Logo Polskiego Radia
Print

Ці Расея выношвае пляны па захопу Беларусі?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.02.2019 11:30
На дадзеным этапе такі сцэнар для Расеі зусім ня выгадны.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Выданьне «Sieci» закранае беларускую тэматыку. Пад канец мінулага году пачалі паяўляцца зьвесткі, з якіх можна было зрабіць выснову, што Расея зьбіраецца захапіць Беларусь – нагадвае аўтар артыкулу Аляксандар Стральцоў-Карвацкі. Чаму Расея пачала інфармацыйную атаку на Беларусь? Не сакрэт, што «палітычнае крымскае паліва» заканчваецца. Нападаючы на Беларусь, пуцінскі лягер разьлічваў на паляпшэньне свайго іміджу. Канешне, існуе верагоднасьць, што ў штабе Пуціна сапраўды існуе плян захопу Беларусі, але ён хутчэй чыста тэарэтычны, паколькі на дадзеным этапе такі сцэнар Расеі зусім не аплочваецца. Такое рашэньне магло бы быць прынятае ў выключнай сытуацыі, калі б уладныя структуры вырашылі, што яны павінны зрабіць прэвэнтыўныя крокі перад абліччам падобных плянаў супрацьлеглага боку, гэта значыць, NATO. Так было ў Грузіі ці Ўкраіне. У Грузіі дзеяньні Расеі былі спыненыя, калі ўладу ў дзяржаве ўзяў у свае рукі чалавек, прымальны для Масквы.

Чаму Расея пакуль што не зацікаўленая сілавым варыянтам у Беларусі? Таму што на чале краіны застаецца А. Лукашэнка, саюзьнік Крамля, які, праўда, захоўвае шырокую аўтаномію, але не выступае супраць пазыцыі Расеі ў сьвеце.

Галоўнай праблемай у беларуска-расейскіх адносінах зьяўляецца тое, што Расея ня можа ўжо далей шчодра датаваць беларускую эканоміку, ёй прыходзіцца захоўваць гэтыя сродкі для сябе. Беларусь шмат страціць з-за гэтак званага падатковага манэўру, які заключаецца ў павышэньні вывазных пошлін на нафту. Беларусь перапрацоўвае расейскую нафту, зарабляючы на гэтым, але ў Расеі няма выбару, ёй прыходзіцца пастаўляць сыравіну на перапрацоўку ў беларускія НПЗ, паколькі на заходняй тэрыторыі, якая падпарадкоўваецца расейскім уплывам, іншых заводаў такой моцы проста няма.

Акрамя НПЗ, у Беларусі ёсьць таксама іншыя козыры, якія студзяць расейскія памкненьні пачаць вострую канфрантацыю – гэта стратэгічныя вайсковыя аб’екты. Спроба зьвергнуць Лукашэнку была б рызыкоўнай. Нягледзячы на тое, што беларуская апазыцыя разьбітая, то нельга сказаць, што няма патэнцыялу антырасейскіх настрояў. Лукашэнка, канешне, сатрап, але яму ўдалося адхіліць небясьпеку самай дрэннай вэрсіі інтэграцыі – інкарпарацыю. Беларусы не зьмірыліся б так проста са стратай незалежнасьці. Ці яны ўзялі б зброю ў рукі, каб за яе змагацца? Цяжка сказаць. Але нават калі б Расеі ўдалося захапіць Беларусь, ён прыйшлося б у яе шмат інвэставаць, як у Крым або Данбас. Чым даўжэй існуе незалежная беларуская дзяржава, тым мацнейшая нацыянальная сьвядомасьць яе жыхароў.

Sieci/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт