Logo Polskiego Radia
Print

Ці зьбіраецца Беларусь выконваць рашэньні ААН?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.01.2013 21:03
  • Ці зьбіраецца Беларусь выконваць рашэньні ААН.mp3
Камітэт па правах чалавека ААН запытаўся ў Менска, ці зрабіў ён што-небудзь, каб парушэньні, дапушчаныя ў справе Кавалёва й Канавалава, больш не паўтараліся.

/

Камітэт ААН па правах чалавека чакае ад уладаў Беларусі адказу на патрабаваньні, прад’яўленыя ААН у сувязі з парушэньнямі, што былі дапушчаныя пры расьсьледаваньні выбуху ў менскім мэтро. Адпаведны ліст атрымала з упраўленьня Вярхоўнага Камісара па правах чалавека Любоў Кавалёва, маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва. Чаго ад Менска патрабуе ААН і ці зьбіраюцца ўлады выконваць гэтыя патрабаваньні?

29 кастрычніка Камітэт па правах чалавека прызнаў, што працэс па справе выбуху ў Менскім мэтро адбыўся са шматлікімі парушэньнямі. На Ўладзіслава Кавалёва аказвалі псыхалягічны і фізычны ціск, каб ён агаварыў сябе. Яшчэ перад заканчэньнем суду дзяржаўныя СМІ аб’явілі яго тэрарыстам, такім чынам была парушаная прэзумпцыя невінаватасьці. Самае галоўнае, Уладзіслава Кавалёва расстралялі, не дачакаўшыся разгляду яго скаргі на рашэньня суда. Пра прэтэнзіі ААН да беларускіх уладаў распавядае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

/

В. Стэфановіч: Сьмяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву прывялі ў выкананьне, не чакаючы разгляду нагляднай скаргі, пададзенай на імя старшыні Вярхоўнага суду. Камітэт па правах чалавека ААН палічыў, што Ўладзіслаў Кавалёў быў пазбаўлены права абскардзіць прысуд. Гэта парушала яго права на жыцьцё. Таксама ў рашэньні ААН ёсьць патрабаваньні скасаваць забарону на выдачу цела блізкім, на прадстаўленьне інфармацыі аб часе й месцы пахаваньня расстралянага. Гэта забарона зьяўляецца бесчалавечным і жорсткім абыходжаньнем, якое прыроўніваецца да катаваньня. Яна парушае 17 артыкул Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Цяпер Камітэт па правах чалавека ААН патрабуе паведаміць да 3 ліпеня, што было зроблена, каб выканаць рашэньне ААН, і зрабіць немагчымымі парушэньні правоў асуджаных у будучыні. Сама ж маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва жадае перадусім, каб ўлады прыслухаліся да ААН і выдалі ёй цела сына.

Фота:
Фота: svaboda.org

Л. Кавалёва: Першае, чаго я чакаю – гэта выдача цела. Хацелася б канешне, каб дзяржавы прыслухалася да патрабаваньняў ААН і больш не парушала правы асуджаных. Дзяржава таксама павінна будзе апублікаваць рашэньне Камітэта па правах чалавека – на рускай і беларускай мовах. Яна павінна як мага шырэй распаўсюдзіць інфармацыю пра рашэньне камітэту.

Ці выканае Беларусь рашэньне Камітэту па правах чалавека? Нават Любоў Кавалёва ў гэтым сумняваецца.

Л. Кавалёва: Канешне, яны будуць аспрэчваць гэтыя рашэньні, бо за тое, што яны дапусьцілі прадугледжана крымінальная адказнасьць...

Апошнім часам беларускія ўлады адкрыта ігнаруюць выкананьне патрабаваньняў ААН, чым парушаюць падпісаныя імі жа дамовы, кажа Валянцін Стэфановіч.

В. Стэфановіч: Шмат на якія паведамленьні грамадзянаў урад адказвае, што ўвогуле ня будзе камунікаваць з ААН. Такім чынам урад ставіць пад сумнеў удзел Беларусі ў Першым факультатыўным пратаколе да Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна зь якім Беларусь прызнае кампэтэнцыю Камітэту па правах чалавека ААН.

Менскія ўлады не намераныя прызнаваць парушэньні, дапушчаныя падчас працэсу. Наадварот, яны палітызуюць справу тэракту ў менскім мэтро, робячы яе чарговым фронтам вайны супраць апазыцыі. Так лічыць праваабаронца Людміла Гразнова. На яе думку, каб адпомсьціць праваабаронцам, якія ўзнагародзілі Любоў Кавалёву, улады нядаўна далі ўзнагароды сьледчым, якія вялі справу аб выбуху.

Фота:
Фота: svaboda.org

Л. Гразнова: 10 сьнежня Любоў Кавалёва была прызнаная найлепшым праваабаронцам году. На злосьць нашаму рашэньню ўлады ў студзені вырашылі ўзнагародзіць міліцыянтаў. Думаю, нашая ініцыятыва паслужыла для іх штуршком.

Якія ж страты чакаюць Менск, калі ён адмовіцца выконваць рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН? Толькі сымбалічныя – кажа Валянцін Стэфановіч. Парушэньні правоў чалавека ўжо прывялі да таго, што ААН увяла пасаду спэцдакладчыка па Беларусі. Падчас працэдуры ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду на Менск ізноў пакажуць пальцам, як на краіну, якая парушае правы чалавека і не выконвае міжнародных дамоваў – кажа Валянцін Стэфановіч.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт