Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы Варшавы мараць пра школу зь беларускай мовай для сваіх дзяцей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.05.2019 08:49
  • беларусы Варшавы - школа.mp3
Заняткі адзін раз у тыдзень – гэта мала, выдатна было б заснаваць сапраўдную школу.
Беларускі куток у Пачатковай школе № 4 у БеластокуБеларускі куток у Пачатковай школе № 4 у Беластокуфота: Н. Грышкевіч/БСПР/www.radyjo.net

У Варшаве жывуць тысячы беларусаў. Пераважна гэтыя людзі імігруюць у пошуках лепшага жыцьця, працы, а калі ўжо асядуць у Польшчы, завядуць сям’ю, дзяцей, некаторыя з іх пачынаюць шукаць магчымасьці пазнаёміць сваіх нашчадкаў з культурай і мовай продкаў. Група варшаўскіх беларусаў думае зладзіць школу для сваіх дзяцей.

Другі год у Варшаве дзейнічае суботняя школа беларускай мовы. У некалькіх групах вучацца дзеці розных узроставых катэгорый, ад дашкольнікаў да падлеткаў. Іх бацькі – гэта пераважна беларусы, якія пераехалі жыць у Польшчу зь Беларусі, але таксама палякі беларускага паходжаньня з Беласточчыны. Аднак, на думку бацькоў, заняткі адзін раз у тыдзень – гэта мала, і выдатна было б заснаваць сапраўдную школу, дзе дзеці маглі б на працягу тыдня, паралельна з польскай школьнай праграмай, вучыць беларускую мову, а таксама пазнаваць культуру, гісторыю і традыцыі беларускай дзяржавы. Дзеля таго, каб пазнаёміцца з досьведам арганізацыі такой адукацыйнай установы, надоечы была зладжаная паездка ў Беласток, дзе існуюць школы з дадатковай беларускай мовай навучаньня. Пра мэты паездкі гаворыць Караліна Лукашэвіч.

К. Лукашэвіч: Мы прыехалі ў Беласток, каб вучыцца ад больш дасьведчаных людзей. Я не хачу параўноўваць, якая меншасьць лепшая – беластоцкая ці варшаўская. Яны іншыя, мы маем іншыя магчымасьці. Шмат залежыць ад самакіраваньня, ад лягістычных пытаньняў. Беласток – меншы горад, дзяцей можна вазіць ад панядзелка па пятніцу ў такую школу, у Варшаве – не. Таму ніколі ў нас заняткі ня будуць выглядаць так, як у Беластоку, але гэта не азначае, што яны будуць горшыя, толькі іншыя. Шмат чаму мы можам навучыцца, гэтыя сустрэчы далі нам моцныя веды, шырэйшае бачаньне, як гэта павінна разьвівацца. Тут школа мае 10-гадовы досьвед, мы працуем другі год, але яны таксама пачыналі з 12 дзетак. Цудоўна было б праз 10 гадоў мець у Варшаве беларускую школу.

Настаўніца беларускай мовы ў комплексе школ сьвятых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку Яанна Марко паказала варшаўскім гасьцям школу, распавяла, як стваралася ўстанова, як выглядае працэс вывучэньня беларускай мовы.

Я. Марко: Галоўная ідэя стварэньня школы была такая, што праваслаўныя бацькі зь Беластока захацелі, каб іх дзеці вучыліся ў такой школе, дзе, акрамя прадметаў, як у іншых школах, было накіраваньне на веру. Яны сабраліся і заснавалі школу. Тады гэта быў адзін кляс, але школа разьвівалася, узровень навучаньня быў добры, людзі пачулі, што такая школа ёсьць, і пачалі запісваць сюды сваіх дзяцей. Цяпер у нас больш за сотню дзяцей, каля 100 вывучаюць у якасьці дадатковай мовы беларускую, астатнія – украінскую. Акрамя таго, дзьве мовы замежныя – ангельская і расейская. У нас многа дзяцей пасьля беларускага садка, яны працягваюць вывучэньне беларускай мовы, яны ведаюць мноства вершыкаў, песьняў, гульняў на беларускай мове.

Хор
Хор вучняў з Комплексу недзяржаўных школ імя сьв. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку

Школьнікі пахваліліся сваімі вакальнымі здольнасьцямі, даючы наведвальнікам з Варшавы міні-канцэрт. Вершы, песьні, культура – гэта канешне, вельмі важна, аднак важна таксама, каб дзеці, якія вывучаюць беларускую мову ў Польшчы, маглі выкарыстаць у будучым свае веды таксама ў тэхнічных галінах, калі гэта іх цікавіць, – адзначае Ўладзімір Міхневіч.

У. Міхневіч: Істотай навучаньня беларускай мовы павінен быць працяг гэтай навукі. Вершы, граматыка, паэзія – гэта добра, але не хапае таго, каб дзеці пасьля заканчэньня навучаньня выкарысталі свае веды ў галіне, якая іх цікавіць. Напрыклад, хтосьці хоча стаць астрафізыкам – ён ідзе ў беларускі плянэтарый і займаецца распрацоўкай зорнага неба. Як гэта зрабіць, калі ў Беларусі няма ніводнай ВНУ па-беларуску? У гэтым асноўная праблема. Мы, бацькі невялічкай групы дзяцей, ня зможам гэтага стварыць, мы можам толькі падрыхтаваць дзяцей, каб яны ў гэты працэс уліліся.

Варшаўскія беларусы маглі таксама пазнаёміцца зь Беластокам, яго гісторыяй, у тым ліку гісторыяй беларускага жыцьця ў горадзе. Экскурсію правёў супрацоўнік «Радыё Рацыя» Аляксей Трубкін, якія падрыхтаваў праграму экскурсіі па Беластоку «беларускім шляхам».

А. Трубкін: У Беластоку з пачаткам 20-га стагодзьдзя пачаў арганізоўвацца беларускі рух, у 20-30-ыя гады зьяўляюцца першыя арганізацыі. Гэта ў першую чаргу Таварыства беларускай школы, якое змагалася за стварэньне беларускіх школ. Вось, ратуша, якую вы бачыце, у 1939 годзе была разабраная саветамі пасьля акупацыі ўсходняй часткі Польшчы і далучэньня яе да БССР. Плошчу расчысьцілі, каб была магчымасьць ладзіць парады. Меркаваньнем некаторых гісторыкаў, тут плянавалі паставіць помнік Сталіну. Захаваўся будынак, у якім праходзіў зьезд Заходняй Беларусі. Гэта, канешне, была шырма, бо ўсё ўжо было вядома загадзя, дэлегаты нічога не вырашалі.

Вось так выглядаў візыт варшаўскіх беларусаў у Беласток, дзе яны пазнаёміліся з навучаньнем беларускай мове ў Недзяржаўнай школе імя сьвятых Кірыла і Мяфодзія, а таксама ў Публічнай пачатковай школе нумар 4, наведалі рэдакцыю тыднёвіка «Ніва» і «Радыё Рацыя». Усе бацькі былі зь дзецьмі, што было чуваць падчас аповеду Аляксея Трубкіна.

слухайце, калі ласка, рэпартаж у далучаным гукавым файле

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт