Беларускія мастакі - ўдзельнікі выставы Milavitsa ў Варшаве.
Творы беларускім мастакоў вылучаюцца адкрытасьцю на сьвет і выдатнай тэхнікай выкананьня – зазначылі госьці галерэі Саюзу польскіх артыстаў-плястыкаў, дзе ўчора адчынілася выстава пад назвай “Мілавіца”. Сусьветна вядомыя беларускія мастакі прывезьлі ў Варшаву свае вобразы жанчынаў.
Аляксей Марачкін, Пётр Янушкевіч, Вацлаў Спорскі, Аляксандар Ксяндзоў, Анатоль Скамарошчанка, Сяргей Грыневіч. Гэта далёка ня поўны сьпіс вядомых мастакоў, чые творы ўбачыла польская публіка на выставе. Іх працы знаходзяцца ў калекцыях Галяндыі, Даніі, Расеі. Абсалютна розныя па стылістыцы творы аб’ядноўвае адна тэма – жанчына. Спачатку выставу плянавалася назваць “Сучасная жанчына й сьвет”. Аднак пазьней выбралі іншую назву – “Мілавіца”. Гэта імя старажытнай беларускай багіні прыгажосьці, адпаведніцы Вэнэры, кажа куратар выставы, дырэктар гарадзенскай галерэі “Крыга” Марыя Мацко.
М. Мацко: Нам не падабалася доўгая назва. Таму я вырашыла назваць выставу Venus, а пазьней прыгадала, што Вэнэра па-беларуску – гэта Мілавіца. Так мы й назвалі наш праект. Пасьля мы зьвярнуліся да вядомай фірмы “Мілавіца”, якая гэты праект падтрымала, фінансавала, і дзякуючы “Мілавіцы” мы прыехалі сюды.
Латыская мастачка Тацьцяна Сэмэнэ была ўражаная здаровым касмапалітызмам і выдатнай тэхнікай беларускіх майстроў.
Т. Сэмэнэ: Стылі вельмі розныя, а творы маюць хутчэй міжнародны характар. Гледзячы на гэтыя карціны, цяжка сказаць, адкуль паходзіць мастак – зь Беларусі, Латвіі, Польшчы ці Швайцарыі. Але беларускую мастацкую школу заўсёды вылучае дасканалая тэхніка выкананьня. За гэта я вельмі паважаю беларускіх творцаў. Я прыемна ўражана як разнастайнасьцю стыляў, так і тэхнікай выкананьня. У нашыя часы цяжка зьдзівіць чымсьці, але я зьдзіўлена.
Стылі сапраўды вельмі разнастайныя – ад клясычнай школы Аляксандра Ксяндзова да поп-арту Сяргея Грыневіча. Розныя творы й па сваім настроі. Напрыклад, партрэты жанчынаў Анатоля Самарошчанкі напоўненыя халоднай, нават злавеснай энэргіяй.
А. Скамарошчанка: Я – мастак, таму магу бачыць не як у люстэрку, а заўважыць нейкую сваю ці схаваную праўду. У чалавеку бываюць таямніцы, і раскрыць іх – гэта задача мастака. Гэтым мы адрозьніваемся ад фотаапаратаў. І неабавязкова мы раскрываем радасны бок чалавека. Мая мадэль пасьля спрэчкі са мной пагадзілася, што ў ёй ёсьць нейкая цёмная энэргія – як у вядзьмаркі.
А вось жаночыя вобразы Пятра Янушкевіча – лёгкія й сьветлыя, нечым нагадваюць іконы. І сапраўды, Пётр Янушкевіч паводле адукацыі – мастак-манумэнталіст. Ён ствараў іконы й вітражы для цэркваў і касьцёлаў у Беларусі, Польшчы, Расеі.
П. Янушкевіч: Жаночы вобраз у сучасным мастацтве й СМІ прадстаўлены з эратычнага, цялеснага боку. А я хачу вярнуць гледача да іконы, фрэскі, да сакральнага мастацтва. Я хачу зрабіць жанчыну багіняй, царыцай – узьнёслай, а не прыземнай істотай.
Юрась Мацко – каваль. На выставе паказаныя яго жаночыя постаці, створаныя з жалеза.
Юрась Мацко: Як у кожнага мужчыны, у мяне ёсьць свая муза – адна, і другая, і трэцяя. Мастаку заўсёды хочацца перадаць жанчыну з таго, што ён умее. Я – каваль, займаюся жалезам. Таму мая задумка – перадаць жаноцкую прыгажосьць у мэтале.
Выставу “Мілавіца” можна назваць пасьпяховай. Беларускія й польскія артысты ўжо абмеркавалі пляны будучых экспазыцыяў. А жыхары й госьці Варшавы могуць самі ўбачыць творы вядомых беларускіх мастакоў у Доме артыста-плястыка да 2 жніўня. Адрас галерэі - ul. Mazowiecka 11A.
Аляксандар Папко
Аляксандар Ксяндзоў - "Сіеста"
Анатоль Скамарошчанка - "Чорная пярліна. Алёна"
Анатоль Скамарошчанка - "Чорная пярліна. Тацьцяна"
Пётр Янушкевіч - "Напой каханьня"
Пётр Янушкевіч - "Дотык ночы"
Юрась Мацко - "Ева"
Андрэй Філіповіч - "Выкраданьне Эўропы"
Сяргей Грыневіч - "Дзень сьвятога Валянціна"
Сяргей Грыневіч - "Дзень сьвятога Валянціна"