Польшча: партнэрскія саюзы неўзабаве
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Valery Sauko
                        
                        05.04.2012 14:17
                    
                                 
                
                
                    “Грамадзянская плятформа” пасьля Велікодных сьвятаў прыступіць да працы над праектам аб партнэрскіх саюзах. 
                
                
                    
                        
                     
                
                
                
               
                
                         
 
Кіруючая цэнтрысцкая партыя “Грамадзянская плятформа” – найбольшая парлямэнцкая сіла – пасьля Велікодных сьвятаў прыступіць да працы над праектам аб партнэрскіх саюзах. Газэта “Rzeczpospolita” паведамляе, што “Грамадзянская плятформа” пачала працу над праектам, бо над сваімі законапраектамі працуюць партыі левай арыентацыі – Саюз дэмакратычных левых сіл і Рух Палікота. Такім чынам, кіруючая партыя хоча перацягнуць на свой бок электарат зь левымі ды лева-цэнтрысцкімі поглядамі. Згодна з законапраектам “ГП”, партнэрскія саюзы будуць заключацца альбо ў натарыуса, альбо ў ЗАГСе. Прычым партнэрскі саюз могуць заключыць як мужчына й жанчына, так і асобы аднаго полу: жанчына й жанчына ды мужчына й мужчына. Дзякуючы саюзу асобы, якія яго заключылі, будуць мець права атрымліваць у спадчыну маёмасьць партнэра ў выпадку яго сьмерці. Калі ж адзін з партнэраў, напрыклад, ня сплаціць крэдыт, то фінансавая ўстанова будзе гэтага патрабаваць ад другой паловы. Такім чынам, ёсьць ня толькі плюсы, але й адказнасьць. Згодна з новым законапраектам, партнэрскія саюзы не атрымаюць права на ўсынаўленьне дзяцей ды супольнае падаткаабкладаньне. Дарэчы, супольнае падаткаабкладаньне датычыць толькі сямейных параў і яно аплочваецца ў фінансавым пляне, бо плацяцца меншыя падаткі, паведамляе “Rzeczpospolita”.   
вс