Logo Polskiego Radia
Print

Чаму ў Варшаве так мала помнікаў?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.03.2019 15:11
Калі помнікаў няма, народ маўчыць. Можа, ён саромеецца або ня ведае, што сказаць.
Photo: adnovak/pixabay.com/CC0 Public DomainPhoto: adnovak/pixabay.com/CC0 Public DomainPhoto: adnovak/pixabay.com/CC0 Public Domain

У выданьні «Sieci» артыкул пра помнікі, а дакладней, пра тое, што гэтых помнікаў у Польшчы не хапае. Цэнтры сталіц, самыя прэстыжныя раёны – гэта каралеўства помнікаў. Гэтак сытуацыя выглядае ў Парыжы, Рыме, Лёндане, Мадрыдзе ды многіх іншых гарадах. Прагулка па вуліцах такіх гарадоў – гэта цікавы ўрок гісторыі і нацыянальнай тоеснасьці, даступны для мільёнаў. Калі помнікаў няма, народ маўчыць. Можа, ён саромеецца або ня ведае, што сказаць.

Той, хто сьмяецца над помнікаманіяй, гэтага не разумее, або ня хоча, каб палякі былі сабой – народам, у якога ёсьць багатае мінулае. Няпраўда, што мода ставіць помнікі на сьвеце ўжо прайшла. Наадварот – у эпоху глябалізацыі народы шукаюць уласнага «мы», запаўняюць грамадзкую прастору сымбалічнымі знакамі, якія яднаюць сьвядомасьць.

У Варшаве помнікаў мала, многія сарамліва пахаваныя ў кусты або спальныя раёны. Мала гістарычных постацей, затое ёсьць два прыгожыя помнікі варшаўскіх русалак. Аднак мала хто ведае, што першапачаткова плянавалася, каб адзін з помнікаў быў з зялёнага шкла, падсьветленага знутры, і павінен быў ён стаяць пасярод ракі Віслы. На жаль, праект не прайшоў з-за высокіх коштаў. Шкада, бо такі арыгінальны помнік выдатна прыцягваў бы турыстаў, мог бы стаць іконай горада.

Няма папулярызацыі ўласнай гісторыі, якую пасьпяхова вядуць іншыя народы. Самыя буйныя плошчы Варшавы пераважна пустыя. Чаму ў польскай сталіцы няма помніка Мешку Першаму, ад якога, на думку гісторыкаў, пачалася польская дзяржава? Чаму няма гетмана Жалкеўскага, які разграміў маскоўскія войскі, бацькоў польскай літаратуры Рэя і Каханоўскага? Дзеўчын з Польскай вайсковай арганізацыі? Дывізіёну 303? Польскіх спэцыялістаў, якія адкрылі таямніцу фашысцкай шыфравальнай машыны Энігма? Працягваць можна доўга. Аўтар піша, што палякі чамусьці не расказваюць іншым, які важны ўклад у жыцьцё краіны ды сьвету ўнесьлі паасобныя прадстаўнікі народу. «Калі мы нашых герояў хаваем па кустах, то ў кустах будзе наша месца», – мяркуе Мацей Паўліцкі.

Sieci/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт