Logo Polskiego Radia
Print

Павышэньне мінімальнага заробку ратуе жыцьцё

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.05.2019 13:36
Рост мінімалкі ў ЗША амаль адразу паніжаў адсотак суіцыдаў.
photo: www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Камэнтатар выданьня «Dziennik Gazeta Prawna» распраўляецца з тэзісам, папулярным сярод эканамістаў, што павышэньне мінімальнага заробку прычыняецца да росту беспрацоўя й дрэнна ўплывае на эканоміку.

Рафал Вось піша, што гэта шкодны міт, які трымаўся даволі доўга з-за таго, што павышэньне зарплаты супрацоўнікаў памяншала аўтаматычна даходы капіталістаў. І таму яны стараліся пераконваць, што гэта дрэнна ўплывае на эканоміку, не згадваючы, канешне, пра свае інтарэсы.

Да гэтае пары няшмат эканамістаў зьвяртала ўвагу на іншыя наступствы павышэньня мінімалкі. Аднак у красавіку група дасьледчыкаў Каліфарнійскага ўнівэрсытэту абнародавала працу пад загалоўкам «Ці эканамічная палітыка можа абмежаваць выпадкі сьмерці з роспачы?». Яны сабралі дадзеныя, які ў ЗША на працягу 15 гадоў новага стагодзьдзя быў узровень мінімальнай зарплаты і колькасьць самагубстваў. Каб вынікі былі больш аб’ектыўныя, не былі браныя пад увагу суіцыды, зьдзейсьненыя пад уплывам наркотыкаў.

Вучоныя хутка заўважылі, што для людзей, якія мелі самыя нізкія заробкі, узровень мінімальнай зарплаты меў капітальнае значэньне. А яго павышэньне амаль адразу паніжала адсотак суіцыдаў. З кожным павышэньнем мінімалкі на 10% адсотак самагубстваў сярод бедных асоб падаў на 4%. Яшчэ больш яскравая залежнасьць назіралася тады, калі ўрад уводзіў розныя праграмы дапамогі самым малазабясьпечаным (пераважна яны датычылі фінансавай дапамогі на выхаваньне дзяцей).

Адным словам, падсумоўвае камэнтатар, эканамічная палітыка ратуе жыцьцё. Калі людзі маюць фінансавую бясьпеку, іх псыхічны стан паляпшаецца. З іншага боку, падаюць даходы прадпрыемстваў. Магчыма, гэта цана, якую трэба заплаціць за здаровае і задаволенае грамадзтва.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт