Logo Polskiego Radia
Print

Бірма адчыняецца на Захад

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.11.2011 18:19
Штодзёнка „Gazeta Wyborcza” піша пра беспрэцэдэнтнае пацяпленьне ў адносінах паміж Бірмай ды Захадам.

/

Амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама выслаў у гэтую краіну дзяржсакратара Гілары Клінтан. Гэта першы візыт амэрыканскага чыноўніка такога ўзроўню ў Бірму за апошнія 50 гадоў. Гэтае рашэньне было прынятае пасьля тэлефоннай размовы з кіраўнічкай мясцовай апазыцыі Су Чжы. Перад гэтым у яе была доўгая размова з прэзыдэнтам краіны Тхэін Сэінам. Былы генэрал, сёньняшні прэзыдэнт, пайшоў на істотныя зьмены. Ён зьмякчыў цэнзуру ў краіне, абвясьціў амністыю ды выпусьціў частку палітычных вязьняў, ды спыніў будаўніцтва электрастанцыі на рацэ Іравадзі. Гэта ўсё сыгналы ў бок Захаду. Прапанову дыялёгу з уладамі падтрымала й бірманская апазыцыя.


У Бірме доўгія гады панавала вайсковая дыктатура, генэралы няраз лагодзілі рэжым, але потым зь яшчэ большай сілай прыціскалі грамадзтва. Гэтым разам, спадзяецца лідарка апазыцыі, будзе інакш. У Бірме пануе галеча й адсталасьць. Гэтая краіна, з-за сваіх багатых прыродных рэсурсаў, стала мэтай калянізацыі Кітаем. Каб абмежаваць кітайскія ўплывы ды пачаць разьвівацца, улады патрабуюць дапамогі з Захаду. Пра гэта ўпершыню заявіў заходняй прэсе бірманскі міністар культуры. «З дапамогай сьвету мы зможам разьвівацца хутчэй» - сказаў ён. Дагэтуль большасьць сьвету ўвяла супраць Бірмы эканамічныя санкцыі за крывавае задушэньне студэнцкіх пратэстаў ды непрызнаньне перамогі на выбарах апазыцыі, падкрэсьлівае польскае выданьне.
юл

tags: Бірмa
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт