Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь: крызыс мінуў ці толькі надыходзіць?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.02.2012 18:03
  • Беларусь крызыс мінуў ці толькі надыходзіць.mp3
“Мы будзем разьвівацца па цыкле: падрасьлі – зваліліся, падрасьлі – зваліліся”.

/

Ці вырашыла Беларусь эканамічныя праблемы, ці крызыс яшчэ чакае наперадзе? Чаго ў гэтым годзе спадзявацца звычайным грамадзянам? Што будзе зь беларускай эканомікай, калі яе не рэфармаваць? На гэтыя пытаньні нам адказвае беларускі эканаміст Алесь Чубрык. У сераду ён выступіў у вядучым польскім дасьледчым цэнтры CASE з дакладам аб пэрспэктывах беларускай эканомікі. З экспэртам размаўляў наш карэспандэнт Аляксандар Папко.

Спадар Алесь, ці не маглі б вы ў двух словах расказаць пра прычыны мінулагодняга беларускага фінансавага крызысу?

А. Чубрык: Цягам апошніх 5 гадоў дэфіцыт гандлёвага балянсу Беларусі павялічваўся ўсё больш і больш. На працягу пэўнага часу гэты дэфіцыт мог быць фінансаваны дзякуючы вонкавым пазыкам, але магчымасьці для пазыкаў скончыліся. У дадатак да гэтага, напярэдадні выбараў 2010 году гаспадарка была вельмі моцна разагрэтая з-за павелічэньня заробкаў звыш магчымасьцяў эканомікі.

У траўні мінулага году ўрад пайшоў на беспрэцэдэнтную дэвальвацыю. Яна на некаторы час прывяла да рэзкага росту экспарту, аднак яе пазытыўны эфэкт паступова зьмяншаецца. Чаму дэвальвацыя не дазволіла выйсьці з крызысу?

А. Чубрык: Пазытыўны эфэкт ад дэвальвацыі быў, але, як кажуць, быў канёк, ды зьезьдзіўся. Дэвальвацыя дае магчымасьці павялічыць экспарт і яшчэ больш скараціць імпарт. Аднак прытрымлівацца такога курсу праблематычна, бо ён прыводзіць да немінучага зьбядненьня насельніцтва. Трэба памятаць, што мэта эканамічнай палітыкі – гэта ня рост ВУП, а дабрабыт людзей, якія жывуць у краіне. Дэвальвацыя вырашыла толькі частку праблемаў. Другая частка, зьвязаная зь існуючай у Беларусі эканамічнай мадэльлю, засталася. Як былі сэктары эканомікі, якія патрабавалі дзяржаўнага субсідыяваньня, так яны й засталіся. Урад не праводзіць рэформаў, скіраваных на тое, каб пазбавіць Беларусь ад фундамэнтальных прычынаў крызысу – неэфэктыўных сэктараў эканомікі. Рэформаў, скіраваных на рэструктурызацыю, прыватызацыю, стварэньня дадатковых магчымасьцяў для бізнэсу, пакуль няма.

Як вы адносіцеся да намераў беларускага кіраўніцтва на працягу году павысіць заробкі да дакрызыснага ўзроўню? І чаму беларускай эканоміцы не дапамагаюць танныя расейскія нафта й газ?

А. Чубрык: Рост даходаў і адэкватная невысокая інфляцыя – гэта правільныя мэты для эканамічнай палітыкі. Іншая рэч, якімі сродкамі гэтыя мэты будуць дасягацца. Калі павышэньне заробкаў будзе вынікам павышэньня прадуктыўнасьці працы, дасягнутага дзякуючы рэформам ці інвэстыцыям – то ніякіх праблемаў для эканомікі гэта ня створыць. Калі рост заробкаў будзе забясьпечаны дзякуючы адміністрацыйнаму рэсурсу ці грашовай эмісіі, то гэта будзе мець нэгатыўныя наступствы. Што ж тычыцца таннай нафты й газу – яны адыгрываюць сваю ролю. Але мець танную нафту й газ азначае ўсяго толькі купіць сабе трошкі часу, каб выправіць структурныя праблемы эканомікі. Калі мы патрацім гэтыя грошы на павышэньне заробкаў ці сумнеўныя інвэстыцыйныя праграмы, то наступствы будуць ня вельмі добрыя.

Што чакае беларускую эканоміку ў гэтым годзе? Чаго спадзявацца звычайным грамадзянам?

А. Чубрык: Я б не чакаў вялікіх праблемаў на валютным рынку, і я б не казаў, што інфляцыя ў гэтым годзе будзе такой вялікай, як летась. Пра ўсё астатняе гаварыць пакуль рана – трэба дачакацца больш-менш зразумелай пазыцыі ўраду. Трэба, каб ён паведаміў, за кошт чаго ён зьбіраецца павысіць заробкі. Можна ж павысіць тарыфную стаўку й пры гэтым скасаваць дадатковыя плацяжы й прэміі. Намінальна заробкі вырастуць, а рэальна – не. Зь іншага боку, можна павысіць зарплаты, пры гэтым у большай ступені дазволіць звальненьні. Заробкі вырастуць, але атрымліваць іх будзе меншая колькасьць людзей. Цяжка казаць у гэты момант нешта больш дакладнае.

Як доўга беларуская эканоміка можа існаваць без рэформаў?

А. Чубрык: Колькі Бог дасьць, столькі й праіснуе... Іншае пытаньне, як будзе выглядаць гэтая эканоміка. Мы будзем разьвівацца па цыкле: падрасьлі за кошт нейкіх зьнешніх фактараў – зваліліся, падрасьлі – зваліліся. Праблема ў тым, што пры такім сцэнары мы будзем звальвацца ўсё глыбей і глыбей. І гэта будзе нішчыць сярэдне- й доўгатэрміновыя пэрспэктывы нашага разьвіцьця. Таму я ўсё ж-такі спадзяюся, што нерэфармаванай наша эканоміка праіснуе нядоўга. Яе рэфармуюць, а хто будзе рэфармаваць – час пакажа.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт