Logo Polskiego Radia
Print

"Часопіс" вырашыў пераўтварыць свой сайт у багаты зьместам партал

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.12.2018 09:16
Штомесячнік беларусаў Польшчы выходзіць на дзьвюх мовах - па-польску і па-беларуску.
www.radyjo.net

Апошні ў бягучым годзе нумар штомесячніка «Часопіс» таўсьцейшы, чым звычайна. Раз у год рэдакцыя прапануе сваім чытачам каляндар на Новы год, традыцыйна і ў гэтым нумары ёсьць каляндар на 2019 год. Акрамя таго, ёсьць у выданьні падсумаваньне некаторых падзей мінаючага году, важных для беларусаў Польшчы, гістарычная хроніка. Па традыцыі «Часопіс» зьмяшчае артыкулы на дзьвюх мовах – па-польску і па-беларуску.

Адкрывае выданьне ўступны артыкул галоўнага рэдактара Ежы Хмялеўскага. Ён вітае ня толькі ў новым нумары, але таксама на сайце Czasopis.pl, паколькі гэтую, дагэтуль сьціплую старонку, выданьне пераўтварыла ў багаты зьместам партал. З часам там будуць даступныя ня толькі артыкулы, якія друкуюцца ў папяровым выданьні, але таксама іншыя вартасныя і цікавыя тэксты. Сайт будзе абнаўляцца два-тры разы ў месяц. Хмялеўскі піша, што шырокае выкарыстаньне інтэрнэту – гэта знак часу, без яго ўсё цяжэй будзе знайсьці чытача, хаця сам аўтар кажа, што яму нашмат зручней чытаць надрукаваны тэкст. «Ажыцьцяўляем «Часопіс» у электроннай форме не таму, што настала такая мода, гэта проста неабходнасьць», – дадае галоўны рэдактар.

Выданьне ў хроніцы падзей згадвае, што 22 лістапада пасьля доўгай хваробы памёр Архімандрыт Айцец Гаўрыіл – важная постаць для беларусаў Беласточчыны. «Адыход гэтага сьціплага чалавека пазбаўляе нас яшчэ аднаго аўтарытэта, лекара душы і цела».

«30 гадоў свабоды. БАС суб’ектыўна» – пад такім загалоўкам Ежы Сульжык апісвае тры дзесяцігодзьдзі дзейнасьці Беларускага аб’яднаньня студэнтаў. Аўтар згадвае, як ён сам быў старшынём БАСу, як у 90-ыя гады ладзілі фэстываль Басовішча, з якім энтузіязмам тады палякі рэагавалі на «беларускасьць». «Мы пачыналі гаварыць на нашай, мясцовай мове, і людзі адразу адкрываліся. Мы былі «сваімі хлопцамі», – успамінае Сульжык.

У далейшай частцы выданьня – інтэрвію з беларускім бардам, паэтам, літаратуразнаўцам і краязнаўцам Андрэем Мельнікавым. Сяргей Чыгрын піша: з Мельнікавым цікава гутарыць, слухаць яго, захапляцца выкананьнем яго музычных твораў. Ён – таленавіты чалавек, а з таленавітым заўсёды ёсьць пра што паразмаўляць. У Польшчы выйшлі некалькі ягоных альбомаў. Мельнікаў згадвае, што яшчэ ў 90-ыя гады Алег Латышонак яму казаў, што яго песьні больш адпавядаюць польскай мэнтальнасьці. Але цяпер інтарэс да барда на Беласточчыне аслабеў, затое музыка шмат выступае ў Беларусі. Аўдыторыі падабаецца, што на канцэртах прысутная пэўная атмасфэра даверу, адкрытасьці. Акрамя музыкі, Мельнікава цікавіць літаратурная творчасьць. Ён дапісвае шэсьць кніг у апошняй дзясятцы сэрыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры».

«Часопіс» прысьвячае таксама свае старонкі пад культурную тэматыку. Ёсьць, між іншым, гутарка з Катажынай Тшаскай, рэжысёрам фільму пад загалоўкам «Вёска плаваючых кароў». Галоўны матыў дакумэнтальнай карціны: трое маладых бэрлінцаў едзе на ўсход Польшчы, пад мяжу зь Беларусяй, каб знайсьці чыстую, некранутую прыроду. Фільм перш за ўсё пра тое, што гарадзкія людзі думаюць пра жыцьцё на вёсцы, як яго сабе ўяўляюць. Гарадзкія, як галоўныя героі карціны – немцы – часта мараць жыць у вёсцы, а вясковыя мараць пераехаць у горад.

Сяргей Чыгрын піша пра Міхася Васілька – заходнебеларускага паэта, публіцыста і журналіста, якога рэдка згадваюць цяпер у Беларусі. У 20-30 гадах мінулага стагодзьдзя Васілёк прымаў актыўны ўдзел у грамадзка-культурным і палітычным жыцьці Заходняй Беларусі, быў сябрам Беларускай сялянска-рабочай грамады, ТБШ, арганізоўваў гурткі ТБШ, вёў культурна-масавую работу, працаваў сакратаром часопіса «Маланка».

Ёсьць у «Часопісе» і гістарычная старонка – згадваюцца падзеі, якія здарылася на працягу вякоў у сьнежні. Напрыклад, 695 гадоў таму, у 1323 годзе, пачалося будаўніцтва замка ў Лідзе, 220 гадоў таму, 24 сьнежня 1798, у Завосьсі нарадзіўся Адам Міцкевіч. І шмат іншых гістарычных датаў.

Пра старажытныя карані беларускай дуды піша Віталь Воранаў. Гістарычныя тэксты паказваюць, што дуда мае рысы папулярнага, характэрнага менавіта для беларусаў інструмэнта, на якім гралі ў карчме. Першая пісаная згадка пра беларускую дуду паходзіць з тэсту, напісанага ў 1610 годзе.

І яшчэ адзін тэкст Сяргея Чыгрына – пра вёску Шэйпічы, што на Пружаншчыне. Гэта, здавалася б, звычайная вёска, але яна дала Беларусі шмат знакамітых людзей. Адзін з іх – Язэп Урбановіч – арганізатар і кіраўнік антыфашысцкага падпольля і партызанскага руху ў гады Другой сусьветнай вайны. Другі – вядомы беларускі сьпявак Міхась Забэйда-Суміцкі.

Гэта быў агляд сьнежаньскага нумару выданьня «Часопіс». А больш тэкстаў – на сайце Czasopis.pl.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт