Logo Polskiego Radia
Print

“Дыктатар” па-беларуску

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.02.2012 17:03
  • 20.02_Дыктатар.mp3
У Беларусі зьявілася кніга пра дыктатара. Для самых маленькіх чытачоў.

/

Швэдзкі пісьменьнік Ульф Старк у кнізе “Дыктатар» распавядае пра малога хлопчыка, які ўпэўнены, што сьвет круціцца вакол яго. Кніга выйшла з друку багата ілюстраваная вядомай фінскай афармляльніцай Ліндай Вандэстам. Беларускую вэрсію кнігі стварылі перакладчыцы Наста Лабада й Вольга Рызмакова.

Пры падтрымцы пасла Швэцыі ў Беларусі спадара Стэфана Эрыксана ўжо рэалізавана мноства супольных культурных праектаў. Пераклад дзіцячай кнігі пра дыктатара – адно з зярнятак гэтай працы.

Стэфан Эрыксан: Мы працягваем надаваць увагу менавіта дзіцячай швэдкай літаратуры. Бо лічым гэта вельмі важным.

Ульф Старк (Ulf Stark) Адзін з самых вядомых эўрапейскіх дзіцячых пісьменьнікаў. Нарадзіўся ў 1944 годзе ў Стакгольме. Дэбютаваў як аўтар кніг для дарослых. А з 1984 года вырашыў цалкам прысьвяціць сябе дзіцячай літаратуры. І ў яго гэта атрымалася – Ульф Старк ляўрэат прэстыжнай прэміі Андэрсана.

Ульф Старк: Гэта кніга пра маленькага загадчыка, які загадвае ўсім. Думаю, што многія з Вас, чытаючы гэтую кнігу пазнаюць саміх сябе ва ўзросьце ад трох да пяці год. У залежнасьці ад краіны, дзе чытаюць гэтую кнігу, у людзей розныя варыянты. Гэтая кніга – гэта хлапчуковы варыянт “Піпі Доўгай Панчохі”. Таксама ў кнізе ёсьць і рамантычны момант – гісторыя каханьня ў дашкольным узросьце. Герой закаханы ў маленькую дзяўчынку і хоча ўразіць яе сваімі ўчынкамі, але ў яго нічога не атрымліваецца. І пасьля гэтай няўдачы ён вырашае, што дыктатарам не будзе, а будзе малпачкай.

Літаратуразнаўца Яніна Арлоў са Швецыі займаецца папулярызацыяй швэдзкай культуры. Да яе было пытаньне чаму ў Беларусі дзіцячую швэдзкую літаратуру ведаюць куды больш шырока, чым дарослую.

Яніна Арлоў: Магчыма зьвязана гэта з тым, што ў нас вельмі шмат агульнага ў мэнталітэце. І людзі чытаюць кнігі ды пазнаюць нешта з сябе. А дзіцячая літаратура – больш прамалінейная, непасрэдная, таму так лёгка ўспрымаецца. Швэдзкая дзіцячая літаратура мае добрую славу ва ўсім сьвеце. У Швэцыі мы лічым, што наша дзіцячая літаратура займае бок дзіцяці, распавядае пра сьвет праз дзіцячыя перажываньні, сьветабачаньне. Гэта не тая літаратура, што павучае, што глядзіць зьверху ўніз на чытача. Але тут можа таксама ўзьнікаць праблема, бо ў іншых краінах можа быць іншая пэрспэктыва адносінаў паміж дзецьмі й дарослымі.

Ульф Старк падзяліўся сваім бачаньнем як аўтарам трэба працаваць для дзяцей. Праўда, ён мяркуе, што пісьменьнікі як дзеці – могуць рабіць зусім наадварот, чым ім кажуць.

Ульф Старк: Я лічу, што калі пішаш для дзяцей, то трэба пісаць ад сябе і выбіраць тэму, якая цікавая Вам. А не думаць, што я абяру нейкую тэму, якая можа быць цікавая дзецям. Лепш пісаць ад сябе. Ёсьць агульныя тэмы і для дзяцей, і для дарослых. Для мяне гэта тэмы “сьмерць, жыцьцё, любоў, сяброўства”. Я ў гэтым такі ж разумны як і дзеці. І, магчыма, недзе на фоне гэтых тэмаў мы і можам сустрэцца. Кожны пісьменьнік мусіць пісаць пра тое, што яму падабаецца, што яго хвалюе, выкарыстоўваючы ўласныя думкі. Так правільна. І пісьменьнікі не мусяць быць падобнымі адзін да аднаго, для таго яны зрэшты і працуюць.

Электронная кніга Ульфа Старка «Дыктатар» выйшла ў выдавецтве BYBOOKS. Яе стваральнікі падазраюць, што гэта другая ў свеце электронная кніга па-беларуску для дзяцей, даступная для планшэтаў Apple iPad / iPhone / iPod.

Прыватнае выдавецтва “Логвінаў” вырашыла абвясьціць гэты год – годам дзіцячай кнігі. Таму сёлета ў сьвет выйдзе некалькі вартых для прачытаньня дзіцячых кніжак па-беларуску.

Марыя Кароль, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт