Жудаснае здарэньне адбылося ў Менску ў сярэдзіне траўня. 19-гадовы хлопец расчляніў сабаку, якога сам узяў у прытулку для жывёл “Эгіда”. Галаву сабакі ён прынёс бацькам, а цела выкінуў. Міліцыя спрабуе схаваць гэтую справу. Зрэшты, нават калі б ахоўнікі правапарадку й захацелі пакараць забойцу жывёлы, то пакараньне было б вельмі мяккім. У Беларусі няма закону аб крымінальнай адказнасьці за забойства хатніх жывёл.
Пра гэтую жахлівую гісторыю ў нашу рэдакцыю напісала старшыня аб’яднаньня “Эгіда” Натальля Бялянава.
Н. Бялянава: Дабэрмана Эйса гаспадар, які калісьці ўзяў яго шчанюком, трохі нагуляўшыся й зразумеўшы, што на сабаку ідзе шмат часу, аддаў у “Фаўну гораду”. Гэта менскі пункт адлову, утрыманьня й эўтаназіі жывёл. Валянтэры выкупілі гэтага сабаку, лячылі яго. Пасьля Эйса сфатаграфалі, стварылі пра яго “Тэму” на сайце “Эгіды” й пачалі шукаць гаспадара. Такім гаспадаром, на жаль, стаў Мацьвей Тарасэвіч.
Як пазьней выявілася, 19-гадовы хлопец ужо быў двойчы асуджаны. У ноч з 15-га на 16-га траўня ён забраў сабаку з дому. Далей гісторыя разьвівалася як у фільме жахаў. Дзецям альбо слабым на нэрвы слухачам яе чуць неабавязкова. Ранкам бацькі пабачылі сына на кухні ўсяго ў крыві, на падлозе была адрэзаная галава дабэрмана. Маці патэлефанавала яго дзяўчыне й распавяла пра здарэньне. Тая пра ўсё распавяла валянтэрам “Эгіды”. Яны пачалі званіць да хлопца.
Н. Бялянава: У той жа дзень ён адказаў валянтэрам, што ўсё добра, маўляў, сабака жывы, і што нават можа здымкі нам паказаць. Увечары, калі валянтэры выехалі яго шукаць, стала вядома, што сабака мёртвы.
Калі міліцыя прыехала на месца здарэньня, то яны ня склалі ніякага дакумэнта й нават не паведамілі кампэтэнтным установам, якія ўпаўнаважаныя скласьці пратакол аб правапарушэньні.
Н. Бялянава: На пытаньне “Чаму гэтага не зрабілі,” яны адказалі: “Дык не было заявы”. Хто павінен быў напісаць такую заяву? Забіты сабака? Відавочна, што міліцыя хацела замаўчаць справу. І толькі 17-га траўня, калі “Эгіда” прывезла заяву ў РАУС, то ім прыйшлося ёю заняцца.
Завадзкі РАУС вельмі неахвотна заняўся справай. Валянтэры самі званілі ў міліцыю й прасілі іх апытаць. Участковая ў прысутнасьці валянтэраў шукала артыкул у даведніку, паводле якога можна было б адмовіць актывістам “Эгіды”. Справа пайшла толькі тады, калі валянтэры зьвярнуліся ў ГУУС Менска. У чацьвер Натальля Бялянава размаўляла са старшынём Менскага райвыканкама й прасіла яго ўзяць гэтую справу пад асабіст нагляд. Але нават калі міліцыя выканае добрасумленна свае абавязкі, то максымальнае пакараньне, якое чакае хлопца, гэта 15 сутак арышту.
Н. Бялянава: На жаль, у Беларусі пакараньне за такое жорсткае забойтсва – 15 сутак арышту. Калі пашанцуе з надвор’ем, то гэты арышт можа быць для яго някепскім адпачынкам. Мы ініцыюем напісаньне лістоў з просьбай перагледзець гэты артыкул. На сёньняшні дзень усе прапановы абаронцаў жывёл, усе папраўкі, якія ўносіліся ў праект закону аб абыходжаньні з жывёламі, адхіленыя. У прыватнасьці адхіленая й зьмена пакараньня за жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Мы прапаноўвалі замяніць адміністратыўную адказнасьць на крымінальную.
Беларускія абаронцы хатніх жывёл патрабуюць, каб забойцаў сабак судзіць па Крымінальным кодэксе. “Калі ж замоўчваць такія выпадкі й пазьбягаць кары, то дзяржава сама будзе гадаваць забойцаў” – лічыць Натальля Бялянава. Але да гэтага пакуль доўгая дарога. Бяланава дадае, што калі яна з валянтэрамі размаўляла з участковай, то маладая жанчына спрабавала пераканаць актывістаў “Эгіды”, што 19-гадовы забойца дабэрмана – гэта “харошы хлопчык, у якога ня склалася жыцьцё”.
дг