Logo Polskiego Radia
Print

Дэмакратычныя змены ў Бірме

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.04.2012 09:30
  • Дэмакратычныя змены ў Бірме.mp3
Бірма перажывае сёньня шырокае палітычнае адкрыцьццё.

/

З турмаў выходзяць палітзьняволеныя, а апазыцыя вяртаецца да ўлады. Захад абяцае адмяніць санкцыі. Экспэрты спрачаюцца, як назваць гэты працэс: дэмакратычнымі пераўтварэньнямі ці „пропускам” на Захад?

У мінулую нядзелю ў Бірме адбыліся дадатковыя парлямэнцкія выбары. Перамогу на іх атрымала нобэлеўская ляўрэатка Аун Сан Су Чжы ды ейная партыя Нацыянальная ліга за дэмакратыю. Апазыцыйная партыя здабыла 40 з 45 мандатаў.

Міжнародныя СМІ ды аглядальнікі з розных краінаў назвалі гэтыя выбары „новай эрай у гісторыі” краіны. Упершыню за апошнія 20 гадоў вайсковая хунта, якая кіруе гэтай краінай, падзяліляся ўладай з апазыцыяй. Хоць гэта й невялікая саступка, бо большасьць у парлямэнце належыць да зьвязаных з войскам дэпутатаў.

Аднак на Захадзе гэтыя давыбары атрымалі адназначна пазытыўныя ацэнкі. Так, Эўракамісія абвесьціла, што плянуе часткова адмяніць санкцыі супраць Бірмы. Пра гэта паведаміла прэсавая сакратарка Эўракамісіі Мая Качыянчыч. Гэтае пытаньне будуць абмяркоўваць неўзабаве міністры замежных краінаў ЭЗ.

Мая Качыянчыч: Тэмін дзеяньня санкцый, якія цяпер датычаць Бірмы, завяршаецца напрыканцы красавіка. Рашэньне, што рабіць далей, будуць прымаць міністры замежных справаў. Гэтае рашэньне будзе прымацца адзінагалосна. Мы спадзяёмся, што міністры будуць рэкамэндаваць адмену санкцыяў. Мы спадзяемся пазытыўных вынікаў гэтай сустрэчы.

Больш канкрэтныя заявы зрабілі прадстаўнікі Злучаных Штатаў. Дзяржсакратар Гілары Клінтан заявіла, што Амэрыка вітае вынікі нядзельных выбараў, а таксама шлях Бірмы да дэмакратызацыі. У адказ ЗША павысяць статус свайго прадстаўніка ў Бірме да рангу амбасадара ды аблегчаць візавыя санкцыі ў дачыненьні да некаторых вайсковых кіраўнікоў Бірмы.

Гілары Клінтан: Мы пачнем працэс паступовага зьмякчэньня санкцыяў на экспарт ды амэрыканскія інвэстыцыі. Гэта будзе элемэнт шырэйшых дзеяньняў, мэтай якіх зьяўляецца падтрымка палітычных рэформаў ды мадэрнізацыя эканомікі. Забарона ды абмежаваньні будуць надалей датычыць тых асобаў ды ўстановаў, якія будуць выступаць супраць гэтых гістарычных рэформаў.

Нядзельныя выбары – гэта наступствы зьменаў, якія ідуць у Бірме апошнія паўтара году. Таму размовы пра дэмакратызацыю заўчасныя, кажа шматгадовы карэспандэнт Польскага радыіё ў Індыі Кшыштаф Рэнік.

Кшыштаф Рэнік: Здарылася нешта новае. Былыя генэралы альбо генэралы ў цывільнай вопратцы згадзіліся на давыбары ды дзволілі ўзяць удзел у выбарах Нацыянальнай лізе за дэмакратыю пад кіраўніцтвам Аун Сан Су Чжы. Важна тое, што яна будзе ў парлямэнце й будзе прамаўляць. Гэта можа зьмяніць атмасфэру ў парлямэнце. І можа паўплываць на тое, што больш за 80% дэпутатаў, якія падтрымлівалі хунту ды падтрымліваюць псэўдацывільны ўрад, могуць пачаць казаць іншым голасам. Ёсьць надзея, але ці так будзе, цяжка сказаць.

Зь іншага боку, шлях Бірмы да дэмакратыі будзе вельмі доўгім - перакананы экспэрт-міжнароднік Анджэй Ёнас.

Анджэй Ёнас: Здаецца, мы маем дачыненьне зь першым крокам і зь вельмі цікавым экспэрымэнтам, які можна ахарактарызаваць як адказ на пытаньне: ці невялікая частка можа зьмяніць сыстэму? Мы бачым спробу аднаго з бакоў, умоўна аматараў кветак, спадарыні Су Чжы, успрымаць частку як палітычную каштоўнасьць. Зь іншага боку, кіруючых дагэтуль краінай былых генэралаў, якія замянілі мундзіры на касьцюмы, гэта спроба зрабіць з аднаго элемэнту пропуск на Захад.

Некаторыя экспэрты прадказваюць, што па шляху Бірмы можа пайсьці іншая таталітарная дзяржава ў Азіі – Паўночная Карэя. Нядаўна кіраўніцтва гэтай краіны злагодзіла сваю пазыцыю ў перамовах з Захадам. У Кітаі рыхтуецца зьмена ўлады. Ці гэтыя перамены ў іншых краінах паўплываюць на стаўленьне беларускіх уладаў? Кажа палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі: Пераважная бальшыня праяваў гэтага рэжыму сьведчаць, што ён няздольны рэфармавацца. Лукашэнка пэрыядычна робіць заявы наконт зьменаў, але заўсёды з мноствам агаворак. Цяперашні афіцыйны кіраўнік збудаваў такі рэжым, што дастаткова адну шрубку адкруціць і ўсё можа пасыпацца. Таму праблематычна спадзявацца на тое, што па сваёй добрай волі рэжым пачне нейкую лібэралізацыю.

Палітычныя зьмены ў кожнай краіне адбываюцца са сваімі асаблівасьцямі. Выпадак Бірмы – гэта рэформы зьверху, подобны шлях прайшла, напрыклад, Бразылія ды Кітай. Які шлях выбярэ Беларусь? Пакуль невядома. Вярхі рэфармавацца ня хочуць, а ціск нізоў пакуль недастатковы.

юл

tags: Бірмa
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт