Logo Polskiego Radia
Print

Калі дзіця нарадзілася ляўшой, лепш яго не вучыць пісаць правай рукой

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.03.2019 16:14
  • ляўша.mp3
Якая галіна жыцьця менш за ўсё бярэ пад увагу выгоду леварукіх? Сучасныя тэхналёгіі.
pfoto: www.pixabay.com/Anna Prosekova/CC0 Creative Commons

Каля 10% дзяцей у нашай частцы сьвету нараджаецца ляўшамі. Гэта значыць, што ў іх левая рука больш разьвітая і спраўная, чым правая. Калісьці дамінаваў погляд, што дзяцей неабходна перавучваць, каб яны прывыкалі пісаць, рысаваць правай рукой. На шчасьце, ад гэтага падыходу ўжо адмовіліся.

Што цікава, ляўшы часьцей нараджаюцца ў краінах Усходняй Эўропы, Азіі ды Аўстраліі, чым у Заходняй Эўропе, Амэрыцы ці Афрыцы. Згодна са статыстыкай, на сьвеце пражывае каля паловы мільярда леварукіх людзей. Гэта нямала, але, на колькі я памятаю, калі я вучылася ў школе, ніхто з маіх аднаклясьнікаў не пісаў левай рукой. Так было таму, што ў Савецкім Саюзе дзяцей перавучвалі, застаўлялі карыстацца правай рукой, нават калі хтосьці нарадзіўся ляўшой.

Журналіст Польскага Радыё Мацей Валецкі нарадзіўся леварукім. Ён адзначае, што ў прынцыпе ня так цяжка быць ляўшой, як можа здавацца, але ёсьць адна галіна, якая ўскладняе жыцьцё леварукіх.

М. Валецкі: У дарослым жыцьці леварукасьць не зьяўляецца праблемай. Спакойна можна вадзіць машыну, выконваць іншую працу. Аднак ёсьць выключэньне. Вы не здагадаецеся, якая галіна жыцьця менш за ўсё бярэ пад увагу выгоду леварукіх. Гэта сучасныя тэхналёгіі. Скажам, кампутэрная мыш. Кнопкі на ёй так зробленыя, каб было зручна праварукім. Канешне, можна іх пераставіць, але трэба было б гэта рабіць на кожным кампутары, усюды, дзе я б хацеў хаця б на хвілінку прысесьці да кампутара, каб нешта праверыць. Я навучыўся абслугоўваць мышку ўказальным пальцам. Больш за ўсё нярвуюць мяне смартфоны. Дзеля таго, каб уключыць тэлефон, трэба націснуць з правага боку. Нядаўна я вырашыў купіць футляр на тэлефон. Канешне, у продажу былі толькі для праварукіх, якія адкрываюцца зь левага боку, як вокладка кніжкі.

Сапраўды, калі прыкладна 90% людзей – праварукія, то і рэчы як правіла праектуюцца для тых, хто карыстаецца правай рукой. У ляўшы могуць узьнікнуць цяжкасьці падчас карыстаньня нажніцамі, штопарам, згаданым тэлефонам ці іншымі прадметамі штодзённага карыстаньня. Нават звычайныя дзьвярныя ручкі так зробленыя, каб было выгодна праварукім. Ляўшам прыходзіцца прывыкаць ня толькі да некаторых нязручнасьцяў у штодзённым жыцьці, але таксама да розных рэакцый акружэньня, – адзначае псыхоляг Катажына Кноп.

К. Кноп: Так здараецца, што большыя праблемы ў леварукіх узьнікаюць не з-за вышэй згаданых цяжкасьцяў, а з-за рэакцыі акружэньня – бацькоў, выхавацеляў, якія прымушаюць дзіця карыстацца прадметамі так, як праварукія. Дарэчы, прыкладна да канца першага году жыцьця цяжка ўпэўнена сказаць, ці дзіця праварукае, ці леварукае. Пазьней паступова вырысоўваецца дамінуючы бок – правы ці левы. Першаклясьнік ужо ведае, якой рукой ён хоча пісаць. Лепш не перавучваць дзіця, не прымушаць ляўшу пісаць правай рукой, паколькі гэта вельмі дрэнна на яго ўплывае.

Ляўшам цяжэй прыходзіцца ў жыцьці. Ня толькі большасьць прыладаў працы праектуюцца для праўшэй, але таксама акружэньне, асабліва ў дзяцінстве, часта зьвяртае празьмерную ўвагу на такіх людзей, і не заўсёды яны ўспрымаюцца станоўча. Можа таму, што леварукім прыходзіцца час ад часу выкарыстоўваць для працы або іншай дзейнасьці правую руку, у іх часта назіраюцца вышэйшыя тэхнічныя здольнасьці, чым агулам у грамадзтве або ў праварукіх. Працягвае псыхоляг Катажына Кноп.

К. Кноп: Гэтым асобам цяжэй прабіцца ў многіх галінах жыцьця. У выніку ў іх разьвіваецца лепшая арыентацыя ў прасторы, ім неабходна справіцца з нэгатыўнымі эмоцыямі. Леварукім прыходзіцца быць крэаўтыўнымі, прыстасавацца жыць у сьвеце, які зладжаны так, каб зручна было праварукім. Некаторыя дасьледаваньні паказваюць таксама, што ў леварукіх крыху вышэйшы ўзровень інтэлігентнасьці. Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Анджэй Вайда, Альберт Эйнштэйн былі ляўшамі. Гэта клюб выдатных людзей, і ніхто ня быў бы супраць належаць да такога клюбу.

Калісьці многія вучоныя лічылі, што дамінацыя адной з рук залежыць у вялікай ступені ад паводзін дзіцяці ўжо пасьля нараджэньня. Цяпер жа погляды памяняліся, і мяркуецца, што гэта прыроджаная якасьць, а не набытая. Дарэчы, праўшы і ляўшы ёсьць таксама сярод прадстаўнікоў жывёльнага сьвету. Напрыклад, сярод катоў большасьць – праўшы, а вось усе белыя мядзьведзі – ляўшы.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт