ў сярэднім выдаткуе на калядныя сьвяты 1168 злотых (то бок $310). Гэта на 64 злотых ($17) больш, чым годам раней. У параўнаньні з іншымі краінамі Эўропы, выдаткі палякаў на сьвяты растуць найбольш хутка, хаця агульная сума значна меншая, чым у іншых краінах, адзначае Радаслаў Підзік з апытальнага цэнтра Deloite, які штогод праводзіць міжнародныя дасьледаваньні адносна пакупак на сьвяты.

Радаслаў Підзік: Палякі найбольш гнуткія, калі разглядаць перавышэньне заплянаваных расходаў на сьвяты. Ажно 53% апытаных заявілі, што ў мінулым годзе выдаткавалі на 200 злотых ($53) больш, чым плянавалі. Цікава, што ў Польшчы як раз мужчыны падвяргаюцца спакусе расходаваць больш.

36% рэспандэнтаў плянавалі купляць падарункі ў першай палове сьнежня, 22% пакідаюць гэтае заданьне на апошні момант. Удзельнікі апытаньня заявілі, што 44% грошай, прызначаных на падарункі, яны выдаткуюць у інтэрнэт-крамах. У гэтай галіне палякаў апераджаюць толькі вялікабрытанцы і немцы.

Радаслаў Підзік: Вялікі адсотак палякаў заявіў, што будзе рабіць пакупкі ў звычайных крамах – 58%, пры чым гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Эўропе. Напрыклад, партугальцы і гішпанцы вельмі моцна прывязаныя да звычайных крамаў.

Найбольш папулярныя падарункі, якія купляюць палякі сваім родным пад ёлку, гэта кніжкі, касмэтыка, парфумы і ласункі.

Апошнімі гадамі пашыраецца ў Польшчы мода на ўдзел у дабрачынных кампаніях. 10% апытаных заявілі, што падрыхтуюць падарункі для незнаёмых.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт