Logo Polskiego Radia
Print

Некалькі дзясяткаў чэскіх студэнтаў засвоілі беларускую мову

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 15.08.2011 15:54
  • Гутарка зь Юрасём Бушляковым.mp3
Распавядае выкладчык Карлавага ўнівэрсытэта Юрась Бушлякоў.

/

Студэнты Карлавага ўнівэрсытэта ў Празе вывучаюць беларускую мову. Як? Нашто? Ці пасьпяхова? Гэтыя пытаньні мы адрасавалі непасрэдна аўтару курса й нязьменнаму выкладчыку філёлягу Юрасю Бушлякову, які да Карлавага ўнівэрсытэта меў выкладчыцкі досьвед на менскім філфаку.

Спадар Юрась, Вы выкладаеце беларускую мову ў Карлавым унівэрсытэце ўжо…

Юрась Бушлякоў: Я выкладаю ўжо 4 гады. Курс пачаўся з навучальнага году 2007-2008. Ён пачынаўся, як ініцыятыва групы студэнтаў – чэхаў з паходжаньня, якія заклалі грамадзкую арганізацыю “Вольная Беларусь”. Гэтыя людзі арганізоўвалі акцыі салідарнасьці зь незалежнай беларускай супольнасьцю й выказалі жаданьне даведацца больш пра беларускую культуру й мову. Знайшоўся варыянт, выкладчык – так і запачаткаваўся гэты курс. Маем мець разуменне, што разьвіцьцё беларусістыкі ў Чэхіі – гэта задача на доўгія гады: павінны знайсціся чэхі з паходжаньня, якія добра ведаюць беларускую мову й культуру й могуць навучаць ёй па-чэску. Я цешуся з таго, што ў нейкай меры для рэалізацыі гэтай задачы таксама нешта раблю.

Ці гэтыя студэнты па-ранейшаму толькі чэхі ці ёсць людзі іншых нацыянальнасьцяў?

Юрась Бушлякоў: Гэта ня толькі чэхі. У асноўным на гэтыя заняткі прыходзяць “славісты” – гэта альбо “русісты”, альбо “украіністы” паводле сваёй асноўнай спэцыялізацыі. То бок прыходзяць людзі, якія ў нейкай меры падрыхтаваныя ўспрымаць, разумець, засвойваць беларускую мову. Гэтыя заняткі праходзяць у форме штотыднёвага факультатыву, падчас якога чытаюцца 2 лекцыі – адна разьлічана на пачаткоўцаў, другая – для больш падрыхтаваных студэнтаў. Студэнт мае магчымасць прайсьці 2-гадовы курс беларускай мовы з элемэнтамі беларусазнаўства, беларускай гісторыі.

Колькі чалавек за 4 гады Вы ўжо “навярнулі” ў беларускую мову?

Юрась Бушлякоў: Некалькі дзясяткаў чалавек, некаторыя зь якіх навучыліся вельмі добра гутарыць па-беларуску, могуць перакладаць зь беларускай і на беларускую мову, ужо наведвалі Беларусь – з дапамогаю якіх адбудзецца новы імпульс у разьвіцьці чэскай беларусістыкі. Магу назваць Міхала Вашычка – студэнта, які самастойна паглыбляў свае веды ў беларускай мове, чытаючы беларускую мастацкую клясыку – напрыклад, Мележа й Караткевіча. Ён ужо фактычна асьпірант, які можа выкладаць беларускія тэмы, беларускі матэрыял чэскаму студэнту.

Якія беларускія словы ці паняткі даюцца Вашым студэнтам найцяжэй?

Юрась Бушлякоў: Відаць, гэта асаблівасьці фанэтыкі й вымаўленьне мяккіх зычных. Такой зьявы ў чэскай мове няма, і гэта выклікае складанасьці. Важна падкрэсьліць, што вымаўленьне не адпавядае напісаньню, а напісаньне – вымаўленьню. Каб паставіць карэктнае вымаўленьне мяккіх зычных мы практыкуем такую вымаўлянку – “сасьніў цьвік”. Здаецца, дапамагае!..

Філёляг Юрась Бушлякоў апавядаў, як ён выкладае беларускую мову ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе.

Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт