Logo Polskiego Radia
Print

"Маральная перавага на маім баку"

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.09.2011 17:47
  • Маральная перавага на маім баку.mp3
У ліку памілаваных Лукашэнкам палітвязьняў фігуры знакавыя й простыя, так бы мовіць выпадковыя людзі, якія патрапілі пад суд па зьбегу абставінаў.

/

Аляксандр Атрошчанкаў быў прэс-сакратаром экс-каныдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Мікіта Ліхавід -- актывіст руху “За свабоду” -- быў асуджаны на 3,5 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адмаўляўся прызнаваць законным свой прысуд, не ішоў на супрацу з адміністрацыяй калёніі. За што й правёў у штрафным ізалятары 81 суткі. Мікіта стаў за гэтае паўгода легендаю, сымбалем нязломнасьці й стойкасьці духу.

Алег Федаркевіч 19-га сьнежня мінулага году да Дома ўрада пайшоў з-за "ўнутранага стану й стану народа, які быў вакол, і свайго набалелага".

Аляксандр Атрошчанкаў распавядае, што яму, як і іншым палітвязьням настойліва прапаноўвалі напісаць памілаваньне, але ён гэтага не зрабіў.

Аляксандр Атрошчанкаў: Пачынаючы зь пятніцы настойліва прасілі напісаць прашэньне аб памілаваньні. Не тое, каб настойліва, хутчэй надакучліва. Але я сказаў, што ня буду гэта пісаць, бо расцэньваю як здраду маіх таварышаў са свайго боку. Хачу сказаць усім “дзякуй”, хто мяне падтрымліваў, хто ні на сэкунду не спыняў барацьбы за мяне й іншых палітвязьняў, “дзякуй” тым палітыкам, што захавалі прынцыповасьць, не пайшлі на повадзе за гандлярамі людзьмі, “дзякуй” тым, хто працягваў змагацца за свабодную Беларусь.

Аляксандр Атрошчанкаў пацьвердзіў словы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча аб катаваньнях у СІЗА КДБ. Палітвязьні ў адзін голас распавядаюць пра ціск падчас сьледзтва, прымус да супрацоўніцтва, прапановы зрабіць патрэбныя ім заявы па тэлебачаньні.

Аляксандр Атрошчанкаў: Абыходжаньне ў КДБ можна назваць катаваньнямі, быў прэсінг з пэўнымі мэтамі. Падчас размоў з апэратыўнымі супрацоўнікамі вельмі ясна давалі зразумець, што гэта можа быць спынена, калі пойдзеш на супрацоўніцтва са сьледзтвам. Пытаньне крыху філязофскае. Я не лічу, што мне патрэбная рэабілітацыя, не лічу сябе пакрыўджаным. Маральная перавага на маім баку. Маю віну даказвалі два супрацоўнікі міліцыі. І яны давалі паказаньні на маю карысьць, бо гаварылі, што я не наносіў ніякіх удараў па шклу будынка Дома ўрада, проста знаходзіўся ў натоўпе. Але гэта ня мела ніякага сэнсу. Супрацоўнікі КДБ не хавалі, што прысуды яны прызначаюць, суд дзейнічае па іх загаду.

Пра сустрэчу з Андрэем Саньнікавым у калёніі расказвае Мікіта Ліхавід.

/

Мікіта Ліхавід: З Саньнікавым я бачыўся ў дзень, калі ён адразу прыехаў. Я спачатку яго не пазнаў, пабачыў падламанага фізычна чалавека. У СІЗА КДБ у яго было мала прыемных момантаў. Я размаўляў зь людзьмі, якія былі ў СІЗА КДБ па іншых артыкулах, яны сказалі, што там, калі ад цябе хочуць інфармацыю, якім бы ты ні быў, нават глуханямым, то пачнеш гаварыць. Ня зломяць вытрымку, знойдуць сродкі. Не дарма гэта спэцслужба. Яны атрымліваюць за гэта грошы й што-што, а ламаць умеюць.

Алег Федаркевіч распавёў, як да суду яго пад пагрозамі працяглага турэмнага зьняволеньня прымушалі зрабіць тэлевізійную заяву. "Ты давай здымайся, сказалі КДБісты, маўляў, гэта трэба пракурору, калі ня будзеш здымацца, 10 гадоў атрымаеш".

Мікіта Ліхавід: Калі выступаў сьведка абвінавачваньня й пракурор хаваў вочы, а судзьдзя глядзела ў столь, усё стала зразумела. Прайшло амаль паўгода пасьля суда і я ня чуў, каб сьведкаў майго абвінавачваньня судзілі па 404 артыкулу. Хаця яго мой адвакат тройчы злавіў на хлусьні, ён тройчы мяняў паказаньні.

Мікіта Ліхавід, нягледзячы на тое, што 81 дзень правёў у карцэры турмы, не вінаваціць ахову калёніі. Але ніхто з палітвязьняў ня кажа, што турма – гэта курорт.

Мікіта Ліхавід: Зэкі там як на складзе. Адміністрацыі ўсё адно якія там прысуды. Ім сказалі выпусьціць ў 17-ым такога-та чысла. Прыйдзе паперка – выпусьцяць, не – не выпусьцяць. Бязвольныя людзі насамрэч, яны звычайныя выканаўцы. Да адміністрацыі калёніі ў мяне прэтэнзій ніякіх, прэтэнзіі ёсьць да закона – крымінальна-выканаўчаму, правілам унутранага распарадку.

Алег Федаркевіч: Праблема з паветрам на Валадарцы, з вадой, у якую дадаецца хімія, ад чаго зьяўляецца алергія. Праблема з Сонцам, якое я за шэсьць месяцаў на Валадарцы пабачыў толькі сем разоў.

Мікіта Ліхавід: У мяне звычайная біяграфія, такіх мільёны. Дзіцячы садок насупраць, школа за вуглом. Проста кожны сам для сябе выбірае свой шлях. Проста трэба жыць і думаць іншымі катэгорыямі, не сваім страўнікам. Там ломяць людзей менавіта гэтым: у іх забіраюць магчымасьць добра харчавацца, займацца нейкімі фізычнымі практыкаваньнямі, атрымліваць перадачы, званіць родным. Абсалютна бытавыя дробязі, людзі на свабодзе гэтага не разумеюць. Там гэтага ўсяго пазбаўляюць. Але пры гэтым людзі, якія добраахвотна адмаўляюцца ад гэтага, становяцца больш моцнымі. Я пабачыў людзей, якіх не зламаць.Мне гэта спадабалася. Я правёў 81 суткі ў штрафным ізалятары. Але я паказаў, што сядзець можна не так, як яны хочуць, а сядзець можна прыстойна.

Схуднелы й бледны Мікіта Ліхавід не страціў сваю сілу духу. Яго знаёмыя распавядалі, што былі ўпэўненыя – з такім моцным характарам чалавек годна вытрымае выпрабаваньні.

Мікіта Ліхавід: Распарадак: дзьве праверкі ў дзень, пад’ём у пяць раніцы, адбой а палове на дзевятую. Наконт харчаваньня хачу сказаць: асабліва цяжкі быў ліпень. Тады я адразу “ўзяў” 25 сутак (карцэра – рэд.), Выйшаў і мне адразу далі ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу, унутраная турма калёніі, дзе трымаюць злосных парушальнікаў рэжыму ўтрыманьня – рэд.). У той месяц на сьняданак, абед і вячэру давалі аднолькавую кашу. Гародніны не было ўвогуле, бо яе ў зону проста не завозілі. Забесьпячэньне зоны жахлівае. І не таму, што адміністрацыя такая злая. Проста дэпартамэнт выкананьня пакараньняў не выдзяляе дастаткова грошай, каб карміць столькі зэкаў. Родным падтрымліваць з волі даволі цяжка, бо перадачы й пасылкі абмежаваныя.Вага не ведаю, але ў адзін цудоўны момант я паглядзеў на сябе ў люстэрка і падумаў: дзе ж мае шчокі?.. Прапалі шчокі...

Мікіта Ліхавід: Я паказаў, што сядзець можна не так, як яны хочуць, а годна. Паўтары тысячы чалавек у зоне пачалі паважаць наш рух, бо яны ўбачылі, што гэтага за грошы ня купіш. Аднаму чалавеку не зьмяніць гэтую сыстэму, я не Чэ Гевара. Але сваю маленькую вайну я выйграў, я перамог.

Усе вызваленыя казалі, што найперш у іх плянах – нагаварыцца з блізкімі людзьмі. Нехта абяцаў змагацца далей, нехта думаў пра дабрабыт сваёй сям’і...

/

Алег Федаркевіч: Пляны простыя. У краіне цяжкі эканамічны стан, а паколькі я займаюся будаўніцтвам, то трэба кідаць погляд ці на Ўсход, ці на Захад.

Аляксандр Атрошчанкаў: Дабівацца вызваленьня астатніх палітвязьняў.

Усяго па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня асуджана 43 чалавекі. У зьняволеньні застаюцца экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Дзьмітрый Ус, Мікалай Статкевіч, Андрэй Саньнікаў. У шэрагах палітвязьняў і Зьміцер Бандарэнка, Павел Севярынец, Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў -- затрыманыя 18 сьнежня перад выбарамі й асуджаныя нібыта за бойку, анархісты: Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Павел Сырамлотаў, Арцём Пракапенка, ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Марыя Кароль

Фота аўтара

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт