Logo Polskiego Radia
Print

Форум маладых лідараў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 06.09.2011 22:20
У горадзе Новы Сонч праходзіць Эканамічны форум маладых лідараў.

„Што з Эўропай?” - гэта лейтматыў сёлетняй, VІ-й па ліку сустрэчы маладых лідараў з 37 эўрапейскіх краінаў. У горадзе Новы Сонч на поўдні Польшчы пачаўся Эканамічны форум маладых лідараў.


Як штогод моладзь будзе мець магчымасьць сустрэцца й паразмаўляць зь вядучымі палітыкамі й бізнэсоўцамі. Гэта таксама дасканалая нагода для ўсталяваньня новых бізнэс-кантактаў і абмену досьведам.

Мы гутарым з праграмным дырэктарам мерапрыемства Міxалам Вуйцікам.

У чарговы раз Новы Сонч прымае моладзь з усёй Эўропы й ня толькі Эўропы. Адкуль сёлета прыехалі ўдзельнікі?

М.Вуйцік: Сёлета да ўдзелу ў форуме прыехала моладзь з 37 краінаў: гэта краіны ЭЗ, Балканы, Паўднёвы Каўказ, Цэнтральна-Ўсходняя Эўропа. Маладыя лідары прадстаўляюць студэнцкія й грамадзкія арганізацыі, моладзевыя структуры палітычных партыяў, гэта таксама маладыя прадпрымальнікі. Моладзь вельмі цікавая, актыўная ў сваіх лякальных асяродзьдзях. Яны хочуць набываць досьвед у міжнародных праектаx і патрабуюць міжнародных кантактаў.

Штогод арганізатары выбіраюць лейтматыў мерапрыемства. Сёлета вырашана пашукаць адказ на пытаньне „Што з Эўропай?” Дык што з Эўропай?

М. Вуйцік: Гэта вынікае са своеасаблівай турботы аб будучыні Эўразьвязу, у якога сёньня існуюць праблемы зь інтэграцыйнымі працэсамі. Некаторыя краіны перажываюць эканамічны крызыс, ёсьць крызыс у эўразоне. У апошні час у некаторых дзяржавах, напрыклад, у Грэцыі ды Гішпаніі, адбыліся пратэсты. Яны былі выкліканыя тым, што моладзь ня мае ўпэўненасьці ў сваёй будучыні. Праз 20-30 гадоў гэтая моладзь будзе адказная за свае краіны, бо яна будзе кіраваць у іх, будзе адказная за Эўропу. Мы спадзяемся, што падчас форуму моладзь пастараецца знайсьці адказы на пытаньне, якім чынам можна супрацоўнічаць і як палепшыць сытуацыю ў Эўропе.

Форум маладых лідараў зьяўляецца партнэрскай імрэзай Эканамічнага форуму, які адбываецца непадалёк, у Крыніцы. Маладыя людзі прымаюць удзел у крыніцкім форуме, у іх ёсьць нештодзённыя магчымасьці паразмаўляць асабіста зь вядучымі палітыкамі, бізнэсоўцамі.

М. Вуйцік: Сапраўды, мы зьяўляемся партнэрскай праграмай Эканамічнага форуму ў Крыніцы. Многія ўдзельнікі, якія прыязджаюць у Крыніцу, наведваюць таксама наш форум. У сераду нас наведае прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Такія сустрэчы даюць моладзі вельмі шмат. Падчас дыскусій можна даведацца шмат новага, а пасьля дыскусіі можна падысьці, паразмаўляць, прадставіць свой пункт гледжаньня. Моладзь, якая прыязджае на форум, мае шмат сьвежых ідэяў для будучыні Эўропы. Такім чынам тут адбываецца своеасаблівы абмен досьведам паміж старэйшым і малодшым пакаленьнямі.


Караліна Русіновіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт