Паводле першых падлікаў перамогу атрымала кіроўная Партыя рэгіёнаў. Вынікамі задаволеная таксама апазыцыя. Любыя канфігурацыі пакуль магчымыя.
Пасьля падліку адной траціны галасоў Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны паведаміла, што найбольш галасоў здабыла Партыя рэгіёнаў – 36,4%.
На другім месцы Аб’яднаная апазыцыя, якую падтрымалі 21% выбарцаў. Трэцяе месца займаюць камуністы з 15% падтрымкай. Далей ідзе партыя Віталія Клічко Ўдар ды партыя Свабода з 12% і 7% галасоў. Гэтыя папярэднія дадзеныя перадае карэспандэнт Польскага радыё ў Кіеве Пётр Пагажэльскі.
Пётр Пагажэльскі: Дадзеныя ЦВК напэўна яшчэ зьменяцца, таму што пакуль яны моцна адрозьніваюцца ад вынікаў сацапытаньняў экзытполаў, згодна зь якімі на Партыю рэгіёнаў прагаласавала ад 27 да 32% выбараў. Аб’яднаная апазыцыя атрымала 23%. На трэцім месцы Удар Віталія Клічко з 14%, а потым камуністы й Свабода з 12%. Дадзеныя ЦВК ды сацапытаньняў датычаць галасаваньня па партыйных сьпісах. А гэта другая палова парлямэнту. Тут няма сацыялягічных дадзеных да афіцыйных падлікаў ЦВК.
Вынікі выбараў ды ход кампаніі крытыкуюць міжнародныя назіральнікі. Так, прадстаўнікі Міжнароднай грамадзкай місіі з Польшчы, Летувы ды Нямеччыны заявілі, што дзень выбараў прайшоў без эксцэсаў, але шмат парушэньняў было падчас выбарчай кампаніі. Гаворыць нямецкі палітык Маркус Мэцкель.
Маркус Мэцкель: Ідзецца пра тое, што быў ціск на працаўнікоў бюджэтнай сфэры. Фінансаваныя дзяржаўныя ініцыятывы прадстаўляліся як посьпех намаганьняў кандыдата. Партыі ня мелі магчымасьці весьці справядлівую агітацыйную кампанію. СМІ, апроч інтэрнэту, прадстаўлялі выбарачную інфармацыю, аддаючы перавагу прадстаўнікам улады.
Партыя рэгіёнаў задаволеная здабытымі вынікамі на парлямэнцкіх выбарах. Прэм’ер-міністар і старшныя партыі Мікола Азараў заявіў, што выбары адбыліся без фальсыфікацый і паказалі, што кіроўная партыя мае высокую падтрымку.
Мікола Азараў: Гэта найлепшы адказ для тых, хто кажа, што людзі расчараваныя, ня вераць нам. Мы перамаглі ў абсалютна чэснай барацьбе.
Задаволеная выбарамі таксама й Аб’яднаная апазыцыя. Лідар апазыцыянэраў Арсэній Ясэнюк заявіў, што калі злажыць галасы, здабытыя апазыцыяй і партыямі Ўдар ды Свабода, то можна казаць пра перамогу апанэнтаў уладаў.
Арсэній Ясэнюк: Абсалютна зразумела, што ўкраінцы падтрымліваюць апазыцыю, а ня ўлады.
З прапановай аб’яднаць галасы да апазыцыі ўжо выступіў Віталій Клічко. Падчас выбараў Клічко ўстрымліваўся ад такіх заяваў.
Віталій Клічко: Нельга ісьці на супрацоўніцтва зь сілай, якая паказала свой сапраўдны твар, то бок з Партыяй рэгіёнаў ды ейнымі сатэлітамі – камуністамі. Як я й казаў, спачатку выбары, а цяпер мы мусім аб’яднаць галасы са Свабодай і Аб’яднанай апазыцыяй.
Аднак нават у гэтым выпадку апазыцыя можа быць у меншасьці ў Вярхоўнай Радзе. Канчатковыя вынікі выбараў будуць вядомыя ў сераду.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч