Logo Polskiego Radia
Print

Уладзіслаў Рэймант перамог Томаса Мана

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 07.05.2019 15:47
  • Рэймант.mp3
Згадваем польскага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры ў дзень яго народзін.
Уладзіслаў Рэймант, карціна Яцэка Мальчэўскага, 1905 г.Уладзіслаў Рэймант, карціна Яцэка Мальчэўскага, 1905 г.https://commons.wikimedia.org/By Jacek Malczewski - cyfrowe.mnw.art.pl, Domena publiczna

152 гады таму, 7 траўня 1867 нарадзіўся Ўладзіслаў Рэймант – польскі пісьменьнік, які ў 1924 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры за раман «Мужыкі». Іншыя вядомыя творы Ўладзіслава Рэйманта - гэта «Зямля запаветная», «Камэдыянтка» «Фэрмэнты», «Летуценьнік», «Лілі». Пасьмяротна, у 2018 годзе, пісьменьнік быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла.

Уладзіслаў Рэймант пісаў раманы, апавяданьні й рэпартажы. Ягоныя творы паказваюць сацыяльныя й экзыстэнцыяльныя праблемы, трагізм паўсядзённага жыцьця ў правінцыі.

Рэймант стаў вядомы дзякуючы апублікаванаму ў 1899 годзе двухтомніку «Зямля запаветная», у якой стварыў панарамную карціну маладога капіталізму на фоне шматкультурнай Лодзі.

А міжнародную вядомасьць прынёс Рэйманту 4-томны раман «Мужыкі», які паказвае жыцьцё сельскай грамадзкасьці вёскі Ліпцэ. За гэты раман у 1924 годзе паляк атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Гэта быў другі польскі пісьменьнік, пасьля Генрыка Сянкевіча, які стаў ляўрэатам гэтай прэміі.

Вакол асобы Рэйманта нарадзіліся некаторыя стэрэатыпы, а таксама да сёньняшняга дня ў біяграфіі пісьменьніка застаюцца белыя плямы. Прафэсар гісторыі літаратуры Ян Тамкоўскі выяўляе некаторыя зь іх:

Ян Тамкоўскі: Здавалася б, што Рэймант, які так вобразна і дакладна апісаў жыцьцё сялян, сам быў пісьменьнікам сялянскага паходжаньня. Гэта першая містыфікацыя – гэта няпраўда. Ён ня быў мужыком, яго бацька ня быў мужыком і ніякім чынам ня быў зьвязаны з сялянскай абшчынай. Рэймант напісаў таксама «Зямлю запаветную». Многім жыхарам Лодзі, дзе адбываецца дзея раману, здаецца, што Рэймант жыў у Лодзі. А на самой справе Рэймант ніколі ў Лодзі ня жыў. Мы кажам сёньня аб гэтым з пэўнай заклапочанасьцю, таму што Лодзь вельмі ўшаноўвае Рэйманта.

Прафэсар расказаў таксама розныя анэкдоты, зьвязаныя з жыцьцём Уладзіслава Рэйманта, расказаў, як цяжка яму было знайсьці свой жыцьцёвы шлях.

Ян Тамкоўскі: Маладому Рэйманту бацькі вызначалі розныя ролі, якія яму ня надта падабаліся. Спачатку быў кепскім арганістам. Рэймант, верагодна, быў не музыкальны, потым яго аддалі на вучобу да краўца, атрымаў пасьведчаньне чалядніка. Яму тады было 17 гадоў і ён вельмі добра сшыў фрак, але краўцом ніколі ня стаў. Гэтыя ролі выбралі яму бацькі, каб ён проста меў за што жыць. Але потым была яшчэ адна роля, якую ён сам сабе выбраў – хацеў стаць акторам. Пад прозьвішчам Урбаньскі выступаў у тэатры, але не ў Варшаве, не ў Кракаве і не ў Парыжы, а на правінцыі – у Турку, Ожаркаве, у Лэнчыцы, і, як кажуць, быў жахлівым акторам.

А потым быў яшчэ працаваў шараговым работнікам на чыгунцы, хацеў стаць ксяндзом, а нават манахам.

Рэймант заўсёды марыў мець вялікія грошы. І сапраўды вялікія прыйшлі да яго ў драматычных абставінах. Ён быў цяжка паранены ў чыгуначнай катастрофе. У 1901 годзе ён атрымаў вялікую кампэнсацыю. Рэймант атрымаў ашаламляльную ў той час суму 38,5 тысяч рублёў. Для параўнаньня, сучасьнік Стэфан Жаромскі за сваю першую кнігу атрымаў 75 рублёў, Эліза Ажэшка за адзін том рамана ўзяла 100 рублёў.

Другі раз шанцаваньне прыйшло да Рэйманта ў 1924 годзе, калі яму прызналі Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Тэарэтычна, у Рэйманта былі невялікія шанцы, кажа прафэсар Тамкоўскі.

Ян Тамкоўскі: Ён ня быў вядомым у сьвеце пісьменьнікам, не валодаў замежнымі мовамі, крыху падарожнічаў, быў у Парыжы, але ён ня ведаў іншых вялікіх пісьменьнікаў, не сябраваў зь імі, не прымалі яго як вялікага пісьменьніка. Да Нобэлеўскай прэміі ў яго было трое сапернікаў. Першым быў Томас Гардзі, і тады ён быў больш вядомы ў сьвеце. Другім супернікам быў Максім Горкі, які ў сьвеце меў знакамітую пазыцыю, ён больш, чым Рэймант, бываў на міжнародных салёнах і быў такой цікавінкай – крыху эмігрант, крыху савецкі пісьменьнік. Гэта быў 1924 год. Нобэлеўскую прэмію атрымалі чатыры немцы, трое ці чацьвёра французаў і ніводзін расеец. А каля 20 гадамі раней Нобэлеўскую прэмію атрымаў паляк Генрык Сянкевіч. І быў яшчэ адзін пісьменьнік, выйгрыш з якім можна было лічыць цудам. Тым трэцім пісьменьнікам быў Томас Ман.

І Ўладзіслаў Рэймант выйграў з Томасам Манам. Раман «Мужыкі» выйграў з «Чароўнай гарой».

Сюжэт падрыхтаваны на аснове архіўнага запісу Польскага Радыё – «Нязвычайныя біяграфіі» – праграма Ганны Шоф (2009 год)

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт