Logo Polskiego Radia
Print

Былы вязень турмы КДБ: "У кабінэце ўсюды былі расейскія дзяржаўныя сымбалі"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.06.2019 15:09
Ён кажа, што нават засумняваўся, ці знаходзіцца ў Беларусі.
КДБ БеларусіКДБ БеларусіWikipedia.org/Heureux_qui_comme_ulysse

Беларусь – гэта адзіная рэспубліка былога Савецкага Саюза, дзе пасьля яго распаду не была зьмененая назва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Сядзіба КДБ разьмешчана ў цэнтры сталіцы, на праспэкце Незалежнасьці – піша карэспандэнт «Rzeczpospolita» Руслан Шошын. На першы позірк здаецца, што ў будынку пануе грабавая цішыня. Важнейшыя падзеі разыгрываюцца за сядзібай, дзе знаходзіцца самая славутая турма ў Беларусі – гэтак званая «амэрыканка».

Адзін з беларускіх апазыцыйных дзеячаў ананімна расказаў выданьню пра сваё прабываньне ў «амэрыканцы». Яго затрымалі на вуліцы людзі ў цывільным, адзін з іх ціха назваў яго імя. Ён нават не пасьпеў пацьвердзіць, як яму заламалі рукі, зацягнулі ў машыну, вялі па будынку з курткай на галаве. Там яго, з рукамі ў наручніках, дапытвалі. Допыт пачаўся з пагрозаў і пабояў, а пазьней чалавек, які быццам бы не прымаў удзелу ў допыце, а толькі перакладаў паперы, загадаў усім выйсьці, і пачаў граць ролю «добрага», нават запрапанаваў гарэлку і бутэрброды. Затрыманы трапіў у камэру, якая нагадвала труну, вузкая і доўгая. Акрамя яго, у камэры былі тры іншыя асобы, падазраваныя ў карупцыі. Яны амаль не размаўлялі, кожны хацеў як мага хутчэй выйсьці дадому. Герой аповеду сядзеў больш за два месяцы, кармілі добра, тры разы ў дзень, больш не зьбівалі. Затое пастаянна казалі, што яго «ні за што пасадзяць».

Мужчына кажа, што ў кабінэце супрацоўніка КДБ, які яго дапытваў, усюды былі расейскія сымбалі – двухгаловы арол глядзеў з папак, запісных кніжак і асадак, на сьцяне віселі нейкія дыплёмы з расейскім гербам. Ён нават засумняваўся, ці знаходзіцца ў Беларусі.

У канцы канцоў яго справа была спыненая, усіх адпусьцілі дадому, ніхто нават не папрасіў прабачэньня. «Цяпер, калі я чую на вуліцы сваё імя, ніколі не адварочваюся» – кажа апазыцыйны дзеяч, які сядзеў у турме КДБ.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт