Logo Polskiego Radia
Print

Эўразьвяз не застанецца бяз грошай

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.02.2013 18:00
  • Эўразьвяз не застанецца бяз грошай.mp3
Эўрапейскія палітыкі выпрацавалі кампраміс у справе бюджэту ЭЗ на 2014-2020 гг.

Лидеры

Такі вынік Брусэльскага саміту. Польскія палітыкі не хаваюць задавальненьня.

Бюджэтны саміт пачаўся ў бэльгійскай сталіцы ў чацьвер. Больш за суткі большасьць эўрапейскіх палітыкаў была зачынена ў будынку Эўрапейскай Рады. Некаторыя зь іх, як старшыня Рады Гэрман ван Рампёй або прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск вяло перамовы больш за 30 гадзін. Прычына – бюджэт ЭЗ на бліжэйшыя 7 гадоў.

У пятніцу бліжэй да другой паловы дня стала вядома, што эўрапейскім лідарам удалося выпрацаваць пагадненьне, што да ўзроўню выдаткаў бюджэту супольнасьцяў. Агучана лічба ў памеры 960 мільярдаў эўра. Вынікамі задаволенае кіраўніцтва Францыі, Італіі, Чэхіі, Славеніі ды Польшчы. Яны атрымалі дадатковыя сродкі на сельскую гаспадарку й разьвіцьцё бедных рэгіёнаў. Так напрыклад, Польшчы прызнана 72 мільярды эўра на палітыку рэгіянальнага разьвіцьця і ў дадатку некалькі мільярдаў на падтрымку сельскай гаспадаркі. Прэсавы сакратар польскага ўраду Павэл Грась заявіў з аптымізмам, што бурлівая ноч скончылася пасьпяхова.

Павэл Грась: Усё залежыць ад таго, як будзе канчаткова выглядаць гэтае пагадненьне. Калі будзе дасягнуты кампраміс і кіраўнікі дзяржавы ўзгодняць дэталі бюджэту, гэта будзе добры аргумэнт для эўрапарлямэнту на карысьць падтрымкі бюджэту. Калі не, тады галасаваньне ў парлямэнце будзе істотным элемэнтам стварэньня фінансавай архітэктуры Эўрапейскага Зьвязу на наступныя гады.

Міністар замежных спраў папрасіў быць цярплівымі, перамовы былі вельмі складаныя.

Радаслаў Сікорскі: Пры меншым бюджэце, меншых фондах на рэгіянальную палітыку й сельскую гаспадарку, Польшча атрымала ў абедзьвюх катэгорыях больш. Таму ўсе павінны прызнаць посьпех прэм’ера і ягонай каманды ды павіншаваць яго, а апазыцыя павінна перапрасіць за ўсю лухту, якую несла апошнія гады пра польскую замежную палітыку.

Разам з тым, у Польшчы чуваць і менш аптымістычныя галасы. Так, былы старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк называе гэты бюджэт кепскім для Эўразьвязу. Дасягнуты кампраміс не бярэ пад увагу крызысу ў Эўропе.

Эжы Бузэк: Уступны кампраміс дае надзею. Для Польшчы – гэта даволі добры бюджэт. Мы атрымаем даволі вялікае фінансаваньне. Аднак для ЭЗ у цэлым – гэта не найлепшы бюджэт. Гэта не бюджэт на часы крызысу, калі патрэбныя інвэстыцыі, разьвіцьцё ды стварэньне новых месцаў працы.

Экспэрт Варшаўскага ўнівэрсытэту Гжэгаж Жэзьнік зазначае, што эўрапейскія палітыкі моцна спазьніліся з прыняцьцем бюджэту. Рынкі ды замежныя партнэры даўно чакаюць пазытыўную інфармацыю з Брусэлю.

Гжэгаж Жэзьнік: Кожная краіна ЭЗ рыхтуе свае праграмы на 2014-20 гады. На гэта чакаюць прадпрымальнікі, органы мясцовага самакіраваньня, чакаюць няўрадавыя арганізацыі ды нашы партнэры з-за межаў ЭЗ. Гэты 7-гадовы бюджэт павінен сфінансаваць выхад ЭЗ з крызысу. Як фінансавага, так і сыстэмнага, у якім мы апынуліся. Таму што брак сродкаў у зоне эўравалюты паказаў слабасьць эўрапейскіх органаў. Спазьненьні ў рашэньнях Эўракамісіі, бясконцыя саміты – гэта ўсё пазбаўляе нас даверу зьнешніх партнэраў.

Пасьля кампрамісу на ўзроўні лідараў краін ЭЗ, бюджэт мусіць прайсьці праз Эўрапарлямэнт. Некаторыя дэпутаты ўжо заяўляюць, што яны не падтрымаюць „гнілы кампраміс”. Такім парадкам, справа бюджэту ЭЗ на 2014-20 гг. далёка ня скончаная.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт