Logo Polskiego Radia
Print

Брытанская лябараторыя пацьвердзіла, што на абломках Ту-154М быў тратыл

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.03.2019 14:09
  • тратыл.mp3
Польская пракуратура атрымала адказ з лябараторыі, у якую адправіла каля 200 проб.
Абломкі прэзыдэнцкага самалёта ў смаленскім аэрапорцеАбломкі прэзыдэнцкага самалёта ў смаленскім аэрапорцеPolskie Radio/Włodzimierz Pac

Набліжаецца гадавіна крушэньня польскага ўрадавага самалёта Ту-154М 10 красавіка 2010 году. Нагадаем, у выніку катастрофы, якая здарылася пад Смаленскам, загінула 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, ягоная жонка і чальцы ўрадавай дэлегацыі, якая адпраўлялася на ўрачыстасьці, зьвязаныя з гадавінай катынскага забойства. У Польшчы да сёньняшняга дня не ўдалося высьветліць усе акалічнасьці і прычыны здарэньня.

Паводле афіцыйнай вэрсіі Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту, прычынай трагічнага крушэньня было дрэннае надвор’е і памылка пілётаў. У сваю чаргу многія людзі ў краіне не жадалі паверыць у трагічны выпадак і даказвалі, што на борце здарыўся выбух. Нейкі час таму Польская пракуратура выслала больш за 200 проб у ангельскую судовую лябараторыю (Forensic Explosives Laboratory), якая падпарадкоўваецца брытанскаму міністэрству абароны. Надоечы сталі вядомыя частковыя вынікі дасьледаваньня, была прысланая справаздача. Сэнсацыйныя паведамленьні друкавала ўжо выданьне «Sieci», аб чым мы паведамлялі. Аказалася, што ў пробах ангельскія дасьледчыкі знайшлі сьляды тратылу.

Госьць Польскага радыё 24 – журналіст Цэзары Гмыз, які яшчэ ў 2012 годзе надрукаваў тэкст у газэце «Rzeczpospolita»: «Тратыл на разьбітым самалёце», за што быў звольнены з выданьня. Тады польская пракуратура завярала, што на абломках не было сьлядоў выбуховых рэчываў.

Ц. Гмыз: Так, і на маю думку, хтосьці павінен быць пакараны за гэтую хлусьню. Хтосьці быў зацікаўлены, каб праўда не была распаўсюджаная ў грамадзтве. Болей таго, на пасяджэньні Камісіі юстыцыі і правоў чалавека пракуроры прызналі, што іх прыборы зафіксавалі прысутнасьць тратылу на абломках. Тым ня менш, гэтая інфармацыя не дайшла да грамадзкай думкі, а была распаўсюджаная інфармацыя Цэнтральнай лябараторыі крыміналістыкі, якая пераконвала, што не было тратылу. Аднак іншыя навукоўцы даказалі, што была прынятая памылковая мэтадалёгія.

І таму пробы былі адпраўлены за мяжу, у лябараторыі іншых краін. І цяпер брытанская лябараторыя пацьвердзіла, што ўсё ж такі на абломках ёсьць сьляды тратылу.

Ц. Гмыз: Гэта толькі адна з лябараторый, куды былі высланыя пробы. Яны былі адпраўленыя таксама ў іншыя лябараторыі, адкуль яшчэ няма адказу. Дарэчы, з ангельскай лябараторыі паступіла пакуль толькі частковая справаздача. Трэба сказаць, што гэта адна з самых прэстыжных такога тыпу ўстаноў, яна ж дасьледавала выбух Боінга над Локэрбі (машына была ўзарваная лівійскімі агентамі). Лябараторыя атрымала некалькі соцень проб, якія былі ўзятыя пракурорамі з абломкаў польскай машыны, што разьбілася пад Смаленскам. Пробы былі адпраўленыя таксама ў іншыя лябараторыі. Іх дасьледуюць між іншым гішпанцы, італьянцы, ірляндцы і амэрыканцы.

Цікава, як паставіцца да інфармацыі пра тое, што брытанцы знайшлі ў пробах сьляды тратылу, Мацей Лясэк, які кіраваў камісіяй, што дасьледавала прычыны катастрофы. Ён ужо амаль 9 гадоў даказвае, што пад Смаленскам мела месца нешчасьлівае здарэньне.

Ц. Гмыз: Калектыў Мацея Ляска ніколі не імкнуўся раскрыць усю праўду пра трагедыю. Яго праца зводзілася да чыстай прапаганды, накіраванай, дарэчы, толькі да адной часткі грамадзтва, той, якая чытае лібэральную прэсу і глядзіць лібэральнае тэлебачаньне (Gazeta Wyborcza i TVN24). Я хацеў бы нагадаць, што пракуроры, якія паехалі ў Смаленск у 2012 годзе, каб узяць пробы, не забралі з сабой датчыкаў, якія фіксуюць сьляды зубной пасты ці пасты для абутку. Не, яны ўзялі датчыкі, якія рэагуюць на сьляды выбуховых рэчываў, у тым ліку прыборы польскай фірмы, якія сканструяваў інжынэр Букшчанін. Я з ім размаўляў, і ён сказаў, што калі яго датчык пакажа прысутнасьць тратылу, то гэта тратыл там быў.

Былі такія меркаваньні, што, напрыклад, сьляды пораху ў самалёце былі прысутныя, паколькі порах уносілі на борт машыны ахоўнікі са Службы аховы ўраду, якія былі ўзброеныя агнястрэльнай зброяй.

Ц. Гмыз: Не, калі гаворка ідзе пра матэрыял, які выкарыстоўваецца ў патронах агнястрэльнай зброі, то там няма тратылу. Так што ня можа быць сьлядоў тратылу, якія паходзяць з агнястрэльнай зброі ахоўнікаў. Больш таго, розныя датчыкі зафіксавалі ў гэтых пробах таксама іншыя выбуховыя рэчывы, напрыклад, гексаген.

Польская пракуратуры атрымала адказ з брытанскай лябараторыі FEL, якая дасьледавала пробы, узятыя з абломкаў самалёта Ту-154М, пацярпелага крушэньне пад Смаленскам. Брытанскія навукоўцы знайшлі на пробах сьляды тратылу. Лябараторыя не бярэцца ацэньваць, адкуль маглі ўзяцца сьляды выбуховых рэчываў і рабіць высновы на тэму ўяўных прычын катастрофы.

PR24/пераклад нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт