Logo Polskiego Radia
Print

Год дыпляматычных скандалаў і грамадзкай апатыі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.12.2012 07:11
  • Год дыпляматычных скандалаў і грамадзкай апатыі.mp3
Расстрэл Канавалава й Кавалёва, “мядзьведзіроўка” ды хутка забытыя выбары – у “Палітычным люстэрку” мы прыгадваем найважнейшыя падзеі году.

2012 год, які амаль адышоў да гісторыі, запомніцца палітычнымі скандаламі й дзёрзкімі правакацыямі, а таксама пытаньнямі, якія засталіся без адказу. Год не стаў годам пазытыўных пераменаў. Але можа перамены не за гарамі? Найважнейшыя падзеі 2012 аналізуюць у “Палітычным люстэрку” Павал Усаў і Аляксандар Папко.

Адной галоўных трагічных і спрэчных падзеяў году стаў расстрэл Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, які адбыўся 17 сакавіка. Сьледзтва над абвінавачанымі ў тэракце ў менскім мэтро пакінула больш пытаньняў, чым адказаў: на токара і электрыка “павесілі” ўсе выбухі з 2005 году, на судзе яны маўчалі, пазьней іх пасьпешна расстралялі, а ўсе ўлікі самага крывавага ў гісторыі беларусі тэракта зьнішчылі. Уладам так і не ўдалося пераканаць большасьць беларусаў ў вінаватасьці Канавалава й Кавалёва. Як справа тэракту ў мэтро паўплывала на стасункі паміж грамадзтвам і дзяржавай?

П. Усаў: Беларускія грамадзяне паволі забываюцца пра трагічныя падзеі ў менскім мэтро. Я не магу нават назваць іх тэрарыстычным актам. Тэрарыстычны акт зьдзяйсьняецца з палітычнымі мэтамі, а гэтых мэтаў у дзеяньні Канавалава й Кавалёва не было. Аднак ўлады зрабілі з гэтага палітычную справу, што ўзбудзіла падазрэньні ў датычнасьці да яе прадстаўнікоў уладаў. Улады сёньня робяць ўсё, каб людзі як мага хутчэй забыліся пра падзеі ў мэтро, каб перанакіраваць сьвядомасьць людзей у іншы бок.

2012 год адзначыўся дыпляматычнымі канфліктамі паміж Эўразьвязам і Менскам. 27 лютага Рада Эўразьвязу уключыла ў сьпіс неўязных два дзесяткі судзьдзяў і пракурораў. Менск адказаў на гэта высылкай амбасадараў Польшчы і Эўразьвяза. 28 лютага ў знак салідарнасьці Менск пакінулі ўсе эўрапейскія амбасадары. Вярнуліся яны толькі празь месяц. Што гэтая дыпляматычная вайна дала зразумець як Эўразьвязу, так і Менску?

П. Усаў: Менск зразумеў, што Захад захоўвае прынцыповую пазыцыю й ня пойдзе на саступкі у дачыненьні да рэжыму, пакуль той ня зьменіць унутраную палітыку. Вяртаньне амбасадараў было магчымае толькі таму, што ўлады выпусьцілі з турмы Бандарэнку й Саньнікава.

Сапраўды, у сярэдзіне красавіка на волю выйшлі некалькі галоўных вязьняў Плошчы, сярод якіх Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка. Чаму ўлады вырашылі выпусьціць Саньнікава й пакінулі за кратамі Міколу Статкевіча ды яшчэ 11 палітвязьняў?

П. Усаў: Асноўнай прычынай, па якой выпусьцілі Саньнікава й Бандарэнку, стала прашэньне аб памілаваньні. Тыя, хто не напісаў яго – засталіся ў турме. Гэтае самае датычыць і Сяргея Каваленкі, які, хоць і трымаў галадоўку, таксама пагадзіўся падпісаць прашэньне аб памілаваньні й быў звольнены. Адміністрацыя беларускіх турмаў працягвае аказваць псыхалягічны й фізычны ціск на Міколу Статкевіча й Зьмітра Дашкевіча, а таксама іншых палітвязьняў, каб прымусіць іх падпісаць прашэньне аб памілаваньні. Калі яны гэтага ня зробяць – наўрад ці ў хуткім часе апынуцца на волі. Магчыма таксама, што, Лукашэнка мог бы выпусьціць палітвязьняў, калі б Эўразьвяз першы пайшоў на палітычныя й эканамічныя саступкі.

4 ліпеня 2012 году, напэўна, надоўга застанецца ў памяці беларускіх вайскоўцаў. Двое адчайных швэдаў з піяр-агенцтва “Studio Total” на лёгкаматорным самалёце праніклі ў паветраную прастору Беларусі й скінулі плюшавых мядзьведзікаў над Менскам і Івянцом. Вайскоўцы і прапагандысты назвалі кадры “мядзьведзіроўкі” фоташопам. Аднак пазьней яе прызнаў сам Лукашэнка, а за кратамі па “мядзьвежай справе” апынуліся фатограф і рыэлтар. Як дзёрзкая правакацыя швэдзкіх энтузіястаў адбілася на іміджы арміі й беларускіх уладаў?

П. Усаў: Найбольшы эфэкт акцыя мела за мяжой. Аднак для шмат якіх беларусаў стала зразумела, што нягледзячы на татальны палітычны кантроль, улада ня можа кантраляваць усяго. Кожны падобны выклік аўтарытарнай сыстэме моцна б’е па іміджу дыктатараў, якія ня ў стане кантраляваць шмат якія рэчы. Акцыя зь мядзьведзікамі паказала, наколькі аўтарытарная сыстэма прагнілая. Вонкавыя і ўнутраныя ўдары спрыяюць яе хутчэйшай дэкансалідацыі й распаду.

Найважнейшыя палітычныя падзеі, такія як выбары ў парлямэнт, у Беларусі даўно ня маюць вызначальнага характару. Выбары 23 верасьня прайшлі абсалютна прадказальна – у парлямэнт патрапілі толькі “правераныя асобы”. Апазыцыя заклікала да байкоту выбараў, аднак па зьвестках НІСЭПД да ўрнаў усё ж прыйшло больш за 60 працэнтаў грамадзянаў. Чаму большасьць беларусаў ніяк не выказала пратэст супраць пагаршэньня ўмоваў жыцьця? Людзі спадзяюцца, што ўлады паправяць становішча ці баяцца, што рэформы прывядуць да яшчэ горшых вынікаў?

П. Усаў: Калі такая вялікая колькасьць грамадзянаў узяла ўдзел у выбарах (у што я не зусім веру) то гэта сьведчыць пра інэрцыйнасьць грамадзтва. Улады яшчэ могуць прымусіць грамадзянаў галасаваць, каб даказаць, што выбары існуюць. Што тычыцца таго, вераць беларусы ўладам ці не – думаю, што ў большасьці няма аб’ектыўнага разуменьня сытуацыі ў Беларусі. Яны ня ведаюць, навошта патрэбны беларускі парлямэнт, рэгулярна ўдзельнічаюць у суботніках, выбарах, парадах, але ўсё гэта робяць пад прымусам...

2012 год быў багаты на палітычныя патрасеньні, але яны не прынесьлі заўважальных вынікаў. Быць можа, працэс пераменаў у грамадзтве ідзе але пакуль яшчэ ён ня бачны.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт