Logo Polskiego Radia
Print

Чаму так мала рэпатрыянтаў прыяжджае ў Польшчу?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.01.2019 14:26
Рэпатрыянты сустракаюцца ў Польшчы з такімі праблемамі, як пераклад дакумэнтаў, прызнаньне дыплёмаў ці адукацыі.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Польская дзяржава здаўна абяцае, што палякі, якія калісьці трапілі ў ссылку, змогуць вярнуцца на радзіму. Аднак рэпатрыяцыя ідзе ня так хутка, як магла б – піша «Rzeczpospolita». Летась у яе рамках прыехала ў Польшчу толькі 650 чалавек. Гэта, праўда, на 250 болей, чым годам раней, але і так менш, чым плянавалі арганізацыі, якія займаюцца падтрымкай нашчадкаў ссылак (да 1 тыс. асоб). Урад падрыхтаваў на дадзеныя мэты 50 млн. злотых, а ўдалося выдаткаваць у два з паловай разы менш.

На дадзены момант у базе RODAK, якая гуртуе людзей, што хацелі б вярнуцца ў Польшчу, ёсьць каля 3 тыс. прозьвішчаў. Гэта пераважна людзі, якія пражываюць у Казахстане, а таксама Расеі. Рэпатрыянты могуць скарыстацца дзьвюма магчымасьцямі пераезду ў Польшчу. Першая – гэта прыезд у спэцыяльны адаптацыйны цэнтар, дзе можна пражываць максымальна палову году і ўдзельнічаць у занятках па вывучэньні мовы і культуры, а таксама прафэсійных курсах. Рэпатрыянты атрымліваюць фінансавую дапамогу на пакупку або арэнду кватэры (25 тыс. злотых на аднаго чалавека пры куплі памяшканьня). Другая магчымасьць – атрыманьне запрашэньня з гміны. У гэтым выпадку муніцыпальныя органы даюць прыежджым жыльлё, на што атрымліваюць сродкі з дзяржаўнага бюджэту.

Чаму так мала чалавек прыяжджае ў рамках рэпатрыяцыі? Магчыма, таму, што ў краіне ёсьць толькі два адаптацыйныя цэнтры. Рэпатрыянты сустракаюцца ў Польшчы з такімі празаічнымі праблемамі, як пераклад дакумэнтаў, прызнаньне дыплёмаў ці адукацыі. Цяжка таксама вывучыць польскую мову, бо школы ня ладзяць навучаньня па іх месцы жыхарства.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт