Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ахвяравалі 13 млн. дал.

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 14.01.2013 15:22
  • Палякі ахвяравалі 13 млн. дал..mp3
Гэта толькі ўступная сума, якую ўдалося сабраць падчас учарашняй акцыі Вялікі арестар сьвяточнай дапамогі.
Wolontariusze WOŚP, foto: PAP/Adam Warżawa

120 тысяч валянтэраў, мільёны раздадзеных сэрцаў і амаль 40 мільёнаў злотых (13 мільёнаў даляраў). Гэта толькі ўступная сума, якую ўдалося сабраць падчас учарашняй акцыі Вялікі арестар сьвяточнай дапамогі, якая прайшла ў Польшчы ды іншых краінах сьвету. Грошы будуць прызначаныя на закупку мэдычнага абсталяваньня для дзяцей і пажылых людзей.

За 21 год палякі не стаміліся й актыўна прымаюць удзел у акцыі. Галоўны арганізатар ды ініцыятар акцыі Ежы Оўсяк прызнае, што перад Вялікім аркестрам сьвяточнай дапамогі ён заўсёды хвалюецца.

Е. Оўсяк: Сапраўды, становіцца крыху страшна, мы хвалюемся. Але гэта нармальна. А потым прыходзіць агромністая радасьць, што ўсё ўдалося. За сабраныя сёлета грошы мы здолеем купіць усё, што заплянавалі. Нядзельная акцыя для нас – гэта толькі пачатак працы, якая будзе ісьці цэлы год. Непрыемна, калі нехта кажа, што Аркестар зайграў толькі раз у год. Раз у год праходзіць такая вялікая акцыя, але мы працуем цэлы год, дзелім гэтыя грошы на вызначаныя патрэбы й робім гэта вельмі-вельмі дакладна.

Палова грошай будзе прызначаная на замену састарэлых прыбораў у дзіцячых аддзяленьнях, якія былі купленыя на самым пачатку акцыі, 21 год таму. Другая палова пойдзе на дапамогу ў лячэньні пажылых людзей. Сёлета ўпершыню фонд “Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” вырашыў прызначыць сабраныя грошы па роўну для дзяцей і старэйшых людзей. Папярэднія 20 гадоў палякі “складваліся” на апаратуру выключна для найменшых.

Ежы Оўсяк тлумачыць, што калі б цяпер адмысловыя ложкі купляць па рынкавай цане, то за 15 мільёнаў злотых удалося б іх памяняць на ўсіх герыятрычных аддзяленьнях у Польшчы. Адначасова Оўсяк адзначае, што прыйшоў момант, калі сабраныя грошы можна было прызначыць таксама на іншыя мэты, паколькі пэдыятрыя ў Польшчы дасягнула высокага ўзроўню.

Е. Оўсяк: Можна быць спакойнымі – для дзяцей ёсьць усё. Паверце мне. Гэтыя грошы патрэбныя для таго, каб падтрымаць ужо існуючыя высокія стандарты. У сваю чаргу пажылыя асобы патрабуць нашай дапамогі. Дзякуй усім, хто быў з намі!

Канчатковая сума будзе вядомая праз два месяцы, яшчэ столькі будуць трываць шматлікія аўкцыёны. Пазьней будзе распісаны тэндар, каб неўзабаве ў польскіх шпіталях пачало працаваць самае сучаснае абсталяваньне.

Валянтэраў можна было пабачыць паўсюль. Агулам іх было 120 тысяч. У Радаме ахвяраваньні зьбіралі 350 чалавек, а сярод іх, між іншым, фунцыянэры правапарадку й гарцэры. Наймалодшаму было 9 гадоў, а найстарэйшаму больш за 50.

Мая: Усё вельмі добра. Людзі ахвотна ўкідваюць грошы. Іх ня трэба пераконваць. Усе ўсьміхаюцца, вельмі прыемныя, гавораць, што трэба дапамагаць іншым.

Асноўная сума сабраная валянтэрамі ў скарбонку. Частка сродкаў паходзіць са шматлікіх аўкцыёнаў. Так, за 25 тысяч злотых (прыкладна 5 тысяч даляраў) было прададзена залатое сэрца ў Першай праграме Польскага радыё. Былі й ня вельмі тыповыя аўкцыёны. На адным зь іх можна было купіць аднадзённае прабываньне ў вязьніцы. У сваю чаргу палітыкі прапанавалі пазмагацца за магчымасьць паабедаць зь імі.

Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі – гэта ня толькі збор сродкаў, але й час на адпачынак і забаву. У пераважнай большасьці гарадоў Польшчы былі зладжаныя канцэрты, на завяршэньне якіх у паветра былі запушчаныя фаервэркі. Па ўсёй краіне праходзілі разнастайныя акцыі. Ва Ўроцлаве праходзіла спроба пабіць рэкорд піцьця рыбінага тлушчу на паветры. У Торуні білі іншы рэкорд – на намалявыным сэрцы павінна было зьмясьціцца як мага больш людзей.

Збор сродкаў у рамках Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі праходзіў ня толькі ў Польшчы. Да акцыі далучыліся палякі ў многіх эўрапейскіх і амэрыканскіх гарадах. Напрыклад, у Нью-Ёрку цягам адной ночы падчас польскага канцэрту ў адным з клюбаў сабрана 27 тысяч даляраў.

Падобным чынам акцыі праходзілі ў іншых амэрыканскіх гарадах, Лёндане, Балёніі, Брусэлі, а нават Афганістане й Косаве.

Да Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі далучыліся й палякі зь Беларусі. У ролі валянтэраў выступілі польскія актывісты. Старшыня непрызнаванага СПБ Мечыслаў Яськевіч распачаў наведваньне лякальных суполак. Падчас сустрэч у Ваўкавыску, Радуні, Лідзе ці Берасьці цягам бліжэйшых дзён ён будзе расказваць пра акцыю. Уразмове з Польскім радыё Мечыслаў Яськевіч падкрэсьліў, што палякі Беларусі вырашылі далучыцца да акцыі Ежы Оўсяка, паколькі самі заўсёды атрымлівалі дапамогу з Польшчы.

М. Яськевіч: З самага пачатку Саюз палякаў Беларусі заўсёды атрымлівае дапамогу. Таму мы павінны быць салідарныя з палякамі, якія робяць гэтую акцыю. Мы хочам зрабіць свой унёсак у гэтую шляхотную справу.

Акцыя ў Беларусі будзе трываць прыблізна да 3 лютага.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт