На Падляшшы, так як і ў Беларусі, вернікі каталіцкага верывызнаньня ў нядзелю 21 красавіка сьвяткуюць Вялікдзень, а праваслаўныя – Вербную нядзелю. На падляскіх вёсках, асабліва ў Гайнаўскім і Бельскім паветах, значна больш праваслаўных жыхароў, і таму яны пойдуць у цэрквы асьвячаць галінкі вярбы.
На Падляшшы на Вербную нядзелю часьцей кажуць Вербніца. На Вербніцу паўсюдна асьвячаюць у царкве галінкі вярбы, якія пасьля доўга захоўваюць у хаце.
Гістарычныя вытокі Вербніцы паходзяць ад паганскіх часоў, калі продкі ўшаноўвалі культ зеляніны, што зьвязвалася з прыходам вясны і распусканьнем першага дрэва. У хрысьціянстве гэты дзень прымяркоўваецца да Ўваходу Ісуса Хрыста ў Ерусалім, дзе народ сустракаў яго пальмавымі галінкамі. Гэтыя вербы азначаюць, што мы выходзім насустрач Хрысту-збавіцелю, і павінны быць годнымі прыняць яго ў сваё сэрца.
Асьвечаныя веткі прынята захоўваць увесь год як крыніцу цудатворнае сілы. Па народным павер'і, вярбе прыпісвалася магічная сіла ўплываць на ўраджай палёў і лугоў. Лічылася таксама, што вярба валодае здольнасьцю надзяляць здароўем і энэргіяй людзей і жывёлу, абараняць іх ад захворваньняў і нячыстае сілы. Вярбе прыпісвалася таксама сіла ахоўваць хаты ад пажараў, а нівы – ад граду, спыняць буру, распазнаваць ведзьмакоў і ведзьмаў, выяўляць скарбы. Коцікі вярбы давалі есьці бясплодным жанчынам.
Пасьля асьвячэньня галінак вярбы прынята было сьцябаць імі адзін аднаго з прыгаворкамі й пажаданьнямі. На Беласточчыне казалі:
Вярба б'е – ня я б'ю .
За тыдзень Вялікдзень.
Будзь здаровы, як вада,
Будзь багаты, як зямля,
Расьці хутка, як вярба.
Людзі верылі, што, б'ючы асьвечанымі галінкамі, можна перадаць чалавеку здароўе, жыцьцёвую моц, прыгажосьць гэтага дрэва, якое першым абуджаецца ад зімовага сну – а значыць, зьяўляецца сымбалем адраджэньня жыцьцья й здароўя, а нават пудзілам на ўсялякую чартоўшчыну. Таму вербачкамі ўпрыгожвалі дамы, затыкалі іх за абразы, а нават клалі на магілы блізкіх людзей.
Паводле Беларускае міфалогііі: Энцыклапедычнага слоўніка (Мінск 2004), падрыхтаванага Сяргеем Санько, Тацьцянай Валодзінай, Уладзімерам Васілевічам ды іншымі, асьвячэньне вярбы ўспрымалася ў народзе як выгнаньне зь яе нячыстага духу. Паводле народных вераваньняў, чэрці ўцякаюць з вады пасьля Вадохрышча ды пасяляюцца на вярбе, пакуль яе не асьвецяць на Вербніцу, пасьля чаго ўцякаюць у траву да яе асьвячэння на Яна (Купалле).
Асьвечаныя вербачкі выкарыстоўваліся і ў народнай мэдыцыне: ад зубнога болю і ад ліхаманкі трэба было зьесці 9 вербных пупышак; давалі іх дзецям таксама ад глістоў. Галінку вярбы падпальвалі і дымам абкурвалі хворага, ці гняздо квактухі, а попелам зь яе пасыпалі месца вакол калыскі нованароджанага дзіцяці.
Асьвечанай вярбе надаваліся магічныя ўласьцівасці, таму яна, як хрышчэнская вада ды грамнічныя сьвечкі, доўга захоўвалася ў доме і ўжывалася пры розных патрэбах. Яе бралі з сабою ў поле, калі ішлі араць ральлю, таксама на Юр'е, калі ішлі ў поле «расу таптаць» і ўторквалі ў зямлю, каб збожжа было тоўстае і вялікае, як вярба. Вярбою выганялі першы раз навыган жывёлу і г. д.
3 дапамогаю асьвечанай вярбовай галінкі дзяўчаты праводзілі варажбу: сьцебануўшы незнаёмага хлопца, пыталі ў яго імя, спадзеючыся даведацца такім чынам імя свайго будучага мужа.
На наступны год у Вербную нядзелю вярбовыя галінкі замяняюць новымі, але старых нельга выкідваць – іх трэба спаліць альбо закапаць у зямлю.
Вербная нядзеля распачынае апошні тыдзень Вялікага посту, самы важны для хрысьціян тыдзень, які называецца Вялікім тыднем перад уваскрэсеньнем Хрыста. Гэта добрая нагода, каб задумацца над сэнсам жыцьця, яго мэтамі. Сьвятары заклікаюць у гэты час імкнуцца да прымірэньня зь ншымі людзьмі. Гэта таксама апошняя нагода для вернікаў канфэсій усходняга абраду, каб ісьці да споведзі перад Вялікаднем.
Ніна Баршчэўская
(здымак мае ілюстрацыйны характар)