Logo Polskiego Radia
Print

КДБ ў Горадні палюе на кнігу

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.09.2012 15:46
  • КДБ ў Горадні палюе на кнігу.mp3
Падручнік “Гродназнаўства” канфіскуюць з бібліятэк. Аўтарам пагражаюць звальненьнем з працы.

Фота:
Фота: t-styl.info

Падручнік “Гродназнаўства”, які зусім нядаўна быў урачыста прадстаўлены публіцы, канфіскуецца з бібліятэк і кнігарняў па загадзе КДБ. Аўтарам кнігі – супрацоўнікам Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, пагражаюць звальненьнем з працы. Прычынай забароны кнігі магло стаць тое, што выдадзена яна ў Польшчы зь ініцыятывы беларускай няўрадавай арганізацыі.

“Гродназнаўства : Гісторыя еўрапейскага горада” – гэта якасны ілюстраваны падручнік па гісторыі Горадні. Кніга выйшла ў сэрыі “Гарадзенская бібліятэка” – незалежнай ініцыятыве, мэтай якой зьяўляецца выданьне кніг на гарадзенскую тэматыку. Пра падручнік распавядае каардынатар “Гарадзенскай бібліятэкі” Павал Мажэйка.

Фота:
Фота: mediakritika.by

П. Мажэйка: Гэта неафіцыйны падручнік гісторыі горада – ад першай згадкі пра яго ў 1127 годзе да 1991 году. Аўтары вырашылі завершыць падручнік менавіта гэтым годам, бо 20 гадоў незалежнай Беларусі на сёньняшні дзень больш адносяцца да паліталёгіі, а не да гісторыі. Кніга падзелена на больш за 30 параграфаў, багата ілюстраваных малюнкамі, табліцамі, рэканструкцыямі.

Фота:
Фота: t-styl.info

Усяго 5 месяцаў таму кніга “Гродназнаўства” была ўрачыста прадстаўлена ў Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце. Яе хвалілі дзяржаўныя газэты й цэнтральныя тэлеканалы, а цяпер КДБ канфіскуе падручнік з кнігарняў і бібліятэк.

П. Мажэйка: Супрацоўнікі КДБ наведалі гарадзенскія кнігарні, цікавіліся зьяўленьнем “Гродназнаўства” ў кніжных крамах. Асобнікі кнігі, якія былі на ўліку ў гарадзенскіх бібліятэках, распараджэньнем КДБ былі вынятыя з абароту.

Супрацоўнікі КДБ правялі “тлумачальныя размовы” з аўтарамі кнігі – шасьцю выкладчыкамі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту пагражае ім звальненьнем з працы, кажа Павал Мажэйка.

П. Мажэйка: КДБ ўзяло ў аўтараў гэтага выданьня тлумачэньні. Большасьць зь іх працуе ў Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы. Рэктар Яўген Роўба правёў зь імі “прафіляктычную размову”, пасьля якой яны ня ўпэўненыя, ці застануцца на сваіх пасадах і ці ўвогуле змогуць працаваць ва ўнівэрсытэце.

Улады абвінавачваюць гарадзенскіх гісторыкаў у тым, што яны напісалі “нацыяналістычны” падручнік, а таксама ў тым, што кніга была выдадзена нелегальна, пры дапамозе незарэгістраванай арганізацыі й нелегальна ўвезена ў Беларусь. Пры гэтым падручнік выдадзены ў абсалютна афіцыйным польскім выданьні – Уроцлаўскай навуковай друкарні Польскай Акадэміі Навук.

Акрамя таго, прадстаўнікі ўладаў абураюцца, што ў кнізе не апісаны сучасны пэрыяд гісторыі Беларусі й бачаць у гэтым праяў нелюбові да курсу Лукашэнкі.

Перасьлед падручніка й яго аўтараў выглядае яшчэ больш абсурдна таму, што “Гродназнаўства” – гэта перавыданьне падручніка, надрукаванага некалькі гадоў таму самім Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэтам.

П. Мажэйка: Гэтая кніга была ўжо выдадзеная ў дзяржаўным унівэрсытэце па загадзе самога рэктара, праўда за невялікія грошы і ў дрэннай якасьці. Пасьля яна яшчэ давыдавалася. Толькі пару гадоў таму ад нас паступіла прапанова знайсьці выдавецтва, якое б згадзілася выдаць гэтую кнігу на вельмі высокім якасным узроўні – з ілюстрацыямі, на добрай паперы, у цьвёрдай вокладцы. Мы палічылі, што гэтая кніга вартая таго, пра яе пачулі ў навуковых колах і ня толькі.

Адзіным рацыянальным вытлумачэньнем перасьледу кнігі можа быць тое, што яна была выдадзеная ў Польшчы зь ініцыятывы ня ўладаў, а незалежнай суполкі “Гарадзенская бібліятэка”. На вялікі жаль, нам не ўдалося атрымаць камэнтароў ад аўтараў кнігі.

Каардынатар “Гарадзенскай бібліятэкі” Павал Мажэйка намераны выкласьці падручнік “Гроднаўзнаўства” ў Інтэрнэт. “Калі кніга, выдадзеная накладам усяго ў тысячу экзэмпляраў, выклікала такую цікавасьць – яе трэба задаволіць”, - падсумоўвае Павал Мажэйка.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт