Logo Polskiego Radia
Print

Generalplan Ost: высяленьне жыхароў Замойшчыны

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.11.2012 14:30
  • Generalplan.mp3
28 лістапада 1942 году гітлераўцы распачалі ажыцьцяўленьне Генэральнага ўсходняга пляну.

/

70 гадоў таму, 28 лістапада 1942 году, гітлераўцы распачалі ажыцьцяўленьне Генэральнага ўсходняга пляну („Generalplan Ost”), то бок германізацыі Ўсходняй Эўропы.

Першым этапам стратэгіі, разьлічанай на 30 гадоў, было высяленьне жыхароў Замойшчыны – рэгіёну ў паўднёва-ўсходняй Польшчы.

Акцыя высяленьня польскага насельніцтва з Замойшчыны была элемэнтам Генэральнага ўсходняя пляну. Замойшчына мела быць узорнай, нацыянальна чыстай тэрыторыяй, гэтак званым Гімлерляндам (Himmlerland).

Нямецкая акцыя пачалася 28 лістапада 1942 года. Да жніўня 1943 года гітлераўцы высялілі польскае насельніцтва з 293 вёсак, то бок каля 110 тысячаў чалавек, - нагадвае гісторык Анджэй Завістоўскі зь Інстытута нацыянальнай памяці.

Анджэй Завістоўскі: Акцыя высяленьня насельніцтва Замойшчыны была, дарэчы, адзіным рэалізаваным элемэнтам стварэньня нямецкай сыстэмы пасяленьняў ва Ўсходняй Эўропе. Гэтая стратэгія прадугледжвала высяленьне за Ўрал ненямецкага насельніцтва. Гітлераўцы плянавалі пакінуць частку мясцовых жыхароў выключна ў якасьці рабскай рабочай сілы.

Гісторык адзначае, што асабліва жорсткі лёс чакаў каля 30 тысяч польскіх дзяцей.

Анджэй Завістоўскі: Дадатковым аспэктам высяленьняў была трагічная гісторыя польскіх дзяцей. Адабраныя ў бацькоў дзеці накіроўваліся на працу, удзельнічалі ў жудасных мэдычных экспэрымэнтах у канцлягеры „Auschwitz” альбо падвяргаліся германізацыі шляхам усынаўленьня нямецкімі сем’ямі. Пры гэтым 10 тысячаў дзяцей Замойшчыны загінулі як у выніку дзеяньняў акупанта, так і хваробаў ды голаду.

Станіславу Куроўскаму было тады 2 гады. Яго выгналі з дому разам з усёй сям’ёй.

Станіслаў Куроўскі: Мне было 2 гады, калі усіх нас вывезьлі спачатку ў часовы лягер, а пазьней у лягер у Замосьці й на канец - у Люблін. Зь Любліна нас вывезьлі ў Трэці Рэйх.

Дзяцей чакаў страшэнны лёс, расказвае старшыня Асацыяцыі дзяцей Замойшчыны Балеслаў Шыманік.

Балеслаў Шыманік: Першы цягнік зь лягера ў Замосьці ў канцлягер „Auschwitz” выйшаў 10 сьнежня 1942 году. У ім было 644 дзяцей. Пазьней былі чарговыя транспарты.

Распаўсюд інфармацыі на тэму высяленьняў польскага насельніцтва з рэгіёну Замойшчыны, паводле гісторыка Анджэя Завістоўскага, можа стаць важным аргумэнтам супраць нямецкіх асяродзьдзяў, якія гавораць пра трагедыю немцаў, пераселеных пасьля Другой сусьветнай вайны.

Анджэй Завістоўскі: Нельга параўноўваць лёсу пераселеных палякаў і немцаў. Выселеныя палякі трапілі ў канцлягеры, яны паміралі з голаду, у выніку хваробаў і холаду, іх забівалі…Гэтага нельга параўнаць з высяленьнем немцаў, якія часта выяжджалі добраахвотна з усім сваім набыткам… Нават калі яны ўцякалі з Польшчы, то не падвяргаліся арганізаванаму перасьледу.

Улады Трэцяга Рэйху плянавалі пасяліць на Замойшчыне 60 тысячаў нямецкіх калянізатараў, пераселеных з Бэсарабіі, Украіны, Босьніі й Герцагавіны, Сэрбіі, Славэніі. Канчаткова на гэтай тэрыторыі пасялілася каля 12 тысячаў немцаў, якія раней часова пражывалі таксама ў іншых рэгіёнах Польшчы.

Пры гэтым гісторыкі нагадваюць, што трагедыя Замойшчыны - гэта ня першыя высяленьні з тэрыторыі акупаванай Польшчы. Так, у дагаворы Рыбэнтроп-Молатаў прадугледжвалася перасяленьне немцаў з Латвіі на тэрыторыю заходняй Польшчы. Гэта, зразумела, было зьвязана з высяленьнем мясцовых палякаў, што й пачалося яшчэ ў 1939 годзе. Аднак найбольш палякаў гітлераўцы выкінулі з Краю Варты (каля 600 тысячаў чалaвек), паколькі чыноўнікі Трэцяга Рэйху лічылі, што палякаў немагчыма германізаваць.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт