Logo Polskiego Radia
Print

К. Рыхтэр: Расеі пагражае занадта павольны рост

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.04.2012 19:00
  • К. Рыхтэр Расеі пагражае занадта павольны рост.mp3
Вядучы эканаміст Сусьветнага банку па Расеі расказвае пра пэрспэктывы расейскай эканомікі.

/

Калі Расея ня зьменшыць сваёй залежнасьці ад нафты й не мадэрнізуе сваю прамысловасьць, то ёй пагражае занадта павольны эканамічны рост. Рост на ўзроўні 3,5% яўна недастатковы для Расеі, улічваючы яе дэмаграфічную сытуацыю ды эканамічныя патрэбы. Пра гэта заявіў у Варшаве галоўны эканаміст Сусьветнага банку па Расеі Каспар Рыхтэр. Экспэрт даў эксклюзіўнае інтэрвію нашай радыёстанцыі.

Як выглядаюць пэрспэктывы расейскай эканомікі? Яна аднавілася пасьля крызысу 2008 году – кажа Каспар Рыхтэр. Агульныя лічбы выглядаюць даволі добра, аднак сваім аднаўленьнем расейская эканоміка забавязаная высокім коштам на нафту, а гэта – ня вельмі добры падмурак для росту, кажа эканаміст.

К. Рыхтэр: Расея мае вялікі прафіцыт бюджэту, прафіцыт гандлёвага балянсу, заробкі растуць, беспрацоўе хутка скарачаецца. Гэта моцныя бакі расейскай эканомікі. Аднак шмат гэтых паляпшэньняў зьвязаныя з павышэньнем коштаў на нафту, якая значна падаражэла з 2008 году. Расеі вельмі важна выкарыстаць шанец, які ёй далі высокія цэны на нафту, каб падрыхтавацца да будучыні, у якой яе аднабаковая залежнасьць ад нафты скароціцца.

Каб дабіцца гэтага, Расея павінная ашчаджаць звышпрыбыткі ад нафты, каб стабілізаваць эканоміку ў горшыя часы. Таксама яна павінна палепшыць інвэстыцыйны клімат, каб малыя й сярэднія прадпрыемствы, ня зьвязаныя з нафтагазавым сэктарам, таксама маглі разьвівацца.

Пакуль, аднак, гэтага не назіраецца. Расейскі валавы прадукт рос у апошнія гады дзякуючы хуткаму пашырэньню гандлёвых сетак, а таксама росту заробкаў. Пры гэтым прамысловая прадукцыя працягвала скарачацца. Цікавым выключэньнем зьяўляецца расейская сельская гаспадарка, якая пасьпяхова разьвівалася ў мінулым годзе. Забясьпечыць эканамічны рост павышэньнем заробкаў ці будаўніцтвам супэрмаркетаў нельга – перакананы Каспар Рыхтэр.

К. Рыхтэр: Мы ня думаем, што такі рост можа працягвацца па некалькіх прычынах. Па-першае, у другой палове года павінна вырасьці інфляцыя, якая падкосіць рост рэальных заробкаў. Прамысловая прадукцыя таксама аслабла, і мы лічым, што гэтае падзеньне прывядзе ў будучым да скарачэньня попыту. Гэта разам са зьніжэньнем попыту на закранутых крызысам эўрапейскіх рынках прывядзе да зьніжэньня тэмпаў росту ў другой палове гэтага году.

Як адаб’ецца на Расеі ўступленьне ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю? Канкурэнцыя ў шматлікіх сэктарах, уключна з тымі, дзе вялікую долю рынку займаюць беларускія тавары, павысіцца. Гэта адчуюць расейскія й беларускія вытворцы аўтамабільнай ці сельскагаспадарчай тэхнікі. Аднак у цэлым ад уступленьня ў СГА расейская эканоміка выйграе – перакананы Каспар Рыхтэр.

К. Рыхтэр: Уступленьне ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю дапаможа расейскім кампаніям мадэрнізавацца й стаць больш эфэктыўнымі. Дзякуючы паніжэньню мытных бар’ераў яны змогуць таньней імпартаваць сучасныя тэхналёгіі. Сэктар паслугаў адчыніцца для замежных інвэстыцыяў. Гэта мадэрнізуе бізнэс і паслугі, павысіць прадукцыйнасьць працы. Узрасьце канкурэнцыя, што таксама змусіць прадпрыемствы павысіць сваю эфэктыўнасьць. Канешне, ад уступленьня ў СГА больш выграюць прадпрыемствы, арыентаваныя на экспарт. Некаторыя сэктары эканомікі будуць вымушаныя прыстасавацца. І вельмі важна правесьці іх рэструктурызацыю правільна, праводзіць сацыяльную палітыку, якая зьмякчыць нэгатыўны уплыў рэструктурызацыі на рабочых.

Кіраўніцтва Расеі шмат увагі надае стварэньню Эўразійскага эканамічнага зьвязу Расеі, Беларусі ды Казахстану. А ці атрымала Расея ад стварэньня мытнай “тройкі” які-небудзь адчувальны эканамічны эфэкт? На гэтае пытаньне вядучы эканаміст Сусьветнага банку адказаў наступнае.

К. Рыхтэр: Што ж, Расея – гэта шостая па велічыні эканоміка сьвету. І зразумела, яе ўплыў у Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў вельмі высокі. Гэта натуральна, што Расея разьвівае цесныя стасункі з Казахстанам і Беларусьсю. Аднак вельмі важна, каб Расея, акрамя гэтага, паглыбляла інтэграцыю з усім сьветам. Менавіта таму ўступленьне ў СГА мае такое вялікае значэньне.

Сярод фактараў, якія перашкаджаюць росту расейскай эканомікі, Каспар Рыхтэр назваў аслабленьне з-за крызысу попыту на расейскую сыравіну ў Эўропе, недастатковыя інвэстыцыі, а таксама масавы адплыў капіталаў за мяжу.

Аляксандар Папко

/

Вядучы эканаміст сусьветнага банку Каспар Рыхтэр і кіраўнік дасьледчага цэнтру CASE Марэк Дамброўскі ў Варшаве.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт