Logo Polskiego Radia
Print

Справа Тэйлара: першы асуджаны дыктатар

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.05.2012 09:30
  • Справа Тэйлара.mp3
Міжнароднае правасудзьдзе доўга не магло прыцягнуць да адказнасьці былых дыктатараў за зьдзейсьненыя злачынствы.

/

Цяпер сытуацыя зьмянілася. Ёсьць прэцэдэнт — былы дыктатар Лібэрыі асуджаны за злачынствы. memento mori для іншых?

Чарльз Тэйлар — былы прэзыдэнт Лібэрыі — прызнаны вінаватым за ваенныя злачынствы Міжнародным трыбуналам ААН у справе С'ера-Леонэ. Гэта першы падобны выпадак у міжнародных адносінах. Чарльза Тэйлара лічаць адным з найбольш брутальных дыктатараў Афрыкі. Ён прыйшоў да ўлады ў выніку грамадзянскай вайны. Пра Чарльза Тэйлара распавядаў на хвалях Польскага Радыё рэпарцёр ПАП Войцэх Яґельскі, аўтар кніжкі „Выпальваньне травы” пра Афрыку.

Войцех Ягельскі: Ён сапраўды быў прэзыдэнтам Лібэрыі. Але да прэзыдэнтуры ён ішоў па трупах, пачаўшы крывавую, барбарскую грамадзянскую вайну ў краіне ў 1989-м годзе. Тая лякальная вайна стала адным з прыкладаў найбольшага ваеннага барбарства сучаснай Афрыкі. У трохмільённай краіне загінула чвэрць мільёна чалавек, не кажучы пра параненых і пакалечаных. Прэзыдэнтам ён стаў, перамогшы на выбарах, а супернікамі былі іншыя вайсковыя лідары. Людзі галасавалі за Тэйлара, баючыся, што вайна ня сьціхне. Аднак ён хутка пасварыўся зь іншымі палявымі камандзірамі й вайна пачалася наноў.

У 2003 годзе Тэйлар быў вымушаны падаць у адстаўку, пад прымусам сваіх супернікаў.

Войцех Ягельскі: Акружаны ў Манрові ён пагадзіўся падаць у адстаўку ўзамен за палітычны прытулак у Нігерыі. Тэйлар зрабіў гэта баючыся за сваё жыцьцё. Але прытулак ня быў бясьпечным. Праз тры гады, нібыта падчас спробы ўцёкаў у суседні Камэрун, нігерыйскія ўлады затрымалі Тэйлара й выдалі Трыбуналу па справе С'ера-Леонэ.

Характарыстычнай рысай гэтага дыктатара, апроч жорсткасьці ў барацьбе з унутранымі супернікамі, была агрэсіўная замежная палітыка. Ён выклікаў грамадзянскую вайну ў С'ера-Леонэ, якая па сваёй жорсткасьці ды крыважэрнасьці перавысіла нават афрыканскія стандарты. За што цяпер яго й судзяць.

Войцех Ягельскі: Тэйлар неябыў надзвычай асаблівым дыктатарам на фоне іншых афрыканскіх кіраўнікоў. Ён вызначаўся тым, што разьвязваў (альбо спрабаваў разьвязаць) грамадзянскія войны ў суседніх краінах, каб рабаваць там прыродныя багацьці. С'ера-Леонэ была прывабным цэлем. Гэта бліжэйшы сусед, які мае радовішчы алмазаў. Гэта — найпрасьцейшае багацьце, якое можна скрасьці ды вывесьці. Вайна ў С'ера-Леонэ ішла па падобным сцэнары, як у Лібэрыі. Крывавая, брутальная, усімі магчымымі злачынствамі, вядомымі чалавецтву. Яна ішла паралельна з вайной у Лібэрыі. Тэйлар падтрымліваў партызанаў у С'ера-Леонэ й карыстаўся іх дапамогай, калі прайграваў у Лібэрыі. У сваю чаргу Тэйлара падтрымліваў палкоўнік Кадафі, які пазытыўна паглядаў на рабаўнічую палітыку Тэйлара. На шчасьце яна скончылася паразай.

Суд над Тэйларам і прызнаньне яго вінаватым лічыцца важным крокам з боку міжнароднай супольнасьці ў барацьбе з гвалтам і злачынствамі ў сьвеце. Аднак гэтага недастаткова, каб аднавіць справядлівасьць нават у самой Лібэрыі, кажа Войцех Ягельскі.

Войцех Ягельскі: Гэта, безумоўна, вялізарны посьпех, тым больш у Афрыцы, дзе здаўна саноўныя злачынцы не адказвалі за свае чыны. Тут ёсьць пакараньне. Аднак справядлівасьць мае й горкі аспэкт. Тэйлар адказвае за злачынствы зьдзейсьненыя ў С'ера-Леонэ, але не ў сваёй уласнай краіне. Лібэрыя не згадзілася на міжнародны суд ААН, як гэта зрабіла С'ера-Леонэ. Магчыма таму, што там шмат палявых камандзіраў дайшло да ўлады. Сёньняшняя прэзыдэнт Элін Салі Джонсан заяўляе, што стварэньне міжнароднага трыбунала ў Лібэрыі скончыцца новай грамадзянскай вайной.Дарэчы, яна таксама была б адной з абвінавачаных, бо фінансавала Тэйлара на пачатку вайны. Гэта, вядома ж, крыўдна. С'ера-Леонэ разлічылася з вайной, а ў Лібэрыі няма нават такіх спробаў. Аднак сымбалічная вымярэньне вельмі істотнае. Пакараньне для былога прэзыдэнта, які гвалтам трымаўся ўлады, будзе мець вазжнае значэньне для Афрыкі й ня толькі.

Для дыктатараў пачаліся нялёгкія часы. За сваё «дасягеньні» пры ўладзе пад суд трапілі Слабадан Мілошавіч ды Садам Хусэйн. Працэсу чакаюць вайскоўцы й палітыкі адказныя за этнічныя чысткі ў Босьніі й Герцагавіне. Ідзе працэс былога эгіпецкага прэзыдэнта Мубарака. Пракуроры патрабуюць для яго сьмяротнага пакараньня й для шасьці кіраўнікоў службаў бясьпекі ды МУС.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт