Logo Polskiego Radia
Print

Сусьветны банк рэкамэндуе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 03.11.2011 16:00
  • Сусьветны банк рэкамэндуе.mp3
Міжнародныя экспэрты прадставілі агляд стану беларускіх дзяржаўных выдаткаў.

/

На іх думку, урад робіць крокі ў бок кансалідацыі бюджэта, але іх недастаткова ды прапнуюць Беларусі свае рэкамэндацыі.

Міжнародныя экспэрты, якія зацікавіліся беларускай бюджэтнай палітыкай, прадстаўлялі вельмі сур’ёзную структуру – Сусьветны банк. У сваім дакладзе, прысьвечаным агляду дзяржаўных выдаткаў у Беларусі, яны зазначылі, што за апошнія тры гады беларускія ўлады значна кансалідавалі бюджэт. Аднак дзяржаўныя выдаткі надалей складаюць каля 44% ВУП. Гэта зашмат, на 3% больш чым у сярэднім па рэгіёне.Экспэрты раяць беларускаму ўраду скараціць выдаткі ды рэфармаваць бюджэтную ды фінансавую палітыку. Паводле іхных прагнозаў, у такім выпадку беларускі бюджэт зможа штогод ашчаджаць каля 4% ВУП. Вядомы беларускі эканаміст, старшыня аналітычнага цэнтру „Мізэса” Яраслаў Раманчук лічыць гэты даклад трапным аналізам, але апасаецца, што прапанаваныя меры замяккія.

Яраслаў Раманчук: Гэта добрая праца. Зроблены вельмі добрыя падлікі, якія паказваюць стан беларускіх фінансаў. Аднак, што тычыцца прапановаў, тут я бачу сур’ёзныя праблемы, бо Сусьветны банк прапануе вельмі мяккія ды касмэтычныя меры, якія пасавалі б для стабільнай краіны Цэнтральнай Эўропы. 4-5 працэнтных пунктаў ВУП замала, каб зрабіць якаснай бюджэтную палітыку ў Беларусі.

Даклад Сусьветнага банку прыцягвае ўвагу яшчэ тым, што ён выкрывае розныя хітрыкі ды прапагандысцкія мэханізмы беларускіх уладаў у бюджэтнай сфэры.

Яраслаў Раманчук: Разьбіты міт дзяржаўнай прапаганды, што ў нас такі добры сбалянсаваны бюджэт. Сусьветны банк паказаў, што ёсьць так званыя квазы-бюджэтныя выдаткі, якія насамрэч павінны быць у бюджэце. Калі іх туды уключыць, то наш дэфіцыт будзе складаць не 1-2%, а 6-8% . Гэта ўжо зусім іншая палітыка. Гэта значыць, што ўзровень макраэканамічнай небясьпекі ў Беларусі будзе павышацца. Наша краіна не пазбавілася яшчэ савецкай спадчыны.

Сярод мераў, якія прапануюць эканамісты Сусьветнага банку беларускаму ўраду, узгадваюцца скарачэньні датацыяў для сельскай гаспадаркі або ў сфэры энэргітычных паслугаў. Гэта вельмі актуальныя прапановы, лічыць эканаміст Уладзімір Валетка, дацэнт Тэхналягічнага ўнівэрсытэту.

Уладзімір Валетка: Безумоўна, гэта актуальна. Рэзэрвы гэткай ашчаднасьці калясальныя. Па сёньняшні дзень у нас няма мэханізмаў матывацыі ашчаднасьці ані з боку насельніцтва, ані з боку ўладаў. Існуе перакрыжаванае субсыдыяваньне і насельніцтва плаціць 25-30% сабекошту паслугаў. Урад гэта пачынае паціху разумець ды абяцае прыняць пэўныя захады.

Паводле словаў экспэрта рэзэрвы ашчаднасьці, напрыклад ў аплаце паслугаў ЖКХ складаюць нават 30% ад сёньняшніх выдаткаў. У сельскай гаспадарцы падобная сытуацыя.

Уладзімір Валетка: Можна назваць адносную лічбу – гэта мінімум 20-30% ад сёньнішніх выдаткаў. Сельская гаспадарка -- гэта бюджэтная сфэра і патэнцыял павышэньня эфэктыўнасьці тут вялікі. Яшчэ 2 гады таму дзяржаўныя субсыдыі ў Беларусі на гэктар складалі 230 даляраў, а ў суседняй смаленскай вобласьці -- 23 даляры. Падобныя датацыі існуюць у іншых краінах, напрыклад у ЭЗ. Аднак, і там ёсьць пытаньні наконт эфэктыўнасьці гэткага мэханізму.

Паводле разьлікаў Сусьветнага банку сельская гаспадарка ў Беларусі неэфэктыўная. Галіна, ўздельная вага якой складае 8%ВУП, атрымоўвае датацыяў у памеры 5% ВУП. Заніжаныя энэргэтычныя тарыфы – гэта яшчэ 2% ВУП выдаткаў з бюджэту. Гэта не ўсе праблемы беларускага будзжэту, што пералічваюць міжнародныя экспэрты.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт